Белорусские парламентарии познакомились с Островцом

08:00 / 05.09.2015
визит МясниковичаУ панядзелак Астравец наведалі члены Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на чале з яго старшынёй Міхаілам Уладзіміравічам Мясніковічам.

З раніцы Міхаіла Уладзіміравіча разам з намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктарам Андрэевічам Лісковічам, старшынёй Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігарам Георгіевічам Жуком і старшынёй Астравецкага райвыканкама Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам сустракалі ў гімназіі №1, дзе яны прынялі ўдзел у свяце першага званка.
Урачыстая абстаноўка, прыгожыя хлопчыкі і дзяўчынкі, настаўнікі і бацькі, якія не хавалі свайго хвалявання... Не абыйшлося без віншаванняў і падарункаў. Ад імя Савета Рэспублікі Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч падарыў гімназістам мульціборд. Сучасны камп'ютар ад Гродзенскага аблвыканкама перадаў дырэктару гімназіі №1 Алене Чаславаўне Севасцьян намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Андрэевіч Лісковіч. А старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька ўручыў сертыфікат на дакумент-камеру.
У гэты ж дзень у Астраўцы быў пакладзены старт «Марафону ведаў гісторыі вайны» – як сімвал жыцця ў мірнай краіне і шчаслівага дзяцінства ў неба Астраўца ўзляцелі сотні паветраных шарыкаў.
А пасля ўрачыстай лінейкі дырэктар гімназіі №1 Алена Чаславаўна Севасцьян запрасіла пазнаёміцца з навучальнай установай. З задавальненнем госці ўрачыстасці заходзілі ў прасторныя, светлыя класы, спартыўную, трэнажорную і актавую залы.
Зайшоў Міхаіл Уладзіміравіч і ў вучэбныя кабінеты, дзе пасля першага званка праходзілі ўрокі «На цябе, наша моладзь, надзея!» – цудоўным падарункам першакласнікам сталі кнігі ад Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі «Беларусь – наша Радзіма», якія маленькім астраўчанам уручылі шаноўныя госці.
– Нас асабліва радуе, што ўзрасла колькасць першакласнікаў – у цэлым па краіне сёлета ўпершыню за парты селі 106, 5 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак – гэта на 1 600 больш, чым у мінулым годзе, – адзначыў Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч. – Гэта мы ўбачылі і ў новай гімназіі: у мінулым годзе тут былі два класы, а сёлета – ужо тры.
– Мне спадабалася ваша гімназія, – дадаў Міхаіл Уладзіміравіч. – І спадабаліся не толькі светлыя новыя класы, а яшчэ больш – энтузіязм і крэатыўнасць дырэктара і выкладчыкаў, якія настроены на тое, каб дзеці выраслі дастойнымі грамадзянамі нашай краіны. Тут створаны добрыя ўмовы для заняткаў фізкультурай і спортам, наладжана добрае харчаванне. Увогуле адукацыя – дастаткова кансерватыўная галіна. Але жыццё ставіць перад ёй усё новыя патрабаванні, і школа павінна на іх адгукацца. Сёння ў першы клас ідуць дастаткова падрыхтаваныя дзеці, якія ўмеюць чытаць і лічыць. Дзяржава імкнецца, каб школа адказвала выклікам сучаснасці. Гэта асноўная задача, і яна паспяхова вырашаецца ў нашай краіне.
Шмат пытанняў задалі члены Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, якія ў той дзень завіталі ў Астравец, у інфармацыйным цэнтры Беларускай АЭС, дзе ім падрабязна расказалі пра першую Беларускую АЭС, якая ўзводзіцца ў нашым раёне.
Добрыя ўражанні пакінула наведванне піянернай базы па будаўніцтву вытворчай базы АЭС і горада Астравец, жылыя забудовы першага і другога мікрараёнаў.
У гэты ж дзень у Астраўцы прайшло пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі, падчас якога абмяркоўвалася работа органаў мясцовага кіравання і самакіравання па сацыяльна-эканамічным развіцці Астравецкага раёна.
– На пасяджэнні мы разгледзім пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну, – расказаў журналістам Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч. – Астравецкі раён развіваецца хуткімі тэмпамі. Гэта звязана з будаўніцтвам тут Беларускай атамнай электрастанцыі. Сюды прыязджае шмат будаўнікоў, і трэба думаць не толькі пра будаўнікоў і будучых атамшчыкаў, але і пра членаў іх сямей, не звязаных працоўнымі адносінамі з Беларускай АЭС. Павінны вырашацца пытанні стварэння новых працоўных месцаў, арганізацыі быта і вольнага часу як для тых, хто заняты на будаўніцтве АЭС, так і для іх сем’яў. На сённяшнім пасяджэнні Прэзідыум Савета Рэспублікі разгледзіць, наколькі паспяхова вырашаюцца гэтыя пытанні.
– Калі пачыналі будаўніцтва АЭС, былі розныя меркаванні. Адно з іх датычылася таго, што горад атамшчыкаў трэба будаваць асобна ад існуючага райцэнтра. Але Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне аб пашырэнні Астраўца, каб зрабіць на яго базе сучасны горад, у якім будзе камфортна і тым, хто прыедзе будаваць АЭС і затым працаваць на ёй, і тым, хто жыве тут зараз, – сказаў Міхаіл Уладзіміравіч Мясніковіч.

----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКІ.