Без Островца - ни начала, ни конца

08:09 / 29.04.2013


23 красавіка ў Мінску адкрылася ХVII Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМI ў Беларусі», якая сёлета, як і летась, праходзіць сумесна з Міжнародным форумам па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях «ТИБО-2013».
Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця міжнароднай імпрэзы прынялі ўдзел намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, міністр сувязі і інфарматызацыі Мікалай Панцялей, а таксама прадстаўнікі замежных дэлегацый з Літвы, Казахстана, Азербайджана, Расіі і Латвіі. Анатоль Калінін зачытаў зварот Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі да ўдзельнікаў выставы і форуму з пажаданнямі плённай працы і поспехаў у рэалізацыі вызначаных мэтаў.



Пасля таго, як сімвалічная стартавая стужка выставы была перарэзана, прадстаўнічая дэлегацыя на чале з першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта РБ Аляксандрам Радзьковым пайшла “у народ” – наведала кожную з паўсотні выставачных пляцовак, прадстаўленых на імпрэзе. У ліку першых аказаўся “панадворак” Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, на якім у гэты дзень “запальвалі” самадзейныя артысты з хору “Польскае рэха Астраўца”, што дзейнічае пры Астравецкім раённым аддзяленні Саюза палякаў Беларусі.
Трэба сказаць, што нечакана для саміх сябе астраўчане сталі амаль што брэндавай з’явай міжнароднай выставы – іх яркія касцюмы і такі ж спеўны талент заўважылі, здаецца, усе. Прынамсі, ад жадаючых сфатаграфавацца з харыстамі не было адбою – да сваіх стэндаў астравецкіх артыстаў запрасілі кітайцы, індыйцы, кубінцы, венесуэльцы, газеты “Аргументы і факты”, “Спорт”, агенцтва “Мінск-Навіны” і многія іншыя.






А міжнародную дэлегацыю хор “Польскае рэха Астраўца” сустрэў заліхвацкай песняй “Танцуй, танцуй”. Старшыня раённага аддзялення Саюза палякаў Беларусі Тарэса Мароз на саматканым, філіграннай работы ручніку паднесла Аляксандру Радзькову каравай, выпечаны астравецкімі кандытарамі.
Даведаўшыся, што спевакі з Астраўца, Аляксандр Міхайлавіч махнуў рукой на рэгламент і добры кавалак часу прысвяціў размове з харыстамі.
– У Астраўца цяпер выдатныя перспектывы развіцця, – у прыватнасці, сказаў ён. – Вось літаральна ўчора мы абмяркоўвалі “астравецкую” тэму. Гаворка ішла пра неабходнасць будаўніцтва ў вашым горадзе новых школ, дзіцячых дашкольных устаноў і іншых аб’ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння. Не сумнявайцеся: у самым хуткім часе яны будуць пабудаваны. Цудоўна, што вы, беларускія палякі, маеце магчымасць для свайго нацыянальнага самавыяўлення. У нашай краіне ў цэлым і ў вашым раёне ў прыватнасці для гэтага ствараюцца ўсе ўмовы. Не губляйце самабытнасці – і надалей развівайце сваю мову, культуру, традыцыі. Ад гэтага наша агульная беларуская культура толькі ўзбагачаецца і расцвітае…”



На выставе было прадстаўлена больш за 600 розных перыядычных выданняў. Не стала выключэннем і наша “раёнка” – азнаёміцца з газетай “Астравецкая праўда” можна было на спецыялізаваным стэндзе СМІ Гродзенскай вобласці. І наша “АП” не засталася незаўважанай – яе зместам і знешнім выглядам цікавіліся самыя розныя людзі. Сярод прыхільнікаў друкаванага органа Астравеччыны аказаўся і ўраджэнец нашага раёна, таленавіты паэт, што пражывае ў Латвіі, Станіслаў Валодзька, які, карыстаючыся выпадкам, перадаў нам цёплыя словы прывітання і найлепшыя пажаданні. А таксама паабяцаў даслаць хору “Польскае рэха Астраўца” новыя песні, напісаныя на яго вершы, чатыры з якіх перакладзены на польскую мову.

--------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.