Чым знакамітая Кямелішкаўская школа

11:26 / 25.05.2018
1

Бюст Леніна, які быў устаноўлены ў гонар адкрыцця будынка новай школы; самаробная пушка – падарунак народнага ўмельца Эдуарда Зянонавіча Лукшы; дагледжаны ўчастак, стадыён… Шматлікія перамогі ў спартыўных конкурсах, ганаровыя выпускнікі, таленавітыя школьнікі і актыўныя педагогі… Усё гэта “адмецінкі” Кямелішкаўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы.

IMG_4803.jpg

Старонкі гісторыі

Гісторыя адукацыі ў Кямелішках вядзе свой адлік з народнага вучылішча, заснаванага ў 1868 годзе, якое размяшчалася ў доме валаснога праўлення.

У 30-я гады ў вёсцы адкрылася сямігодка, навучанне ў якой вялося на польскай мове. Вучні займаліся адразу ў некалькіх будынках. У 1953 годзе школа стала сярэдняй.

Цяперашні будынак школы быў узведзены ў 1981 годзе. У 2007 годзе ў рамках будаўніцтва аграгарадка ў Кямелішках у школе прайшоў капітальны рамонт: сцены і дах уцяплілі, замянілі вокны – стала больш цёпла і ўтульна.

Сёння Кямелішкаўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа – гэта 74 школьнікі, 27 выхаванцаў дзіцячага садка, 20 настаўнікаў, з якіх 7 мужчын, і 23 чалавекі абслугоўваючага персанала.

З 2011 года школу ўзначальвае Аляксандр Леанідавіч Іванцэвіч – настаўнік гісторыі, які скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і аспірантуру пры ім. Са школай звязаны з 2001 года і не ўяўляе свайго жыцця без яе.

IMG_4796 .jpg

Дырэктар школы Аляксандр Леанідавіч Іванцэвіч і яго намеснік Ігар Іванавіч Шафранскі

Спорт – гэта сіла

Кямелішкаўскія школьнікі заўсёды сябравалі са спортам. У 2012 годзе каля школы пачалі будаваць новы стадыён.

–   Усё рабілі гаспадарчым спосабам, – расказвае дырэктар школы. – Працавалі ўсе: дзеці, настаўнікі, тэхперсанал. Дапамагалі РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі” і аддзел адукацыі.

Сёння на стадыёне, дзе размешчаны валейбольная і стрытбольная пляцоўкі, футбольнае поле, сектар для кідання спартыўных снарадаў, яма для скачкоў, гімнастычная пляцоўка, з задавальненнем займаюцца не толькі школьнікі, але і настаўнікі, мясцовыя жыхары і пагранічнікі, з якімі ў школы – цеснае сяброўства.

Тры гады запар кямелішкаўцы становяцца пераможцамі штогадовай спартакіяды школьнікаў, хоць і да гэтага неаднойчы траплялі ў тройку прызёраў.

– Фізкультурныя традыцыі ў школе закладзены даўно, яшчэ былым настаўнікам Уладзімірам Амаравічам Якубоўскім, – расказвае Аляксандр Леанідавіч. – А два з паловай гады таму я запрасіў у школу былога вучня, выпускніка Гродзенскага педагагічнага каледжа Аляксандра Пятровіча Мажуту.

IMG_4739 .jpg

Настаўнік фізічнай культуры Аляксандр Пятровіч Мажута

– Спортам займаўся з дзяцінства – менавіта таму і выбраў прафесію настаўніка фізічнай культуры. Але спачатку ўладкаваўся на працу на пляцоўку будаўніцтва Беларускай АЭС. Ды Аляксандр Леанідавіч “правёў работу” з маімі бацькамі, сябрамі, са мной – і ў выніку я апынуўся ў школе, – з усмешкай расказвае настаўнік фізічнай культуры Аляксандр Пятровіч Мажута. – Не пашкадаваў: з дзецьмі заўсёды цікава.

Захавальніца спадчыны

Школьнымі музеямі сёння нікога не здзівіш. Кямелішкаўскі ж адметны тым, што ідэя яго стварэння ўзнікла амаль дваццаць гадоў назад. Тады настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Галіна Мікалаеўна Салавей і Данута Сцяфанаўна Марцінкевіч пачалі збіраць прадметы даўніны. Ім на дапамогу прыйшлі жыхары вёскі, вучні і педагогі школы.

Першых наведвальнікаў тады яшчэ этнаграфічны куток прыняў у лютым 2001 года.

“З гісторыі школы”, “Нам засталася спадчына”, “Вялікая Айчынная вайна ў лёсах маіх землякоў”, “Маўклівыя сведкі гісторыі”, “Архітэктурная спадчына”, “Інтэр’ер жылога памяшкання сярэдзіны 20 стагоддзя”, “Знакамітыя землякі” – з такімі экспазіцыямі можна пазнаёміцца ў этнаграфічным музеі школы, якім сёння загадвае Данута Сцяфанаўна Марцінкевіч.

IMG_4761.jpg

Шматдзетная мама, настаўніца беларускай мовы і літаратуры з амаль што 30-гадовым стажам, былы намеснік дырэктара, класны кіраўнік – яна паспявае ўсё, таму што любіць тое, што робіць.

– Асаблівасць нашага музея ў тым, што ўсе рэчы можна ўзяць у рукі, каб адчуць подых далёкіх часоў, – расказвае Данута Сцяфанаўна. – Мы вельмі рады, што змаглі сабраць столькі старых экспанатаў – цяпер знайсці штосьці каштоўнае цяжка.

І сёння ў школе захоўваецца стары школьны званок. Ніхто не памятае, адкуль ён узяўся, аднак на лінейках, прысвечаных першаму і апошняму школьнаму званку, падае голас менавіта ён, колішні галасісты вястун урокаў і перапынкаў.

IMG_4785.jpg

Шмат рэчаў школьнікі і настаўнікі адшукалі падчас рамонту касцёла – малітоўнік 1862 года, пасведчаннні аб хрышчэнні, кнігі аб веравызнанні і многія іншыя – некаторыя захоўваюцца ў школьным музеі.

Настаўнікі і школьнікі і сёння праводзяць вялікую пошукавую работу па гісторыі школы ў Кямелішках і па ваеннай тэматыцы.

Маладыя і ініцыятыўныя

Амаль тры гады назад у Кямелішкі прыехаў малады настаўнік інфарматыкі і фізікі Васіль Ігаравіч Станкевіч. Гродзенец, выпускнік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, ён нечакана для многіх вырашыў змяніць гарадское жыццё на вясковае.

IMG_4773.jpg

Настаўнік інфарматыкі і фізікі Васіль Ігаравіч Станкевіч

– На размеркаванні былі розныя варыянты. Сярод іх і Астравецкі раён. Тады падумаў: горад з перспектывай, чаму б і не паехаць? – успамінае Васіль Ігаравіч. – А вось з жыллём выйшла праблема – яго прапанавалі толькі ў Кямелішках.

За час працы Васіль Ігаравіч стаў тут “сваім”. Яго палюбілі дзеці, ён актыўна займаецца спортам – гуляе ў валейбол, баскетбол, настольны тэніс, прайшоў курсы ў філіяле дзіцячай школы мастацтваў і “асвоіў” фартэпіяна.

Адпрацаваць толькі два гады ў школе збіраўся сённяшні намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ігар Іванавіч Шафранскі. З таго часу прайшло дзевяць гадоў. Штогод надыходзіць 1 верасня – і Ігар Іванавіч разумее, што зноў не зможа пакінуць сваіх вучняў...

Неаднойчы настаўніку геаграфіі і беларускай мовы і літаратуры прапаноўвалі ўзначаліць школу, ды ён адмаўляўся. А ў мінулым годзе ўсё ж пагадзіўся заняць пасаду намесніка дырэктара.

– Школа – гэта пастаяннае развіццё, рух наперад. Інакш нельга: настаўнік павінен разумець дзяцей – а гэта значыць, быць з імі на адной хвалі. За гады працы я не раз упэўніўся ў тым, што прафесія настаўніка – адна з самых неабходных.

IMG_4757.jpg

Дзе нарадзіліся – там і згадзіліся

Гонар школы – яе выпускнікі. Іх шмат. Многія, дарэчы, сталі настаўнікамі – і сёння працуюць у роднай школе.

З кагорты такіх – настаўнікі рускай мовы і літаратуры Яніна Яраславаўна Ядзінская, хіміі і біялогіі Ганна Генрыхаўна Аскерка, фізічнай культуры Аляксандр Пятровіч Мажута, працоўнага навучання Сяргей Віктаравіч Садоўскі, выхавальніцы дзіцячага садка Данута Казіміраўна Ядзінская, Валянціна Казіміраўна Журэйка і Аксана Аляксандраўна Янкойць.

А колькі выпускнікоў праслаўляюць школу на іншых працоўных месцах! Намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідоранка, першы сакратар райкама БРСМ Віялета Юр’еўна Алексеявец, дырэктар ФСК Валяр’ян Валяр’янавіч Валадзько, урачы Іна Рамуальдаўна Юркойць і Сяргей Станіслававіч Івашка, пераможца міжнароднай алімпіяды па фізіцы 2014 года Стасіс Чучурка, ляснічы Кямелішкаўскага лясніцтва Мікалай Іванавіч Салавей, старшы інжынер Смаргонскага РАНС Вадзім Іванавіч Салавей, і многія іншыя.

Сярод тых, хто вучыўся ў роднай школе і затым вярнуўся ў яе працаваць, Яніна Яраславаўна Ядзінская, якая з дзяцінства хацела быць настаўніцай рускай мовы і літаратуры – і ажыццявіла сваю мару.

IMG_4789.jpg

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Яніна Яраславаўна Ядзінская

– Сакрэт майго настаўніцкага шчасця крыецца ў тым, што я люблю дзяцей і сваю работу, – гаворыць Яніна Яраславаўна.

Дарэчы, у адным класе з Янінай Яраславаўнай вучылася і сённяшні намеснік міністра адукацыі Раіса Станіславаўна Сідоранка – тады проста Раіса Алёхна.

– Рая вучылася ў нашай школе з 1 па 6 клас – аб гэтым сведчаць запісы ў кнізе загадаў. У першы клас яна была залічана ў 1969 годзе, – расказвае дырэктар школы. – Ёсць таксама запіс аб тым, што ў 1975 годзе Раіса Алёхна была ўзнагароджана значком “Юны турыст”.

– Наш клас быў вялікі, – працягвае Яніна Яраславаўна Ядзінская. – Раіса выдзялялася сваёй эрудыцыяй: яна была старанная, заўсёды падрыхтаваная да ўрокаў, прыгожа гаварыла.

– Каля Раіса з сям’ёй пераязджала ў Вілейку, мы праводзілі яе ўсім класам, – успамінае Яніна Яраславаўна. – На жаль, з таго часу так ні разу і не сустрэліся – бачыць яе даводзілася толькі па тэлевізару. А сёння мы ганарымся, што ў нас была такая аднакласніца, а ў школе – вучаніца.

Звычайная вясковая школка, якіх многа ў нашым раёне. Толькі для тых, хто тут працуе і вучыцца, яна – самая дарагая і самая лепшая!

IMG_4716.jpg

IMG_4720.jpg

IMG_4765.jpg

IMG_4780.jpg


 

 

Текст:
Фото: Елена Ярошевич