Заместитель начальника отдела образования отвечает на самые акутальные вопросы, поступившие на "горячую линию"

08:00 / 20.06.2013
“Гарачая лінія” з намеснікам начальніка аддзела адукацыі Наталляй Вікенцьеўнай Баніцэвіч прайшла напрыканцы навучальнага года. Сёння мы друкуем самыя актуальныя пытанні, адказы на якія паступілі на “гарачую лінію”.

– Ці плануецца ў наступным навучальным годзе ўводзіць адзіную школьную форму?


– У нашай краіне пры арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўсіх школах вучні 1-11 класаў павінны прытрымлівацца дзелавога стылю адзення. Узоры адзення дзелавога стылю зацвярджаюцца штогод. Іх фотаздымкі можна ўбачыць на інтэрнэт-сайце Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Што датычыцца адзінай школьнай формы, то пакуль што ўвядзенне яе ў нашай краіне не плануецца. Хаця ў некаторых навучальных установах – напрыклад, гімназіі №1 Астраўца – па рашэнні адміністрацыі і са згоды бацькоў была ўведзена адзіная школьная форма.


– У 11 класе Кямелішкаўскай школы ў наступным годзе будуць вучыцца толькі трое старшакласнікаў. Ці будзе адкрыты гэты клас?


– Класаў з вельмі нізкай напаўняльнасцю быць не павінна. Навучанне ў такіх малакамплектных класах з’яўляецца фінансава накладным для дзяржавы. Выпускнікі такіх класаў у фінансавым плане атрымліваюцца “залатымі”. Таму ўсім аддзелам адукацыі ставіцца задача з першага верасня бягучага года не дапускаць адкрыцця 10-11 класаў з напаўняльнасцю менш чым 5 вучняў. Аднак у нашым раёне – у дадзеным выпадку ў Кямелішкаўскай школе – такі клас будзе адкрыты, бо ўсе вучні матываваны на паступленне ў ВНУ.


– Ці ёсць парадак перагляду экзаменацыйнай адзнакі ў 11 класе?


– У адпаведнасці з Правіламі атэстацыі, экзаменацыйныя і выніковыя адзнакі, якія выстаўлены вучням выпускных класаў, а таксама гадавыя адзнакі па вучэбных прадметах, якія ўключаюцца ў пасведчанне аб агульнай базавай адукацыі ці ў атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі па выніках научання ў папярэдніх класах, не пераглядваюцца.
Аднак вучні і іх бацькі маюць права пасля абвяшчэння экзаменацыйнай адзнакі напісаць заяву на імя дырэктара і пазнаёміцца са сваёй работай.


– Ходзяць чуткі, што ў Беларусі навучальны год будзе падоўжаны на адзін месяц – так, як гэта зроблена ў некаторых замежных краінах. Наколькі праўдзівая гэта інфармацыя?


– Пакуль што гэта проста чуткі. Павялічваць навучальны год у бліжэйшай будучыні Міністэрства адукацыі нашай краіны не плануе.


– Ці з’яўляюцца абавязковымі для наведвання дзесяцікласнікамі вучэбна-палявыя зборы?


– У адпаведнасці з правіламі правядзення атэстацыі вучняў, гадавая адзнака па дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўцы ў 10 класе выстаўляецца з улікам адзнакі за вучэбна-палявыя зборы і медыцынскую практыку, а рашэнне аб пераводзе дзесяцікласнікаў у наступны клас педагагічны савет прымае пасля іх правядзення.
У школах для праходжання поўнага цыклу праграмы вучэбна-палявых збораў і медыцынскай практыкі – на кожны прадмет выдзяляецца па трыццаць гадзін – не створана спецыяльных умоў, адсутнічае матэрыяльна-тэхнічная база. Таму з 2005 года гэтыя зборы праходзяць на базе абаронна-патрыятычнага летніка “Ластаўка”, побач з якім размяшчаюцца аддзел пагранічнай службы “Гудагай” і пагранічная застава “Лоша”. Спецыяльна для праходжання медыцынскай практыкі дзяўчатамі лагер укамплектаваны медыцынскімі работнікамі. Хаця дапускаецца, каб дзяўчаты праходзілі вучэбна-палявыя зборы на базе лячэбных устаноў.


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.