Эффективность работы молочно-товарных комплексов проанализировали на заседании Островецкого исполкома

16:07 / 22.05.2018

Эфектыўнасць работы пабудаваных малочна-таварных комплексаў у 2017 годзе і першым квартале бягучага года была разгледжана на пасяджэнні райвыканкама.

IMG_5046.jpg

– Прэзідэнт краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка паставіў перад працаўнікамі сельскагаспадарчай галіны канкрэтную задачу: атрымліваць на пабудаваных малочна-таварных комплексах не менш як 7 тысяч кілаграмаў малака ў год, – сказаў, пачынаючы няпростую размову пра стан спраў у вытворчасці малака, большую частку якога атрымліваюць на комплексах, старшыня райвыканкама Ігар Яраслававіч Шалудзін. – І гэта рэальна: на многіх комплексах краіны дояць і па 10, і па 11 тысяч кілаграмаў. Мы ж, на жаль, не можам пахваліцца такімі паказчыкамі, ледзь дацягваем да 6 тысяч, ды і то далёка не ўсюды. Асноўная задача, якая стаіць сёння перад малочнай жывёлагадоўляй: стабілізаваць вытворчасць малака, асабліва на малочна-таварных комплексах, і на гэтай аснове павялічыць валавую вытворчасць прадукцыі.

Інфармацыю аб рабоце малочна-таварных комплексаў прадставіла першы намеснік начальніка – начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Вольга Віктараўна Умрыхіна. Яна падкрэсліла, што з уводам у эксплуатацыю чатырох новых малочна-таварных комплексаў і рэканструкцыі шасці малочна-таварных ферм пагалоўе кароў павялічылася на 2045 галоў у параўнанні з 1 студзеня 2010 года, шчыльнасць іх на сто гектараў склала 19,4 галавы – у 2009 годзе было 13.7 галавы. За мінуўшыя сем гадоў ліквідавана 13 старых і маральна састарэўшых ферм, на 55 чалавек скарочана колькасць даярак, пры гэтым амаль у два разы павялічылася нагрузка на іх: зараз яна складае ў сярэднім 61,2 галавы. Высокая ступень механізаванасці вытворчых працэсаў на сучасных малочна-таварных фермах дазваляе зменшыць затраты працы на адзінку прадукцыі. Палепшылася якасць рэалізуемага малака, а значыць, і даходы ад яго. Да прыкладу, на МТК “Германішкі” 93,5 працэнта малака ў мінулым годзе былі рэалізаваны сортам “экстра”, на МТК “Малі” – 86,8%, “Падольцы” – 77,1%, “Рымдзюны” – 64,8%. Усе дзесяць малочна-таварных комплексаў раёна працуюць рэнтабельна.

Але гэтыя станоўчыя моманты работы малочна-таварных комплексаў не пераважваюць існуючых недахопаў у іх рабоце. Вольга Віктараўна адзначыла, што на чатырох новапабудаваных малочна-таварных комплексах – “Рытань” саўгаса “Падольскі”, “Маркуны” КСУП “Міхалішкі”, “Дайлідкі” КСУП “Гервяты” “Беразоўка” КСУП “Варняны” – надой малака ад каровы не толькі не дасягае да пастаўленай задачы ў 7 тысяч кілаграмаў, але і на 230 кілаграмаў меншы за сярэднераённы паказчык: па выніках за 2017 год ён склаў 5538 кілаграмаў малака, і гэта менш, чым было ў папярэднім годзе, на 16 кілаграмаў. Надоі малака на комплексах працягваюць зніжацца і ў гэтым годзе: за першы квартал мінус склаў 75 кілаграмаў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. З чатырох пабудаваных комплексаў толькі на МТК “Дайлідкі” ў мінулым годзе і ў першым квартале гэтага павялічылася вытворчасць малака, на ўсіх астатніх адбылося зніжэнне: на МТК ”Беразоўка” ў мінулым годзе сярэдні надой ад каровы ў параўнанні з папярэднім годам зменшыўся на 300 кілаграмаў, на МТК “Маркуны” – на 339, на МТК “Рытань” – на 8 кілаграмаў.

Не вытрымлівае ніякай крытыкі і якасць малака. Так, за першы квартал гэтага года з малочна-таварных комплексаў “Маркуны” і “Беразоўка” не рэалізавана ніводнай тоны малака сортам “экстра”, у “Маркунах” не было такога і летась. Больш таго: амаль усё малако, пастаўленае на перапрацоўчыя прадпрыемствы, адпавядае толькі першаму сорту. Адпаведна, і цана за такое малако невысокая. Калі ў першым квартале года сярэдняя цана рэалізацыі тоны малака ў заліковай вазе у сярэднім па раёне склала 610 рублёў за тону, на МТК “Малі” – 750 рублёў, “Германішкі” – 737 рублёў, то на МТК “Маркуны” – 545, “Беразоўка” – 546 рублёў. Што называецца, адчуйце розніцу…

Асноўнай прычынай такога бязрадаснага становішча Вольга Віктараўна Умрыхіна назвала недахоп кармоў, як травяністых, так і канцэнтраваных: з сярэдзіны зімоўкі многія гаспадаркі працуюць на прывазных кармах, а “з колаў” жывёлу не накорміш.

Але старшыня райвыканкама не пагадзіўся з такімі высновамі:

– Усё ж галоўная наша праблема – не ў кармах. Надвор’е летась ва ўсіх стаяла аднолькавае, толькі чамусьці ў КСУП “Гудагай” і кармы нарыхтавалі, і паказчыкі ў іх адпаведныя. Не кармоў у нас не хапае, а кадраў. Вось тут – сапраўдны правал! Спецыялістаў няма, а калі яны з’яўляюцца, то кіраўнікі ствараюць усе ўмовы, каб яны як мага хутчэй пакінулі гаспадарку.

Да і сёння, калі ўжо сама прырода працуе на карысць жывёлаводаў, многія гэты дарунак не выкарыстоўваюць: у гаспадарках забыліся, што такое франтальная пасьба, сустрэчнае падкошванне, эфектыўнае страўліванне травастою. Зялёнай падкормкі – і той жывёла не мае ўдосталь у самы спрыяльны для гэтага час!

– Малочна-таварныя комплексы павінны стаць фабрыкамі па вытворчасці высакаякаснага малака, – сказаў Ігар Яраслававіч Шалудзін. – І справа нават не ў тым, што такую задачу паставілі перад працаўнікамі сельскай гаспадаркі кіраўнік дзяржавы і аблвыканкам – гэтую задачу ставіць перад намі само жыццё: малако – гэта хуткія грошы, якія дазваляюць вырашаць многія праблемы. Мы ж сваімі дзеяннямі ці, хутчэй, бяздзеяннем зводзім усе намаганні на нішто.

Рашэнне, прынятае райвыканкамам па гэтым пытанні, прадугледжвае не толькі пакаранне вінаватых, але і шэраг арганізацыйных мер па выпраўленні становішча.


Текст: Нина Рыбик
Фото: Алена Гануліч