В Островце началось строительство новой школы и детского сада

09:00 / 11.08.2013
3
У Астраўцы пачалося будаўніцтва новай школы і дзіцячага садка.

Будаўніцтва гэтых аб’ектаў наспела ўжо даўно. Сёння ў горадзе не хапае каля 150 месцаў у дзіцячых дашкольных установах. Ды і ў школах дзеці вучацца ў дзве змены. Менавіта таму па Указу Прэзідэнта краіны са сродкаў дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця на гэты год было выдзелена па 8 мільярдаў 25 мільёнаў на будаўніцтва сярэдняй школы і дзіцячага садка ў нашым горадзе.






Будаўніцтва дзіцячага садка на 190 месцаў і сярэдняй школы на 510 вучняў пачалося ў мікрараёне №1 Астраўца. Сярэднюю школу ўзводзіць ААТ “Будаўніча-мантажны трэст №41” горада Смаргонь, а будаўніцтвам дзіцячага садка займаецца ААТ “Будаўнік” горада Ашмяны. Плануецца, што да 1 ліпеня наступнага года будзе здадзены ў эксплуатацыю дзіцячы садок, а школа прыме вучняў і настаўнікаў 1 верасня 2014 года. Прычым падрадныя арганізацыі павінны здаць школу, што называецца “пад ключ” – не толькі з аддзелкай, але і з мэбляй і ўсім неабходным абсталяваннем. Зразумела, што гэты працэс будуць кантраляваць упраўленне капітальнага будаўніцтва і аддзел адукацыі Астравецкага райвыканкама.
Праект будынкаў, якія прадэманстравала начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Тамара Аляксандраўна Кацяк, уразіў. Яго распрацоўкай – зрэшты, як і многіх астатніх будынкаў, што ўзводзяцца ў Астраўцы – займалася ААТ Інстытут “Гроднаграмадзянпраект”. Вялікія, прыгожыя, незвычайнай формы будынкі, якія пакуль што паўстаюць толькі на паперы, зачароўваюць. Прывабліваюць погляд яркія колеры,якімі будзе пафарбаваны будынак, шматлікія не зусім звычайныя для сённяшняга горада элементы аздаблення.
А што сёння зроблена на будаўнічай пляцоўцы?



Задаволіць маю цікаўнасць згадзіўся інжынер упраўлення капітальнага будаўніцтва Яўгеній Рогач. Па дарозе абмяркоўваем, як праходзілі электронныя таргі па вызначэнні падрадчыка – цікавая, мушу зазначыць, працэдура. Але пра гэта калі-небудзь у іншы раз.
І вось мы на пляцоўцы, дзе ў наступным годзе 1 верасня павінна прайсці першая школьная лінейка ў новай, трэцяй па ліку, гарадской школе. Спачатку нават не верыцца, што такая падзея можа адбыцца ў недалёкай будучыні. Пакуль што перад вачыма паўстаюць толькі катлаван і частка фундамента. Але майстар будаўніча-мантажных работ БУ “Смаргоньбуд” Руслан Крыштопенка запэўнівае, што да верасня наступнага года школа будзе
здадзена ў эксплуатацыю.
Гэта далёка не першы аб’ект, які смаргонскі трэст №41 узводзіць у нашым раёне. Будаўнічыя кааператывы №15, 16, 17, фермы ў Дайлідках і Беразоўцы – таксама аб’екты смаргонскіх будаўнікоў.
– Мы працуем у дзве змены да дзвюх гадзін ночы. Пакуль што на пляцоўцы знаходзіцца 50 чалавек. Пачатак будаўніцтва – самы складаны і адказны этап. Таму спяшацца не трэба, важна ўсё рабіць акуратна і правільна. Між тым, работы ідуць па плане. Пры стабільным фінансаванні да канца бягучага года плануем узвесці сцены, – працягвае Руслан Крыштопенка.



Трошкі вышэй – будаўнічая пляцоўка, на якой узводзіцца дзіцячы садок. Тут пакуль што толькі выкапаны катлаван і вядзецца забіўка свай. Таму, у адрозненні ад школы, дзе ўжо вымаляваліся абрысы будучага будынка, дзіцячага садка пакуль што не відаць. Але ж работы на аб’екце вядуцца толькі месяц. Да таго ж узгадваецца ўбачаны праект – прыгожы, незвычайнай формы будынак, падобных якому ў Астраўцы пакуль што няма.
– Да канца года ў мікрараёне №1 будзе пражываць больш за трыста сем’яў, месцаў у школах і садках горада не хапае і цяпер. І таму аб’екты неабходна ўвесці ў эксплуатацыю ў 2014 годзе. Сродкаў, якія выдзелены на будаўніцтва ў 2013 годзе, не вельмі шмат. Таму старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька звярнуўся ў аблвыканкам, дзе яго просьба была падтрымана. Старшыня аблвыканкама Сямён Барысавіч Шапіра хадатайнічаў перад прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Міхаілам Уладзіміравічам Мясніковічам аб павелічэнні фінансавання на гэты год на будаўніцтва дзіцячага садка і сярэдняй школы ў Астраўцы, – расказала Тамара Аляксандраўна.
Праектны кошт дзіцячага садка і сярэдняй школы складае каля 52 і 94 мільярдаў рублёў адпаведна. Сумы значныя – але ўкладваюцца яны ў нашу будучыню!

-------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.