На Островетчине чествовали молодых специалистов

08:00 / 24.01.2015
7
Традыцыйнае раённае мерапрыемства па ўшанаванні маладых спецыялістаў, якія прыехалі на працу ў раён у мінулым годзе, прайшло ў Астраўцы.

Падобныя мерапрыемствы праходзяць на Астравеччыне з 2005 года – і за гэты час сталі добрай традыцыяй.

Сёлета крыху змяніўся прывычны парадак правядзення раённага мерапрыемства. Акрамя экскурсій па прадпрыемствах і арганізацыях раёна і ўрачыстай часткі, вырашана было правесці конкурс “Творчасць без межаў”, галоўнымі героямі якога сталі таленавітыя і крэатыўныя спецыялісты – тыя з іх, хто ў мінулым годзе атрымаў сваё першае працоўнае месца на Астравеччыне.

З раніцы маладыя спецыялісты сабраліся ў кінаканцэртнай зале “Астравец”, а потым адправіліся знаёміцца з нашым раёнам. Мікрараёны №1 і №2, новая гімназія №1, цэнтральная раённая бальніца і раён электрычных сетак, касцёл святой Тройцы ў Гервятах, дзе адбыўся невялічкі канцэрт арганнай музыкі, малочна-таварны комплекс “Дайлідкі”, працэс работы якога поўнасцю аўтаматызаваны, і пляцоўка Беларускай АЭС – кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый падрабязна расказалі пра іх дзейнасць і перспектывы ў сувязі з ростам нашага горада і будаўніцтвам Беларускай атамнай станцыі. Словам, адбылося сапраўднае паўнамаштабнае знаёмства з раёнам.

Многія маладыя спецыялісты на мерапрыемства прыйшлі з фотаапаратамі – і ў літаральным сэнсе гэтага слова не выпускалі іх з рук. Паглядзець, падзівіцца сапраўды было чаму.

Час падарожжа па Астравеччыне прабег хутка, аднак рабяты паспелі не толькі пазнаёміцца з работай прадпрыемстваў і пачуць цікавыя факты з гісторыі Астравецкага раёна – у кожным аўтобусе аб гэтым распавядаў экскурсавод, – але і пазнаёміцца з маладымі спецыялістамі, якія працуюць у іншых арганізацыях.

Афіцыйная частка мерапрыемства прайшла ў кінаканцэртнай зале. Моладзь прымала віншаванні і атрымлівала наказы і парады ад старэйшых калег.

– У 2000 годзе, калі я прыехаў у Астравецкі раён, сюды прыбылі працаваць 30 маладых спецыялістаў. Нават на той час гэта было вельмі мала. Пяць гадоў сур’ёзнай работы былі накіраваны на тое, каб прывабіць у раён моладзь. І ў 2005 годзе да нас прыехала ўжо 132 чалавекі. Менавіта тады мы вырашылі праводзіць такія вось урачыстыя ўшанаванні маладых спецыялістаў – і з радасцю адзначаем, што з кожным годам колькасць маладых людзей, якія прыязджаюць на Астравеччыну, павялічваецца, – сказаў у прывітальным слове старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька. – За гэтыя гады з чыста сельскагаспадарчага наш раён пераўтвараецца ў высокаразвіты прамысловы і індустрыяльны. І вы становіцеся сведкамі гэтых змяненняў і іх непасрэднымі ўдзельнікамі.

Начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязей РУП “Беларуская АЭС” Эдуард Іванавіч Свірыд расказаў пра перспек тывы нашага раёна: будаўніцтва першага, другога мікрараёнаў і асноўнай часткі горада – і прадэманстраваў генеральны план забудовы новага Астраўца на мультымедыйным экране.

А потым спецыялістаў з розных сфер выклікалі на сцэну, дзе кожны пачуў цёплыя словы ад намеснікаў старшыні райвыканкама Руслана Мікалаевіча Сачко, Віктара Збігневіча Свілы, Паўла Віктаравіча Мілешкі, Віктара Мікалаевіча Аксютчыка і старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Эдуардаўны Тальчук.

Моладзь ва ўсе часы была першай ва ўсіх справах. Нездарма гэты год аб’яўлены Прэзідэнтам краіны Годам моладзі. Знамянальна і тое, што якраз напярэдадні сустрэчы з маладымі спецыялістамі, 15 студзеня, споўнілася 75 гадоў утварэння Астравецкага раёна: да гэтага юбілею, урачыстае святкаванне якога адбудзецца пазней, будуць прымеркаваны многія мерапрыемствы, і ўшанаванне маладых спецыялістаў – адно з першых у іх шэрагу.

Моладзь таксама сказала сваё слова на ўрачыстым мерапрыемстве: ад імя ўсіх маладых спецыялістаў выступіла Анастасія Валошык, якая працуе ў гімназіі №1. Яна выказала думку, што ўсім, хто трапіў на Астравеччыну, пашанцавала, бо сваю прафесійную дзейнасць яны пачынаюць у той момант, калі ў раёне вядзецца будаўніцтва Беларускай АЭС. Маладыя спецыялісты паабяцалі тварыць добрыя справы, зарэкамендаваць сябе сапраўднымі прафесіяналамі і пакінуць след у жыцці грамадства і раёна ў цэлым.

А потым пачаўся конкурс “Творчасць без межаў”. Безумоўна, прадэманстраваць свае ўменні спяваць, аратарскія і тэатральныя здольнасці складана. Тым больш калі да сцэны ты не маеш ніякага дачынення. І тым не менш на суд журы і гледачоў было прадстаўлена сем творчых нумароў.

Калектыў маладых спецыялістаў Варнянскага НПК прадставіў песню “Беларусь сильная”.

Таццяна Сяўко, маладая выкладчыца Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў, на цымбалах выканала “Канцэрт ля мінор” Вівальдзі.

Дзіяна Ляшчэўская, спецыяліст раённага Дома культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, прадставіла на суд журы і гледачоў песню “Реальная жизнь”.

Маладыя спецыялісты Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы “пражылі” на сцэне тэатральную мініяцюру “Шчаслівыя разам”, а ў дадатак парэкамендавалі ўсім рэцэпт шчасця, асноўным кампанентам якога з’яўляецца другі хлеб беларусаў – бульба.

Яўген Захарэвіч з раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях уразіў прысутных тэмбрам свайго голасу – выконваць песню “Маскоўская” яму дапамагала ўся зала.

Мініяцюру “Дзяўчаты на паляванні” – пра маладых спецыялістаў, якія пасля заканчэння навучальных устаноў па размеркаванні прыехалі на працу ў вёску – разыгралі спецыялісты СВК “Варняны”: усе пасмяяліся ад душы.

Анастасія Валошык з гімназіі №1 пры падтрымцы Паўла Букеля і танцавальнага калектыву гімназіі выканала песню “Маскарад”, – прызнаюся шчыра, менавіта выступленне Анастасіі ўразіла мяне найбольш. Гэтак жа вырашыла і судзейская камісія – па выніках галасавання Анастасія набрала 138 балаў і ў намінацыі “Выступленне з падтрымкай калектыву” заняла першае месца. Другое месца ў гэтай жа намінацыі падзялілі маладыя спецыялісты Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы і сельгаскааператыва “Варняны”, трэцяе – у дзяўчат з Варнянскага НПК.

У намінацыі “Індывідуальная творчасць” першае месца было прысуджана Дзіяне Ляшчэўскай, другое месца журы аддало Таццяне Сяўко, трэцяе – Яўгену Захарэвічу.

Усе ўдзельнікі першага раённага конкурсу маладых спецыялістаў былі ўзнагароджаны граматамі і падарункамі.

Але маладыя спецыялісты не спяшаліся разыходзіцца – наперадзе іх чакала яшчэ музычна-забаўляльная праграма, падчас якой можна было бліжэй пазнаёміцца і наладзіць сяброўскія сувязі.

Для даведкі:

Сёлета ў раён прыбыло 168 маладых спецыялістаў, 95 з іх закончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы, 73 атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю. Па-ранейшаму больш за ўсё маладых спецыялістаў прыехала ў аддзел адукацыі, спорту і турызму – 41 чалавек. 32 выпускнікі пачалі працаваць у сельгаскааператывах раёна, 30 спецыялістаў прыбыло на першае месца працы ў РУП “Беларуская АЭС”.

---------------------------

Алена ЯРАШЭВІЧ,

Фота А. МАЛЬШЭЎСКАГА.