Заместитель председателя Островецкого райисполкома В.З.Свилло рассказал о том, как работала социальная сфера в прошлом году и какие задачи поставлены перед ней в наступившем году

08:00 / 10.02.2014
Аб тым, як у мінулым годзе працавала сацыяльная сфера раёна, якія задачы стаяць перад ёй у надышоўшым годзе, расказвае чытачам “Астравецкай праўды” намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч СВІЛА.

– Колькасць насельніцтва Астравецкага раёна на канец 2013 года складала амаль 24 тысячы чалавек. Калі быць дакладным, то ў Астраўцы жыве 8733 жыхары, у сельскай мясцовасці – 15203. Дадайце сюды каля двух тысяч часова пражываючых на тэрыторыі раёна будаўнікоў Беларускай АЭС. І ўсё гэтае насельніцтва раёна ў большай ці меншай ступені ў той ці іншай сферы з’яўляецца спажыўцом паслуг устаноў сацыяльнай сферы: медыцыны, адукацыі, культуры, сацыяльнага забеспячэння і шматлікіх іншых. І ад таго, якой якасці будуць гэтыя паслугі, ці своечасова атрымаюць іх жыхары, наколькі яны задаволяць жаданні і патрабаванні людзей, залежыць па меншай меры настрой астраўчан, а па вялікаму рахунку – якасць іх жыцця. Таму адносіны некаторых грамадзян да сацыяльнай сферы як другараднай на той падставе, што тут не зарабляюць грошай, а пераважна расходуюць бюджэтныя сродкі, я б назваў па меншай меры недальнабачнымі і памылковымі.
Так, сацыяльная сфера па азначэнню з’яўляецца асноўным спажыўцом бюджэтных сродкаў – у мінулым годзе на яе патрэбы было зрасходавана 158 630 мільёнаў рублёў, што складае 76 працэнтаў раённага бюджэту. Аднак трэба памятаць, што ўзровень яе развіцця адлюстроўвае ступень эфектыўнасці эканомікі раёна ў цэлым.
Да таго ж установы сацыяльнай сферы ў мінулым годзе, як і раней, не былі пасіўнымі спажыўцамі заробленых іншымі сродкаў. У 2013 годзе імі было асвоена больш як 4 мільярды рублёў пазабюджэтных сродкаў. На работы, выкананыя ўстановамі сацыяльнай сферы гаспадарчым спосабам, з абласнога бюджэту было дадаткова прыцягнута 4,5 мільярда рублёў. Так што, калі толькі лічыць грошы, то і ў гэтым выпадку сацыяльную сферу ні ў якім разе нельга назваць “нахлебнікам”. Хоць, як я ўжо казаў у самым пачатку, зараблянне грошай не з‘яўляецца прыярытэтнай задачай яе дзейнасці.
Калі ж вярнуцца да прыведзеных у пачатку дадзеных аб колькасці насельніцтва ў раёне, то радуе тое, што на працягу апошніх гадоў гэтая лічба – 24 тысячы жыхароў – застаецца прыкладна на адным узроўні. Праўда, у дэмаграфічнай сітуацыі ў мінулым годзе былі адзначаны і негатыўныя тэндэнцыі. Адна з такіх – павелічэнне агульнай смяротнасці насельніцтва на 1,8 працэнта. Калі ў абсалютных лічбах, то ў 2013 годзе памерла на 4 чалавекі больш, чым у папярэднім: 412 грамадзян. Але найбольш трывожыць тое, што смяротнасць людзей у працаздольным узросце павялічылася з 88 чалавек у 2012 годзе да 91 – у мінулым. І больш чым трэцяя частка гэтых нестарых яшчэ людзей – 36 чалавек – пайшлі з жыцця не ў выніку хваробы, а ад так званых знешніх прычын: у выніку няшчасных выпадкаў, атручванняў, траўм, самагубстваў і г.д. Колькасць такіх заўчасных смерцяў у параўнанні з 2012 годам павялічылася ажно на 80 працэнтаў. Гэта праблема ўсяго грамадства, і адным толькі медыкам з ёй не справіцца. Некаторым суцяшэннем у пытаннях дэмаграфіі можа служыць тое, што і нараджальнасць у мінулым годзе павялічылася ў параўнанні з папярэднім годам на 3,1 працэнта.
Калі прадаўжаць тэму медыцыны, то трэба адзначыць, што ў мінулым годзе на набыццё медыцынскага абсталявання з розных крыніц было выкарыстана 2,1 мільярда рублёў. 901 мільён у гэтай суме – гэта сродкі раённага бюджэту, 880 мільёнаў – рэспубліканскага, 58,3 мільёна – абласнога. Абсталяванне набывалася і за кошт пазабюджэтных сродкаў – 25,7 мільёна, спонсарскай дапамогі – 225,8 мільёна рублёў.
Асабліва хочацца адзначыць, што Астравецкая ЦРБ – дарэчы, адзіная раённая бальніца ў рэспубліцы – удзельнічае ў праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі PrimCare IT, які фінансуецца з Еўрасаюза, – у 2013 годзе ў рамках рэалізацыі гэтага праекта было асвоена 268 мільёнаў рублёў. А галоўнае – у выніку яго рэалізацыі кваліфікаваная медыцынская дапамога, кансультацыі вядучых спецыялістаў краіны, дзякуючы сучасным камп’ютарным тэхналогіям, стануць даступнымі для жыхароў глыбінкі.
У мінулым годзе працягваліся бягучыя і капітальныя рамонты ўстаноў аховы здароўя раёна – летась на гэтыя мэты было затрачана 2362,3 мільёна рублёў, гаспадарчым спосабам выканана работ на 1740,5 мільёна рублёў.
Самы буйны спажывец сродкаў раённага бюджэту – гэта аддзел адукацыі райвыканкама. Для яго мінулы год быў няпростым: аддзел істотна ўзбуйніўся ў выніку далучэння да яго аддзела фізкультуры, спорту і турызму. Да таго ж змяніўся кіраўнік – яго ўзначаліла маладая і ініцыятыўная Наталля Іосіфаўна Станкевіч. З шэрагам пытанняў і праблем сістэмы адукацыі новаму кіраўніцтву ўдалося справіцца, некаторыя засталіся так званым “пераходным фондам”, і з імі давядзецца працаваць і ў гэтым годзе.
Летась у сістэме адукацыі працягваўся працэс аптымізацыі. З-за складанай дэмаграфічнай сітуацыі на вёсцы, а таксама па прычыне неадпаведнасці гігіенічным нарматывам і правілам пажарнай бяспекі была зачынена Трокеніцкая базавая школа. Але аптымізацыя ўстаноў адукацыі ідзе ў абодвух накірунках: у прыватнасці, каб зняць вастрыню праблемы з забеспячэннем месцамі ў дзіцячых садках райцэнтра, базавая школа ў прыгараднай вёсцы Малі была рэарганізавана ў пачатковую школу – дзіцячы сад, і туды арганізаваны падвоз дзяцей з Астраўца.
Самая прыемная навіна, якую з радасцю ўспрынялі ўсе бацькі горада, – гэта тое, што ў мінулым годзе ў першым мікрараёне Астраўца распачата будаўніцтва новага дзіцячага садка на 190 месцаў і сярэдняй школы на 510 месцаў – у 2014 годзе яны павінны прыняць сваіх выхаванцаў. Гэта дапаможа нам зняць шэраг праблем і ў школах, і ў садках.
Існуючыя ўстановы адукацыі таксама ўсімі магчымымі спосабамі, часта – найбольш клопатным, але менш затратным гаспадарчым – імкнуцца абнавіць свой інтэр’ер, зрабіць бягучыя і капітальныя рамонты. Найбольш значныя аб’ёмы работ выкананы ў СШ №1 Астраўца – на гэта было зрасходавана больш як паўмільярда рублёў. Працягваюцца рамонтныя работы і ў гімназіі №1 – у мінулым годзе на гэта пайшло амаль 300 мільёнаў рублёў. Вельмі многае зрабіў гаспадарчым спосабам калектыў Альхоўскай сярэдняй школы на чале з дырэктарам Сяргеем Анатольевічам Гаўрыловічам: яны паступова, за некалькі гадоў, сваімі сіламі рабілі капітальны рамонт школы, які, дарэчы, працягваецца і зараз. У Гудагайскай школе быў заменены дах – на гэта было зрасходавана больш за мільярд рублёў. Працягваецца рамонт дзіцячага садка “Дубок” – там праведзены капітальны рамонт харчблока, зараз ідзе рамонт і ўцяпленне групавых пакояў. І пералік аб’ектаў, якія адрамантаваны ці будуць рамантавацца сёлета, можна працягваць. У гэтым годзе для нас галоўнай задачай з’яўляецца рэарганізацыя Спондаўскай школы ў школу-сад і далучэнне да яе Страчскага дзіцячага садка – для ажыццяўлення гэтай задачы давядзецца нямала працаваць.
На парадку дня ўзбуйненага аддзела адукацыі, спорту і турызму далейшае развіццё і спартыўнай базы раёна. У бліжэйшы час трэба завяршыць газіфікацыю фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Старт”, прадоўжыць работы па рэканструкцыі будынка ФСК па вуліцы Камсамольскай. Да лета неабходна завяршыць абуладкаванне міні-футбольнага поля на тэрыторыі СШ №1. Ну і, канешне ж, нам усім трэба думаць пра рэканструкцыю гарадскога стадыёна ў лесапаркавай зоне Астраўца і шукаць для вырашэння гэтай задачы крыніцы фінансавання.
Рэарганізацыю ў мінулым годзе перажыў і раённы аддзел культуры – у яго кампетэнцыю цяпер уваходзяць дадатковыя функцыі: ідэалагічная работа і маладзёжная палітыка. Пры гэтым абавязкі па развіццю ўстаноў культуры таксама ніхто не адмяняў.
У гэтым плане, дарэчы, летась было зроблена нямала. У прыватнасці, наша раённая культура ў два разы больш у параўнанні з мінулагоднім атрымала даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці – такога поспеху змаглі дасягнуць яшчэ толькі шэсць раёнаў вобласці. У пэўнай ступені і гэта дазволіла набыць асноўных сродкаў больш як на мільярд рублёў: ва ўстановах культуры з’явілася новая музычная апаратура, аўтамабіль, камп’ютары, мэбля і г.д. Працягваюцца рамонты, у тым ліку і гаспадарчым спосабам: закончаны работы ў Палушскім сельскім клубе, неўзабаве адчыніць дзверы абноўлены Варонскі Дом культуры, зрушыліся з мёртвай кропкі работы па рамонту Кямелішкаўскага Дома культуры.
Адной з асноўных і агульнай для ўсіх устаноў сацыяльнай сферы праблем, якая найбольш востра паўстала ў мінулым годзе, стаў дэфіцыт кадраў. Да прыкладу, з устаноў адукацыі летась звольнілася 49 педагагічных работнікаў. Укамплектаванасць урачамі ўстаноў аховы здароўя складае 70 працэнтаў, сярэднім медыцынскім персаналам – 89 працэнтаў. І кіраўнікам усіх аддзелаў і арганізацый сацыяльнай сферы трэба зрабіць усё магчымае, каб утрымліваць зарплату сваіх супрацоўнікаў на дастойным узроўні і захаваць спецыялістаў.
Трэба адзначыць, што, нягледзячы на шэраг праблем – а без іх жыццё немагчыма, – ва ўсіх установах сацыяльнай сферы ў мінулым годзе зроблена многае. Але вось парадокс: чым больш дасягнута, тым больш задач на будучыню. Сёлета нас чакае шэраг важных палітычных і гістарычных падзей: выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, 70-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 70-гадовы юбілей утварэння сістэмы аховы здароўя раёна. Так што фронт работ на гэты год – шырокі, і напружана папрацаваць давядзецца ўсім падраздзяленням сацыяльнай сферы.