Команада Островецкого райисполкома стала тринадцатой на областной спартакиаде "Вертикаль"

14:00 / 19.06.2013
На два дні дзяржаўныя служачыя Гродзеншчыны пакінулі свае службовыя справы і ператварыліся ў спартсменаў: кідалі дроцікі, паказвалі майстар-клас у плаванні, гулялі ў тэніс і більярд. У мінулыя выхадныя ў Гродне прайшла першая абласная спартакіяда “Вертыкаль” сярод работнікаў гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, аблвыканкама і адміністрацыі горада Гродна.

Падобная спартакіяда праходзіла на Гродзеншчыне ўпершыню. Сябе паказаць і іншых паглядзець прыехала дваццаць адна каманда. Спартыўныя здольнасці дзяржслужачыя маглі прадэманстраваць у пяці відах спорту: плаванні, більярдзе, настольным тэнісе, дартсе, а апошні быў на выбар паміж міні-футболам і валейболам.
Астравецкая каманда аддала перавагу валейболу. Разам з ёй гэты від спорту выбралі яшчэ шаснаццаць каманд. З дапамогай жараб’ёўкі яны былі падзелены на чатыры групы. Сапернікамі астраўчан сталі каманды з Гродзенскага, Бераставіцкага і Іўеўскага райвыканкамаў. Трэба адзначыць, што гульні праходзілі і ацэньваліся не па кругавой сістэме. Адной з самых рашаючых была першая сустрэча – прайграўшая каманда аўтаматычна апускалася на апошняе месца, узняцца з якога было вельмі няпроста. Аднак астравецкія валейбалісты – Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі, Віталь Мар'янавіч Мацкевіч, Валянцін Часлававіч Далговіч, Віктар Віктаравіч Млечка, Дзмітрый Уладзіміравіч Багдановіч, Таццяна Мікалаеўна Букель і Надзея Фёдараўна Смолік – першую гульню з камандай Гродзенскага райвыканкама ўпэўнена выйгралі 2:0. Наступнымі іх сапернікамі былі валейбалісты з Бераставіцы. І вось пачалася сапраўдная барацьба – яна была больш, чым упартай, ніводная з каманд не жадала аддаваць перамогу саперніку. У выніку Бераставіца ўсё ж выйграла. Аднак… У спаборніцтвах павінны былі ўдзельнічаць толькі дзяржаўныя служачыя, а не “падстаўныя” ігракі. Гэта было абавязковым патрабаваннем. Як высветлілася пазней, бераставіцкая каманда яго парушыла – чым нашкодзіла толькі сабе. Яе перамога была анулявана і прысуджана камандзе Астравецкага райвыканкама.
Але гэта стала вядома толькі на наступны дзень спаборніцтваў. А пакуль ішлі праверка і разбіральніцтва, гульні не спыняліся.
У першы ж дзень спартакіяды адбыўся і фінал па валейболе. Таму, хоць астраўчане і выйгралі ў каманды з Іўя 2:1, але на наступны дзень змаглі пазмагацца толькі за трэцяе-чацвёртае месцы. Іх сапернікамі на пляцоўцы стала каманда Гродзенскага аблвыканкама, якая ў выніку і перамагла 2:0. Астраўчане сталі чацвёртымі сярод сямнаццаці каманд-удзельніц – вельмі добры вынік.
Калі ў валейболе нашай камандзе не хапіла да прызавога месца толькі крыху, то ў дартсе астравецкім удзельнікам не было роўных. Хаця спачатку іх чакаў не вельмі прыемны сюрпрыз. Справа ў тым, што перад спаборніцтвам удзельнікі трэніраваліся, як і ў большасці выпадкаў, кідаць дроцікі па стандартнай мішэні і зарабляць неабходныя ачкі. Умовы непасрэдна на спартакіядзе былі іншымі – трапляць трэба было ў спецыяльныя сектары, а гэта зусім іншая спецыфіка. Праўда, з лёгкай збянтэжанасцю ад такога павароту нашы ўдзельнікі – Кацярына Леанідаўна Лянкевіч і Сяргей Лявонцьевіч Сяўко хутка справіліся. Пяць падыходаў па тры кідкі… І найбольшую колькасць ачкоў, лепшы вынік і безумоўнае першае месца займае Кацярына Лянкевіч. Толькі крыху ад сваёй напарніцы адстаў і Сяргей Лявонцьевіч – ён заняў трэцяе месца. У выніку – першае агульнакаманднае месца.
Цікава прайшлі і спаборніцтвы па більярдзе. Праўда, заўсёды нязручна гуляць на чужым, нязвыклым і “некатаным” стале. Акрамя гэтага, ва ўсіх спаборніцтвах дзейнічала правіла, што і ў валейболе: выйграеш першую гульню – падымаешся наверх падліковай табліцы, прайграеш – апускаешся ўніз. Ад астравецкай каманды ў спаборніцтвах па більярдзе ўдзельнічаў Віктар Збігневіч Свіла. Пасля ўсёй серыі ён аказаўся ў залатой сярэдзіне – заняў адзінаццатае месца.
Няпростым аказалася і спаборніцтва па плаванні. На жаль, басейна ў Астраўцы няма, таму нашым удзельнікам нават патрэніравацца не было дзе. На спартакіядзе трэба было праплыць 50 метраў. Міхаіл Уладзіміравіч Шульгін прадэманстраваў чатырнаццаты вынік, Наталля Іосіфаўна Станкевіч прыплыла да фінішу пятнаццатай. У выніку яны занялі васямнаццатае агульнакаманднае месца.
А вось падчас спаборніцтваў па настольным тэнісе астравецкім удзельнікам прыйшлося прадэманстраваць не толькі майстэрства, але і фізічную вытрымку. Напрыклад, Валянціна Іванаўна Дземеш іграла з хворай спіной. Аднак, нягледзячы на гэта, выступіла дастойна і ў выніку стала чатырнаццатай. Крыху менш пашанцавала яе напарніку па ракетцы Аляксею Іванавічу Танковічу – ён заняў васямнаццатае месца. Разам яны таксама занялі васямнаццатае месца.
Пры падліку ўсіх месцаў каманда Астравецкага райвыканкама заняла трынаццатае агульнакаманднае месца, якое падзяліла з камандай адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна. Нядрэнны дэбют і добрыя перспектывы, каб у наступны раз падняцца ўверх па “Вертыкалі”.


-----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.