18 сентября был подписан договор о передаче имущества двум отделам Островецкого райисполкома

11:00 / 26.09.2013
У мінулую сераду, 18 верасня, паміж СП “Літоўскі цэнтр культуры, адукацыі і інфармацыі”, які прадстаўляла яго дырэктар Віргінія Тарнаўскайтэ, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ў асобе начальніка Сяргея Сяўко і аддзелам адукацыі Астравец кага райвыканкама, які прадстаўляла начальнік Наталля Станкевіч, у прысутнасці Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эвалдаса Ігнатавічуса, загадчыцы аддзела маёмасці Міністэрства асветы Літоўскай Рэспублікі Маргарыты Якштаніне і намесніка старшыні райвыканкама Віктара Свілы адбылося падпісанне дагавора аб перадачы ў бязвыплатнае карыстанне будынкаў і памяшканняў культурнага і адукацыйнага прызначэння, якія ўваходзяць у склад так званага літоўскага цэнтра ў вёсцы Рымдзюны.

Дата падпісання дагавора аб перадачы маёмасці ў бязвыплатнае карыстанне ад СП “Літоўскі цэнтр культуры, адукацыі і інфармацыі” двум аддзелам Астравецкага райвыканкама была вызначана досыць выпадкова. І тым не менш яна атрымалася вельмі сімвалічнай: менавіта ў гэты дзень, 18 верасня, 23 гады назад было падпісана пагадненне аб сумесным будаўніцтве літоўскага цэнтра ў Рымдзюнах, з якога ўсё, уласна кажучы, і пачалося. У невялікай прэзентацыі Віргінія Тарнаўскайтэ нагадала прысутным “этапы вялікага шляху”. Калі пагадненне падпісвалася, Беларусь і Літва яшчэ былі суб’ектамі адной дзяржавы – Савецкага Саюза. І можна толькі падзівіцца, што, нягледзячы на ўзрушэнні, якія затым чакалі народы абедзвюх дзяржаў, на розныя шляхі, якія былі выбранымі для развіцця, нават на розныя погляды на нашу некалі агульную гісторыю, яно тым не менш было рэалізавана. У 1994 годзе пачалося будаўніцтва цэнтра, і тады ж, як нагадаў прысутным Альфонсас Аўгуліс, які стаяў ля вытокаў гэтага будаўніцтва, была адкрыта літоўская школа – спярша ў прыстасаваным памяшканні. А ўжо ў 1996 годзе ў Рымдзюнах пад адным дахам расчынілі дзверы для сваіх вучняў дзве сярэднія школы – з літоўскай і беларускай мовамі навучання. У 1997 годзе прыняў выхаванцаў інтэрнат для вучняў з іншых вёсак раёна, якія хацелі вучыцца ў літоўскай школе. У 2000 годзе быў урачыста адкрыты Рымдзюнскі Дом культуры, у 2003 годзе – інтэрнат для настаўнікаў.
Сёння цэнтр плённа працуе. Рэдкая экскурсія ці семінар абмінае Рымдзюны. Такім сцэне і спартыўнай зале могуць пазайздросціць нават гарадскія дамы культуры і спартыўныя комплексы. Сюды прыязджалі з канцэртамі сусветна вядомыя літоўскія і беларускія калектывы – ансамблі “Летува”, “Белыя росы” і іншыя. Тут праходзілі абласныя, рэспубліканскія і нават міжнародныя спаборніцтвы. Не злічыць, ды і пайменна цяжка назваць, гасцей з розных краін свету, якія пераступалі парог Рымдзюнскага цэнтра. А галоўнае – ён працуе для людзей, што жывуць на гэтай тэрыторыі. Для дзяцей, якія ў тутэйшай школе вывучаюць мову і культуру сваіх продкаў. Для жанчын з ансамбля “Жыльвіціс”, якім з захапленнем апладзіравалі ў Вільнюскай ратушы і на лепшых мінскіх сцэнах. А зараз рымдзюнская “Вярба” – так перакладаецца назва гэтага фальклорнага ансамбля – дала свае “парасткі”: у школе створаны дзіцячы калектыў “Жыльвіцене” – “Вербачка”. І значыць, усё, што было пройдзена і зроблена за гэтыя 23 гады, – недарэмна. А наперадзе ў Рымдзюнскага цэнтра, мяркуючы па намаганнях нераўнадушных людзей абедзвюх краін, якія зацікаўлены, каб нацыянальная адукацыя і культура жылі і развіваліся, – і дзеля гэтага пераадольваюць усе цяжкасці, што часам паўстаюць на іх шляху, – вялікае і насычанае жыццё, чарговы этап якога быў распачаты 18 верасня падпісаннем вышэйзгаданай дамовы. Так што ў чарговы раз – у добры шлях, Рымдзюнскі цэнтр!


-----------------------------------
Ніна РЫБІК