Об особенностях предстоящих выборов в местные Советы депутатов рассказали заместитель председателя райисполкома В.З.Свилло и председатель районной избирательной комиссии Э.И.Свирид

08:00 / 03.02.2014
У Астравецкім раёне, як і ва ўсёй краіне, набірае моц перадвыбарная кампанія, якая закончыцца 23 сакавіка выбарамі дэпутатаў мясцовых Саветаў.
Аб асаблівасцях гэтай выбарчай кампаніі, аб тым, як яна праходзіць у раёне, расказваюць намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла і старшыня раённай выбарчай камісіі Эдуард Іванавіч Свірыд.

Віктар Збігневіч СВІЛА:
– Як вядома, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №533 ад 16 снежня 2013 года былі прызначаны выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў 27-га склікання – гэта і дало старт перадвыбарнай кампаніі. Падчас гэтых выбараў будуць абраны дэпутаты мясцовых Саветаў трох узроўняў – абласных, раённых і сельскіх.
Першым крокам на гэтым шляху стала фарміраванне раённай выбарчай камісіі – у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь гэтая працэдура – кампетэнцыя выканаўчых камітэтаў адпаведных узроўняў. Кандыдатаў у члены раённай выбарчай камісіі вылучалі грамадскія аб’яднанні, палітычныя партыі і грамадзяне шляхам падачы заяў. Затым усе прадстаўленыя дакументы, сабраныя для рэгістрацыі кандыдатур, былі разгледжаны. Не ўсе кандыдаты ўвайшлі ў склад раённай выбарчай камісіі – перавага аддавалася асобам, якія маюць пэўныя веды і вопыт у арганізацыі выбараў, людзям дастойным, паважным у грамадстве. Раённая камісія была сфарміравана рашэннем раённага выканаўчага камітэта ў колькасці 11 чалавек, і на сваім першым пасяджэнні яе члены абралі сваім старшынёй Эдуарда Іванавіча Свірыда. У кампетэнцыю раённай выбарчай камісіі ўваходзіць увесь працэс арганізацыі выбараў.
Затым рашэннем райвыканкама былі створаны выбарчыя акругі па выбарах дэпутатаў раённага Савета – такіх у нашым раёне ўтворана, як і раней, 25.
Зараз ідзе працэс вылучэння кандыдатаў у члены ўчастковых выбарчых камісій – ён блізіцца да завяршэння – закончыцца 2 лютага. Ужо зараз у раённую камісію актыўна паступаюць пратаколы аб вылучэнні ва ўчастковыя камісіі ад грамадскіх аб’яднанняў, многія вылучаюцца шляхам падачы заяў грамадзян. Участковыя выбарчыя камісіі будуць сфарміраваны не пазней 2 лютага – аб іх складзе выбаршчыкі могуць таксама даведацца на сайце раённага выканаўчага камітэта, а таксама з галоўнай інфармацыйнай крыніцы раёна – газеты “Астравецкая праўда”.
Хачу растлумачыць адзін нюанс выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Выбаршчыкам не варта блытаць выбарчыя акругі і ўчасткі для галасавання. Выбарчая акруга – гэта тэрыторыя, якую у раённым Савеце будзе прадстаўляць адзін дэпутат. А ўчасткі для галасавання – месцы, дзе выбаршчыкі будуць ажыццяўляць сваё волевыяўленне. Таму не варта здзіўляцца, калі на адным выбарчым участку грамадзяне, што жывуць на розных вуліцах, могуць атрымаць бюлетэні для галасавання за розных кандыдатаў у дэпутаты раённага Савета.
Участкі для галасавання таксама ўтвораны рашэннем раённага выканаўчага камітэта – іх у раёне 35. Дарэчы сказаць, аб межах выбарчых участкаў і выбарчых акруг, аб складзе раённай выбарчай камісіі і ўвогуле – аб усіх пытаннях, што тычацца выбараў, інфармацыю можна знайсці на сайце раённага выканаўчага камітэта www.ostrovets.grodnoregion. by
Падчас мінулых выбараў участкаў для галасавання было больш – 37: па аб’ектыўных прычынах ліквідаваны Слабодкаўскі і Завельцаўскі. Вёска Слабодка, як вядома, увайшла ў рысу горада, таму яе жыхары будуць ажыццяўляць свой грамадзянскі абавязак на Астравецкім участку для галасавання №6, які размесціцца ў будынку райсельгастэхнікі. А Завельцаўскі выбарчы ўчастак давялося ліквідаваць з-за змяншэння там колькасці выбаршчыкаў – на жаль, гэта аб’ектыўна існуючы працэс у нашых вёсках. Жыхары Завельцаў і навакольных вёсак змогуць прагаласаваць у дзень выбараў на Рымдзюнскім участку для галасавання.


Эдуард Іванавіч СВІРЫД:
– У цяперашні момант у выбарчай кампаніі паралельна ідуць два асноўныя працэсы: вылучэнне кандыдатаў у склад участковых выбарчых камісій і вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты раённага Савета.
Працэс вылучэння кандыдатаў у дэпутаты раённага Савета пачаўся 12 студзеня і працягнецца да 10 лютага.
Нагадаю: кандыдаты ў дэпутаты могуць вылучацца шляхам збору подпісаў грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі акругі, ад якой мае намер балаціравацца кандыдат у дэпутаты, а таксама працоўнымі калектывамі, у якіх колькасць працуючых складае не менш чым 75 чалавек, і палітычнымі партыямі, у якіх ёсць арганізацыйныя структуры адпаведнага ўзроўню – у дадзеным выпадку раённага.
Большасць кандыдатаў у дэпутаты абралі першы шлях і зарэгістравалі ініцыятыўныя групы па збору подпісаў грамадзян для вылучэння іх кандыдатамі ў дэпутаты. Такіх груп раённая выбарчая камісія зарэгістравала 29 – нагадаю, што раённы Савет павінен быць сфарміраваны з 25 дэпутатаў. Але пазней Цэнтральная выбарчая камісія адмяніла рэгістрацыю дзвюх ініцыятыўных груп аднаго з грамадзян нашага раёна на той падставе, што ён зарэгістраваў гэтыя ініцыятыўныя групы адразу па дзвюх выбарчых акругах: Школьнай у Астраўцы і Варнянскай.
Цяпер члены ініцыятыўных груп мяркуемых кандыдатаў у дэпутаты вядуць збор подпісаў, які, як я ўжо казаў, прадоўжыцца да 10 лютага. Затым, калі падпісныя лісты разам з усім пакетам дакументаў: асабістай заявай, анкетнымі дадзенымі, дэкларацыяй аб даходах, біяграфічнымі звесткамі і іншымі – мяркуемыя кандыдаты ў дэпутаты здадуць у выбарчую камісію, пачнецца скрупулёзная іх праверка. І толькі ў тым выпадку, калі яны адпавядаюць усім патрабаванням закона, кандыдаты ў дэпутаты будуць зарэгістраваны і ў адпаведнасці з выбарчым кодэксам пачнуць сваю перадвыбарную агітацыю.