Готовность образовательных учреждений к новому учебному году проверили в Островецком районе

10:00 / 18.08.2013




Да пачатку новага навучальнага года засталіся лічаныя дні. І праляцяць яны вельмі хутка: не паспееш азірнуцца – і 1 верасня, калі хлопчыкі і дзяўчынкі ў новенькіх школьных формах і з букетамі ў руках прыйдуць у адрамантаваныя за лета класы і сядуць за парты.

Але каб усё гэта адбылося, папрацаваць давялося не адной сотні людзей – клеілі шпалеры, фарбавалі падлогу, рабілі ўсё, каб класы атрымаліся прыгожымі і ўтульнымі. І не толькі класы.
Многія школы да пачатку новага навучальнага года змяніліся непазнавальна. Вялікая заслуга ў гэтым кіраўніцтва раёна і раённага аддзела адукацыі і, канешне ж, адміністрацыі школ і іх работнікаў. Дзякуючы гаспадарчаму спосабу, які набывае вялікую папулярнасць, многае з задуманага, пра што толькі марылася, атрымалася ажыццявіць.





Прыхільнікаў і апанентаў у гаспадарчага спосабу шмат. Гэта, канешне, добра, што на рамонты сацыяльных аб’ектаў выдзяляюцца грашовыя сродкі, але ж трэба яшчэ з розумам і па-гаспадарску іх выкарыстаць. Але разам з усімі праблемамі, з якімі даводзіцца сутыкацца кіраўнікам устаноў, можна канстатаваць, што гэта добры спосаб добраўпарадкавання школ і дзіцячых садкоў.
Штогод напярэдадні новага навучальнага года аўтарытэтная камісія правярае падрыхтоўку навучальных устаноў і падпісвае пашпарты гатоўнасці. Сёлета ў склад камісіі, якую ўзначалілі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла і начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч, увайшлі супрацоўнікі аддзела адукацыі, аддзела па надзвычайных сітуацыях і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Усе гэтыя людзі на працягу трох дзён знаёміліся са справамі ва ўсіх навучальных установах раёна, каб потым вынесці вердыкт.
Наш карэспандэнт у адзін з дзён таксама адправіўся ў падарожжа па школах.





На гэты раз камісія пачала сваю работу з Кямелішкаўскага НПК. Сёння на базе навучальна-педагагічнага комплексу размяшчаюцца яслі-сад, які наведваюць 32 дзіцяці, і сярэдняя школа, у якой 1 верасня за парты сядуць 79 вучняў. І калі школа яшчэ пустуе, то дзіцячы садок ужо напоўнены галасамі маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пакуль што толькі мараць пайсці ў школу.
У будынку чысценька і акуратна, пахне свежай фарбай, вока радуюць кветкі, якімі застаўлены класы і калідоры школы.
– Сёлета на касметычны рамонт школы было затрачана 7 мільёнаў рублёў, – расказвае дырэктар НПК Аляксандр Леанідавіч Іванцэвіч. – Абнавілі класы і спартыўную залу, пафарбавалі падлогу, дзе было неабходна – паклеілі шпалеры…
Наступны пункт прыпынку Рытанскі дзіцячы сад-сярэдняя школа. З самага пачатку ўражвае кветкавае афармленне школы – дэкаратыўны мосцік і альтанка, вадаёмы, мноства клумбаў. А вось сцены школы – адна з праблем, якая не дае спакою дырэктару. За час, які прайшоў ад апошняга рамонту школы, тынкоўка патрэскалася і месцамі абвалілася. Ды самім работнікам школы самастойна выканаць задачу па рамонту фасада школы не па сілах.





І тым не менш сёння школа жыве поўнавартасным жыццём і летам таксама рыхтавалася да сустрэчы 1 верасня. Пафарбавана падлога, добраўпарадкаваны класы, адрамантавана абедзеная зала… Кабінет рускай мовы быў абабіты гіпсакардонам і цяпер, трэба спадзявацца, плесня, якая турбавала адміністрацыю школы і супрацоўнікаў санстанцыі, не з’явіцца. А другога верасня – менавіта ў гэты дзень сёлета пройдуць урачыстыя лінейкі – у школе пачнецца чарговы навучальны год.
Падольскі дзіцячы сад-сярэдняя школа сустракае нас таксама ў поўнай гатоўнасці. Паказальна, што ўсё тут робяць сваімі рукамі. Гаспадарскае вока дырэктара прыкмячае ўсё – і адразу ж недахопы выпраўляюцца. Вось і падчас нашага візіту рабочыя чысцілі фантан.
Ды і ўвогуле, школа, нібы дзяўчына, старанна падрыхтавалася да сустрэчы дзяцей. Заварожваюць чысцінёй і акуратнасцю спартыўныя пляцоўкі. Ды і кабінеты заманьваюць светлымі фарбамі і вялікай колькасцю кветак.





Наступны пункт прыпынку – Альхоўская школа. Пра тое, што на гэты год тут намячаецца вялікі рамонт, наша газета ўжо пісала. Але не ўяўлялася, што праходзіць ён будзе ў такіх маштабах. На сёння тут затрачана каля 480 мільёнаў рублёў. Самыя глабальныя перамены чакаюцца на харчблоку і ў школьнай сталовай, зменяцца калідоры і частка класаў.
Ад харчблоку пакуль што засталіся голыя сцены. Дырэктар школы вырашыў не толькі замяніць вокны і пакласці новую плітку, да рамонту ён падышоў як сапраўдны гаспадар. У выніку тут будуць заменены і трубы, і праводка.
Ды і ўвогуле задум у дырэктара школы Сяргея Анатольевіча Гаўрыловіча – вельмі шмат. І канешне, хочацца, каб усе яны ажыццявіліся. Спадзяюся, што так яно і будзе.
Падчас нашага візіту тут якраз праходзіў суботнік. Працавалі ўсе – дырэктар, настаўнікі, школьныя рабочыя і вучні.
Альхоўскі дзіцячы сад таксама змяніўся – гаспадарчым спосабам былі адрамантаваны калідоры, пасцелены лінолеум, заменены ўнітазы. Аднак асноўная праблема – тэмпературны рэжым – пакуль што не вырашана. Але трэба спадзявацца, што з узвядзеннем у Альхоўцы новай кацельнай, праблема будзе знята з парадку дня.





У Міхалішкаўскай школе таксама чысціня і парадак. У 2006 годзе падчас будаўніцтва ў Міхалішках аграгарадка школе таксама была ўдзелена ўвага. З таго часу тут усё стараюцца падтрымліваць у парадку і чысціні. Сёлета гаспадарчым спосабам быў адрамантаваны школьны музей. І хаця памяшканне засталося тым жа, яно стала значна святлейшым. Змянілася і спартыўная зала – пафарбаваная ў блакітных колерах, яна так і запрашае паганяць мяч. А побач абнавілася раздзявалка – тут не толькі папрыгажэлі сцены, але і з’явілася душавая кабінка.
Трокеніцкі дзіцячы садок сёлета будуць наведваць 15 дзетак. Рамонт тут рабілі сваімі сіламі – пабялілі столь, пафарбавалі падлогу і так падрыхтаваліся да сустрэчы з дзецьмі. А вось пясочніцу хацелася б абнавіць. Добра было б, каб на гэту праблему звярнулі ўвагу суседзі – супрацоўнікі Катлоўскага лясніцтва, якое нядаўна пераехала ў Трокенікі і абсталявала тут адміністрацыйны будынак.
Варонскі дзіцячы сад-пачатковая школа – першая ўстанова падобнага тыпу ў нашым раёне. Сёння яе наведваюць 24 дашкольнікі і 48 школьнікаў, прычым 34 з іх падвозяцца з 9 населеных пунктаў.
У мінулым годзе тут прайшоў капітальны рамонт, дзякуючы чаму ў будынак школы пераехалі дашкольнікі. Тут для іх створаны найлепшыя ўмовы. А вось частку будынка, дзе цяпер размешчана пачатковая школа, капітальны рамонт не закрануў.





Палушскі дзіцячы садок сёння наведваюць 52 дзіцяці. На яго падрыхтоўку да новага года было зрасходавана каля 13 мільёнаў рублёў – адрамантаваны калідоры, дах над навесамі, пешаходныя сцежкі. Дапамогу садку аказалі і бацькі – за іх сродкі была набыта тканіна, з якой пашылі шторы ў дзіцячыя спальні.
У дзіцячым садку №2 Астраўца таксама праведзены касметычны рамонт. Дзякуючы бюджэтным сродкам тут была заменена плітка на харчблоку, за спонсарскую дапамогу бацькоў паклеілі новыя шпалеры ў некаторых групах.
Змены сёлета чакаюць і сярэднюю школу №1. Летам асноўная ўвага была ўдзелена будынку, у якім размяшчаліся працоўныя майстэрні. Іх абнавілі, хутка тут з’явяцца санвузлы і вучням не трэба будзе бегаць па патрэбе ў школьны будынак.
Другая палова гэтага будынка цяпер стала інфармацыйна-бібліятэчным цэнтрам. А хутка тут з’явіцца яшчэ і чытальная зала, аснашчаная камп’ютарамі з выхадам ў інтэрнэт – хочацца спадзявацца, што гэта памяшканне будзе карыстацца попытам у дзяцей і педагогаў. Побач са школай у хуткім часе размесціцца поле для міні-футбола са штучным пакрыццём.





У канцы жніўня ў школе пачнецца капітальны рамонт. На гэты год на яго выдзелена 2 мільярды 400 мільёнаў рублёў. Пачнецца ён з рамонту даху, а з часам зменіцца і ўвесь будынак.
За тры дні камісія аб’ехала ўсе навучальныя ўстановы раёна. Камісію цікавіла ўсё: падрыхтоўка класаў, добраўпарадкаванне тэрыторыі, наяўнасць планаў вучэбнай і выхаваўчай работы, пажарная бяспека і, канешне ж, санітарна-гігіенічны стан кабінетаў і харчблокаў. Вердыкт камісіі: амаль усе школы пасля выпраўлення нязначных заўваг і парад камісіі гатовы 1 верасня прыняць дзяцей.
У Альхоўскай сярэдняй школе, дзіцячым садку “Дубок” і карэкцыйным цэнтры рамонты працягваюцца, і акты будуць падпісаны пасля 22 жніўня.


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.