В Островце прошло региональное собрание депутатов

13:00 / 26.09.2015
депутатыДэпутаты рознага ўзроўню, старасты сельскіх населеных пунктаў, члены раённага выканаўчага камітэта, прадстаўнікі райвыканкама, арганізацый і прадпрыемстваў, сродкаў масавай інфармацыі і запрошаныя госці сабраліся 22 верасня ў Астраўцы – тут прайшоў рэгіянальны сход дэпутатаў Астравецкага раённага і сельскіх Саветаў дэпутатаў 27-га склікання.

Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць – гаворыць народная мудрасць. Менавіта ёй і скарысталіся арганізатары мерапрыемства і ў першай палове дня прапанавалі дэпутатам рознага ўзроўню і старастам сельскіх населеных пунктаў наведаць пляцоўку будаўніцтва Беларускай АЭС. Падчас руху аўтобуса цікавую экскурсію па аб’ектах вытворчай базы АЭС правялі намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, і начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязей Беларускай АЭС Эдуард Іванавіч Свірыд і спецыяліст гэтага ж аддзела Сяргей Лявонцьевіч Сяўко. Вядома, што не абыйшлося без пытанняў: народных выбаршчыкаў цікавілі многія факты вялікай будоўлі, якія ў бліжэйшы час яны данясуць насельніцтву.
Пазнаёмілі дэпутатаў і з новымі мікрараёнамі горада – першым, работы ў якім ужо амаль закончаны, і другім, які таксама будуецца хуткімі тэмпамі.
– Сённяшні рэгіянальны сход мы пабудавалі такім чынам, што ў першай яго частцы правезлі нашых дэпутатаў і старастаў сельскіх Саветаў па спланаваным маршруце, каб яны паглядзелі, як развіваецца наш горад і раён, і ўбачылі, што было зроблена за гэтую пяцігодку, – расказала старшыня Астравецкага раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук. – Пасля наведвання атамнай электрастанцыі мы ўбачылі вялікія перспектывы, якія перад намі адкрываюцца. Мы вельмі рады, што ў нас самы малады горад, які расце і развіваецца. І перспектывы ў нас вялікія.
депутаты1Асноўная частка мерапрыемства прайшла ў кінаканцэртнай зале “Астравец”. Тут удзельнікаў рэгіянальнага сходу сустракаў народны ансамбль народных інструментаў “Скарбніца”. Побач разгарнуліся выставы кніг і фотаздымкаў, прысвечаныя 75-годдзю Астравецкага раёна, якія выклікалі вялікую цікавасць у насельніцтва.
На сходзе, які праходзіў пад старшынствам Ірыны Эдуардаўны Тальчук, прысутнічалі старшыня Астравецкага райвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Адам Дзмітрыевіч Кавалька, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, старшыня пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Валерый Уладзіміравіч Кокаш, дэпутаты Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Барыс Іванавіч Багданец і Павел Якаўлевіч Сухарукаў.
Асноўным дакладчыкам, які прааналізаваў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 2011-2015 гады і паставіў задачы на наступную пяцігодку, стаў старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька.
– Вельмі важна ўсім нам у гэты адказны перыяд, калі краіна рыхтуецца да важнейшай палітычнай падзеі – выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, азірнуцца на мінуўшыя пяць гадоў і ацаніць, што ўдалося, а што не атрымалася зрабіць, – сказаў старшыня Астравецкага райвыканкама. – Галоўнай мэтай сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на гэты перыяд з’яўляўся рост дабрабыту насельніцтва на аснове ўдасканальвання сацыяльна-эканамічных адносін, інавацыйнага развіцця і павышэння канкурэнтна-здольнай эканомікі. І трэба адзначыць, што гэтыя задачы ў сваёй большасці выкананы.
депутаты2Пра тое, што Астравецкі раён развіваецца, гаварылі і судакладчыкі. Так, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, дырэктар Астравецкага лясгаса Рыгор Мечыслававіч Долгі адзначыў, што развіццю лясной гаспадаркі ў краіне сёння надаецца вялікая ўвага. За пяць гадоў у лесагаспадарчай галіне прайшлі значныя змены, якія можна ўбачыць і на прыкладзе Астравецкага лясгаса. Увядзенне ў эксплуатацыю новага гадавальніка, стабільнае развіццё паляўнічай гаспадаркі, правядзенне мадэрнізацыі лесаперапрацоўчага цэха, будаўніцтва жылля для работнікаў лясгаса – усё гэта садзейнічае развіццю прадпрыемства і дае надзею на далейшае.
Пра станоўчую дынаміку ў развіцці раёна гаварыла і дырэктар гімназіі №1 Алена Чаславаўна Севасцьян. Сёння наш раён лічыцца адным з перспектыўных у краіне – і гэта прыцягвае сюды людзей. За апошнія гады ў раёне створана 2 361 рабочае месца, а ўзровень беспрацоўя склаў на 1 ліпеня бягучага года толькі 0,4 працэнты. Сёлета былі ўведзены ў эксплуатацыю новыя школа і дзіцячы сад, у якіх створана цудоўная матэрыяльна-тэхнічная база, што ў сукупнасці з высокакваліфікаванымі кадрамі дазваляе школьнікам атрымліваць перамогі ў конкурсах і алімпіядах.
– Асноўны прыярытэт дэпутацкай работы – гэта паляпшэнне якасці жыцця людзей у вёсцы і горадзе, – лічыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Уладзіміравіч Кокаш. – І мне прыемна, што ў Астраўцы выканаўчая ўлада і Савет дэпутатаў працуюць разам і якасна. Тут многае зроблена па добраўпарадкаванні вёсак і навядзенню парадка на зямлі.
Дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Барыс Іванавіч Багданец у сваім выступленні выказаў словы падзякі ўсім дэпутатам і старастам, якія працуюць на грамадскіх пачатках.
А член аблвыканкама, галоўны рэдактар “Гродзенскай праўды” Павел Якаўлевіч Сухарукаў прыгадаў Астравец узору 1991 года – тады ён, будучы студэнтам І курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, працаваў у адным з астравецкіх калгасаў на бульбе.
– Вялікае бачыцца на адлегласці, – падкрэсліў Павел Якаўлевіч. – І сёння ўсе вы сведкі таго, як змяніўся Астравец і раён у цэлым. І змены гэтыя, канешне, у лепшы бок.
Усе запрошаныя госці сходу адзначылі станоўчую работу дэпутатаў усіх узроўняў і старастаў вёсак.
Закончылася мерапрыемства прыняццем рэзалюцыі, якую агучыла Ірына Эдуардаўна Тальчук, і ўзнагароджваннем самых актыўных дэпутатаў і старастаў.

РЭЗАЛЮЦЫЯ раённага сходу прадстаўнікоў мясцовага кіравання і самакіравання


Мы, удзельнікі раённага сходу, якія прадстаўляюць мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчую вертыкаль улады, кіраўніцкі склад суб’ектаў гаспадарання і ўстаноў сацыяльна-культурнай сферы, органы тэрытарыяльнага самакіравання і іншыя грамадскія фарміраванні Астравецкага раёна, поўнасцю падтрымліваем унутраную і знешнюю палітыку нашай дзяржавы, асноўныя накірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь і нашага Астравецкага раёна, адзінадушна падтрымліваем створаную пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускую мадэль развіцця, якая даказала сваю жыццяздольнасць у сучасных няпростых умовах.
Мы цвёрда ўпэўнены ў тым, што на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь нашы людзі, надзеленыя прыроднай мудрасцю і разважлівасцю, у чарговы раз пацвердзяць прыхільнасць выбранага курсу, які гарантуе мір і стабільнасць у грамадстве, спакой, аптымізм і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
Сваю галоўную задачу мы бачым у тым, каб прадоўжыць рух наперад, замацаваць і прымножыць дасягненні ў вытворчай, сацыяльна-культурнай сферах, забяспечыць павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва.
У сувязі з гэтым лічым неабходным і далей мэтанакіравана, сістэмна і паслядоўна працаваць па актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці; укараненні ў вытворчасць інавацыйных тэхналогій; развіццю малога і сярэдняга бізнесу; зніжэнні сабекошту выпускаемай прадукцыі і павышэнні яе канкурэнтаздольнасці; эканомнаму і беражліваму выкарыстанню сыравінных, паліўна-энергетычных і іншых рэсурсаў; далейшаму ўдасканальванню сістэмы адукацыі, спорту і турызму, аховы здароўя і культуры, аздараўленню дэмаграфічнай сітуацыі; аказанні сацыяльнай падтрымкі, садзейнічанні грамадзянам у задавальненні іх патрэб, запытаў і інтарэсаў; навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў; умацаванні законнасці і правапарадку, працоўнай, вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны, прапагандзе і фарміраванні здаровага ладу жыцця.
У вырашэнні пастаўленых задач мы гатовы да пошуку новых, нестандартных рашэнняў і разлічваем на актыўную жыццёвую пазіцыю ўсіх і кожнага.
Мы разумеем, што толькі цеснае адзінства, добра арганізаваная, калектыўная работа могуць быць гарантам высокіх канчатковых вынікаў, галоўная мэта якіх – дабрабыт нашых людзей.
Удзельнікі раённага сходу прадстаўнікоў мясцовага кіравання і самакіравання.

Падзячнымі пісьмамі старшыні Астравецкага раённага Савета дэпутатаў былі ўзнагароджаны дэпутаты па Варнянскай выбарчай акрузе №5 – ляснічы Варнянскага лясніцтва Анатоль Андрэевіч Карнэлік; па Гірскай акрузе №10 – загадчык Рымдзюнскай СШ з літоўскай мовай навучання Уладзімір Уладзіміравіч Лукша; па Палушскай выбарчай акрузе №1 – інжынер-электрык УКБ Астравецкага раёна Віктар Станіслававіч Карповіч; па Завідзіненцкай выбарчай акрузе №2 – ляснічы Міхалішкаўскага лясніцтва Яўген Сяргеевіч Волкаў; па Зарэчскай выбарчай акрузе №4 – ляснічы Кямелішкаўскага лясніцтва Мікалай Іванавіч Салавей, а таксама старасты вёскі Трокенікі-1 – бібліятэкар Трокеніцкай бібліятэкі-клуба Ганна Лянгінаўна Садоўская, аграгарадка Дайлідкі Леакадзія Міхайлаўна Івашкевіч, аграгарадка Малі, выхавальніца Мальскага НПК Вера Эдуардаўна Казюлевіч, аграгарадка Міхалішкі, санітарка Міхалішкаўскай участковай бальніцы Луцыя Мечыславаўна Субаткевіч і аграгарадка Рытань, загадчык аддзела культуры і вольнага часу Аляксандр Мечыслававіч Юргелянец.
депутаты3Прыемным сюрпрызам для ўсіх, хто сабраўся ў зале, стаў цудоўны канцэрт “Квітней, мая Беларусь”, арганізатарам якога выступіў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама.

---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.