Активно развиваются связи Островца с городами-побратимами

11:00 / 27.09.2013
Пашыраюцца і развіваюцца сувязі паміж Астраўцом і яго гарадамі-пабрацімамі.
Адным з пабрацімаў Астраўца з’яўляецца польскі горад Лідзбарк-Вармінскі, з адміністрацыяй якога Астравецкі райвыканкам тры гады назад, 11 верасня 2010 года,падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве. У рамках яго адбылося некалькі цікавых і карысных сустрэч на беларускай і польскай тэрыторыях. Апошняй у ліку іх стаў візіт намесніка старшыні райвыканкама Віктара Збігневіча Свілы і начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Сяргея Лявонцьевіча Сяўко ў Лідзбарк-Вармінскі павет для ўдзелу ў павятовых дажынках.

Нагадаем: летась для ўдзелу ў старажытным славянскім свяце завяршэння збору ўраджаю ўдзельнічаў астравецкі народны калектыў “Кемеліна”, які, без перабольшвання, зрабіў сапраўдны фурор: з беларускімі артыстамі фатаграфаваліся, у іх бралі адрасы і аўтографы, разам з імі спявалі і танцавалі – не кажучы ўжо пра гарачыя апладысменты, якімі суправаджалася кожная песня.
Сёлета для ўдзелу ў дажынках адправілася больш сціплая па колькасці – але важкая па сваіх уплывовых магчымасцях дэлегацыя: дыпламатыя, як вядома, павінна быць і народнай, і афіцыйнай. У мінулы раз павятовыя дажынкі адбываліся ў самім Лідзбарк-Вармінскім, а сёлета месцам іх правядзення быў абраны цэнтр адной з павятовых гмін. Калі паспрабаваць перакласці на нашу адміністрацыйна-тэрытарыяльную сістэму, то гэта – цэнтр сельсавета. Але калі браць па колькасці жыхароў, то горад Арнэта, цэнтр аднайменнай гміны, дзе на гэты раз праводзіліся дажынкі, можна хутчэй параўнаць з нашым Астраўцом: 9,5 тысяч жыхароў. А па ўзросту старажытная Арнэта нават пераўзыходзіць наш родны горад: сёлета ён адзначае сваё 800-годзе, і гадзіннік на гарадской ратушы ў цэнтры гміны пабачыў шмат чаго на сваім вяку.
Як і кожная добрая справа, пачалося свята з супольнай імшы ў касцёле. А затым святкаванне перамясцілася на тэрыторыю спартыўна-забаўляльнага цэнтра Арнэты. Да слова: гэты цэнтр заслугоўвае асобнай увагі – для астраўчан ён стаў прадметам белай зайздрасці. Уяўляеце: у цэнтры сельсавета (ну хай сабе па памерах адпавядаючага нашаму райцэнтру) – крытая спартыўная зала, якая змяшчае паўнавартаснае закрытае футбольнае поле, а таксама – увесь набор дапаможных памяшканняў, уключаючы кухню і спальныя пакоі – яны выкарыстоўваюцца для пражывання спартсменаў падчас трэніровачных збораў. У выпадку неабходнасці гэтыя памяшканні выкарыстоўваюцца ў якасці недарагой гасцініцы. Але, акрамя гэтага цэнтра, у Арнэце ёсць яшчэ два футбольныя палі з глядацкімі трыбунамі, шэраг спартыўных пляцовак для розных відаў спорту. Для астраўчан, якія пакуль толькі мараць пра ўласны стадыён, такая спартыўная і забаўляльная база падалася жывым увасабленнем гэтай мары.
На свяце дажынак, як усюды і заўсёды, ушаноўвалі хлебаробаў – кармільцаў народа. Узнагароджваліся пераможцы конкурсаў на самую чыстую і прыгожую сядзібу, на самы лепшы дажыначны вянок, а таксама кулінарнага конкурсу. З вітальнымі словамі выступілі стараста Лідзбарскі Ян Хархай і бургамістр Арнэты Ірэніуш Попель, а таксама пасол сейма (дэпутат польскага парламента). Гасцям з гарадоў-пабрацімаў –беларускага Астраўца і нямецкага Херцляке – была аказана асаблівая пашана. Акрамя таго, падчас візіту ў Лідзбарк-Вармінскі астравецкая дэлегацыя сустрэлася з даўнім сябрам нашага раёна, лідзбарскім віцэ-старастам Яраславам Когутам, з якім абмяркоўваліся сумесныя праекты і планы мерапрыемстваў, якія можна было б ажыццявіць як у гэтым годзе, так і пазней.
У Лідзбарку В.З. Свіла і С.Л.Сяўко наведалі таксама маладзёжны цэнтр, які знаходзіцца ў веданні староства – па нашых уяўленнях ён нагадвае нешта сярэдняе паміж цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі і дзіцячым садком. І хоць цэнтр размешчаны ў далёка не новым будынку, тэхнічны стан яго вельмі прыстойны – гэта і не дзіўна, бо нядаўна ў ходзе рэалізацыі сумеснага з Еўрапейскім Саюзам праекта тут быў зроблены грунтоўны рамонт. Дарэчы, ад дырэктара гэтага цэнтра астравецкім дзецям паступіла прапанова прыняць удзел у штогадовым конкурсе мастацкіх работ у кастрычніку-лістападзе гэтага года.
Словам, візіт прадстаўнікоў Астравеччыны ў Лідзбарк-Вармінскі прайшоў, як і звычайна, плённа і цікава. Хочацца спадзявацца, што ён дасць пачын новым справам у развіцці супрацоўніцтва паміж гарадамі-пабрацімамі.


-------------------------
Ніна АЛЯКСЕЕВА.