Прайшоў фестываль паэтычнага мастацтва памяці Сваяка
На фестывалі паэтычнага мастацтва “Сваякоўскія сустрэчы” ў мінулую нядзелю Падольцы віталі прыхільнікаў творчасці нашага славутага земляка, паэта і святара Казіміра Сваяка.
У фае мясцовага Дома культуры гасцей сустракалі прадметы і дакументы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Канстанціна Стэповіча - гэтыя артэфакты захоўваюцца ў музеі Падольскай школы.
Адкрыў фестываль старшыня Рытанскага сельскага Савета Рыгор Цэйка, выказаўшы спадзяванне, што гэты фестываль з часам стане візітнай карткай аграгарадка і штогод будзе набіраць усё большы размах.
Падчас літаратурнай імпрэзы гучалі творы паэта і прысвяченні яму. Пранікнёнае, душэўнае прачытанне вершаў “Шчасце” і “Льюцца песні” падаравалі слухачам Арцём Шэша і Вікторыя Шылько. Свой верш прачытала настаўніца Людміла Валодзька, а Ларыса Нарэйка прадэкламавала верш Станіслава Валодзькі “Памяці Казіміра Сваяка”. Расчуліў да глыбіні душы ўдзельнікаў свята ўрывак з п’есы К.Сваяка “Янка Канцавы” у выкананні Міраславы Якіменкі і Ганны Трубіцкай, а прыхільніца творчасці паэта Святлана Буланава з Кямелішак перадала ў экспазіцыю “Дом Казіміра Сваяка” шмат беларускіх дыктовак, якія былі напісаны па творах земляка.
Якое ж свята без песні?! З музычнымі падарункамі, якія ўдала аздобілі імпрэзу і стварылі святочны настрой, прыехалі ў Падольцы Вольга Валадзько, Алена Якубцэвіч, Кацярына Кулевіч, Ксенія Кузьміцкая, Аляксандр Юргелянец і Алег Уласік.
Будзем спадзявацца, што надзея старшыні сельсавета Рыгора Цэйкі спраўдзіцца – і “Сваякоўскія сустрэчы” ў Падольцах стануць своеасаблівай паэтычнай адмецінкай Астравеччыны.
Фота Вольгі ВАЛАДЗЬКО.