Доклад председателя Островецкого районного исполнительного комитета Адама Ковалько

15:09 / 05.02.2013

28 студзеня адбылося сумеснае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта і сесіі раённага Савета дэпутатаў, на якім была заслухана справаздача старшыні раённага выканаўчага камітэта А.Д. Кавалькі аб рабоце райвыканкама ў 2012 годзе і задачах на 2013 год.
У 2012 годзе раёнам забяспечана выкананне большасці даведзеных прагнозных паказчыкаў і заданняў сацыяльна-эканамічнага развіцця.



Сельская гаспадарка

За мінулы год сельскагаспадарчымі арганізацыямі ў цэлым па раёне забяспечана выкананне асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця.
Тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах склаў 109,7 % пры заданні 107,5%; рэнтабельнасць продажаў – 13,7% пры заданні 4,5%; паказчык па энергазберажэнні – мінус 9,8 пры прагнозе мінус 5,0; прыцягненне інвестыцый у асноўны капітал – 114,5% пры заданні 105%.
За справаздачны перыяд сельскагаспадарчыя арганізацыі атрымалі валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах на 239,7 мільярда рублёў. Усе гаспадаркі выканалі даведзенае гадавое заданне.
Тэмп росту вытворчасці прадукцыі раслінаводства склаў 112,6%. Валавы збор збожжавых і зернебабовых культур (у вазе пасля дапрацоўкі, уключаючы кукурузу на зерне) склаў 70,9 тысячы тон, ці 114,2% да ўзроўню мінулага года – гэта рэкордны паказчык за ўсю гісторыю існавання Астравецкага раёна. З кожнага гектара атрымана 38,9 цэнтнера збожжавых і зернебабовых.
Але пры гэтым варта звярнуць увагу на яўныя пралікі агранамічнай службы некаторых гаспадарак у вырошчванні зернебабовых культур, а таксама такой эканамічна выгаднай культуры як рапс. Творча і плённа ў мінулым годзе працавалі калектывы СВК “Гервяты” і “Міхалішкі”, астатнім тром гаспадаркам яшчэ трэба прыбаўляць у рабоце.
У мінулым годзе ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна было нарыхтавана 98,4 тысячы тон кармавых адзінак, што складае 105,5 працэнта да ўзроўню 2011 года.
У разліку на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 36,5 цэнтнера кармавых адзінак, у тым ліку травяністых кармоў – 24,2 цэнтнера. Забяспечанасць уласнымі кармамі на 100 і больш працэнтаў дасягнута ва ўсіх гаспадарках раёна.
Тэмп росту вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў супастаўных цэнах склаў 107,7%.
У мінулым годзе атрымана 46 тысяч тон малака (+4128 тон, ці 9,9% вышэй узроўню 2011 года). На адну фуражную карову надоена 5357 кг малака (+369 кг).
Самая высокая прадуктыўнасць дойнага статка ў СВК “Гервяты”, дзе надой склаў 5765 кг (+385 кг).
Гаспадаркі раёна адправілі на перапрацоўку 40,9 тысячы тон малака (114,1% да ўзроўню мінулага года), з яго сортам “экстра” – 9,2%, вышэйшым – 79,1%, сярэдняй тлустасцю – 3,85%, таварнасць склала 88,8%.
Прадукцыя вырошчвання жывёлы склала 8033 тоны. Валавыя прывагі буйной рагатай жывёлы павялічыліся на 4,5%, свіней – на 5,3% да ўзроўню мінулага года. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы склалі 700 грамаў (+1 грам да ўзроўню мінулага года), свіней – 600 грамаў (+7 грамаў).
Колькасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы ў гаспадарках раёна павялічылася на 3,5%, ці на 1009 галоў, у тым ліку кароў – на 500 галоў, пагалоўе свіней – на 651 галаву.
За 11 месяцаў мінулага года атрымана больш чым 357 мільярдаў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі сельскай гаспадаркі, 48,8 мільярда рублёў прыбытку ад рэалізацыі, 56,6 мільярда чыстага прыбытку, рэнтабельнасць склала 20,8%, рэнтабельнасць продажу – 13,7% пры заданні 4,5% Усе віды прадукцыі жывёлагадоўлі на бягучы момант рэнтабельныя.
У 2012 годзе сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна набылі 7 трактароў, 6 збожжаўборачных камбайнаў КЗС-1218, 4 касілкі КПР-9, 5 высокапрадукцыйных прэсаў “Тарнада”, 4 адзінкі грабляў “Міленіум V-20”.
Вядзецца работа па будаўніцтве, рэканструкцыі і тэхнічным пераўзбраенні жывёлагадоўчых ферм: у СВК “Гудагай” – “Малі”, “Германішкі”, СВК “Гервяты” – “Рымдзюны”, “Дайлідкі”, СВК “Варняны” – “Газа”, у “Саўгасе “Падольскі” – “Падольцы”, будаўніцтва новай фермы “Маркуны” ў СВК “Міхалішкі”.
У мінулым годзе ў асноўны капітал было прыцягнута 141,1 мільярда рублёў інвестыцый (у 2011 годзе – 66,2 мільярда). Аб’ём інвестыцый у супастаўных цэнах у цэлым па раёне выкананы на 114,5%.
У дасягнутых поспехах сельскагаспадарчай галіны немалая заслуга спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Гэтую творчую і аналітычную працу яны павінны прадоўжыць і ў 2013 годзе, асабліва пры распрацоўцы і абароне мерапрыемстваў на 2013 год.
Сярэднямесячная заработная плата ў сельскай гаспадарцы ў мінулым годзе склала 2518 тысяч рублёў і перавысіла ўзровень папярэдняга года на 215%. Аднак неабходна канстатаваць, што зарплата працаўнікоў сельскай гаспадаркі па-ранейшаму застаецца параўнальна невысокай. Улічваючы патрабаванні сённяшняга дня і сітуацыю ў нашым раёне, кіраўнікам сельгасарганізацый пытанню росту заработнай платы неабходна надаваць самую пільную ўвагу. У 2013 годзе памер сярэднямесячнай заработнай платы патрэбна давесці да 4 мільёнаў рублёў, а тэмп росту валавой вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі забяспечыць на ўзроўні 108,3%.
Забеспячэнне росту валавых збораў і ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур у 2013 годзе будзе дасягнута за кошт інтэнсіфікацыі раслінаводчай галіны. Павелічэнню аб’ёмаў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі будзе садзейнічаць удасканаленне тэхналогіі кармлення жывёлы, павелічэнне долі бялковых кампанентаў у рацыёне і паляпшэнне ўмоў утрымання жывёлы ў выніку праводзімай рэканструкцыі і мадэрнізацыі вытворчасці. Будзе працягнута работа па будаўніцтве і рэканструкцыі малочна-таварных ферм, збожжасушыльных комплексаў, тэхнічнае пераўзбраенне сельскагаспадарчых аб’ектаў.



Прамысловасць і сфера паслуг

У 2012 годзе ў нашым раёне было створана 17 новых прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці. У сувязі з рэалізацыяй на тэрыторыі раёна буйнейшага праекта па будаўніцтве атамнай электрастанцыі многія інвестары выказваюць намер прыйсці да нас са сваімі прадпрыемствамі і гандлёвымі кропкамі.
Рост аб’ёмаў прамысловай вытворчасці за 2012 год у супастаўных цэнах склаў 110,6% пры заданні 109%, яе выпушчана на суму 57,7 мільярда рублёў (тэмп росту да 2012 года – 170,9%). ААТ “Кардонная фабрыка “Альхоўка” забяспечыла тэмп росту ў супастаўных цэнах на 109,6% пры заданні 105%, ААТ “Астравецкі завод “Радыёдэталь” – 119,4% пры заданні 109%, Астравецкае УК- ПБАН – 133,8% пры заданні 110%, Астравецкае РУП ЖКГ – 107,1% пры заданні 105,5%.
Здавалася б, у мінулым годзе праведзена вялікая работа, і калектывы ўсіх прамысловых прадпрыемстваў заслугоўваюць слоў падзякі. Але дасягнутых тэмпаў росту, а галоўнае існуючых аб’ёмаў вытворчасці, недастаткова для таго, каб нармальна жыць і развівацца. Неабходна так планаваць сваю работу, каб павялічваць валавую вытворчасць і, што самае галоўнае, – зніжаць затраты на вытворчасць прадукцыі, што дазволіць павысіць заработную плату супрацоўнікаў.
На бягучы год устаноўлена заданне па індэксе фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі ў памеры 115%. Асноўнымі накірункамі далейшага развіцця прамысловасці раёна павінны стаць мадэрнізацыя існуючай вытворчасці, выпуск інавацыйнай прадукцыі, якая была б запатрабавана на знешніх рынках.
Добрыя перспектывы развіцця з’яўляюцца ў “Кардоннай фабрыкі “Альхоўка” з уключэннем яе ў склад аднаго з буйнейшых прадпрыемстваў краіны – холдынга “Беларускія шпалеры”. Гэта стварае перадумовы таго, каб з неперспектыўнага прадпрыемства, якое выпускае прадукцыю на маральна і фізічна састарэлым абсталяванні, што не карыстаецца попытам, фабрыка ператварылася ў сучаснае прадпрыемства. Вядуцца перамовы аб уключэнні завода “Радыёдэталь” у склад вытворчага аб’яднання імя Казлова – гэта саліднае прадпрыемства, якое зможа забяспечыць наш завод заказамі і неабходнымі аб’ёмамі вытворчасці. Рэарганізацыі патрабуе і камбінат бытавога абслугоўвання.
Тэмп росту экспарту тавараў за 11 месяцаў 2012 года ў цэлым па раёне склаў 98,8% (3,6 мільёна долараў ЗША) пры прагнозе 108,5%, у тым ліку без рэспубліканскіх прадпрыемстваў экспарт вырас у 1,5 раза (1,4 мільёна долараў) пры прагнозе 118%. Імпарт тавараў павялічыўся на 37,6% (на 467,5 тысячы долараў ЗША, да 1,7 мільёна долараў). Сальда знешняга гандлю таварамі ў цэлым па раёне станоўчае ў памеры 1,9 мільёна долараў пры прагнозе ў 3 мільёны долараў.
У той жа час атрымана адмоўнае сальда знешняга гандлю па арганізацыях за выключэннем рэспубліканскага падпарадкавання ў памеры 44 тысячы долараў ЗША пры прагнозе плюс 100 тысяч долараў. Аднак у параўнанні з аналагічным перыядам 2011 года адбылося значнае, у 2,5 раза, скарачэнне гэтага адмоўнага сальда. Найбольшую ўдзельную вагу – 68,1% – у структуры імпарту займаюць закупкі прамежкавых тавараў – насення кукурузы, плёнкі полістэрольнай, індычанят, запчастак і камплектуючых.Тэмп росту экспарту паслуг у цэлым па раёне за 11 месяцаў 2012 года склаў 99% (340,8 тысячы долараў ЗША) пры прагнозе 116%, без уліку рэспубліканскіх прадпрыемстваў – 107,8% (303,5 тысячы долараў ЗША) пры прагнозе 116%. Імпарт паслуг у цэлым па раёне павялічыўся ў 3 разы. Сальда знешняга гандлю паслугамі – станоўчае ў памеры 316,1 тысячы долараў ЗША пры прагнозе ў 500 тысяч долараў.
Асноўнай прычынай зніжэння экспарту паслуг у мінулым годзе з’яўляецца павелічэнне кошту комплексу паслуг па правядзенні паляўнічых тураў, што рэзка змен- шыла попыт на іх.
Асноўнай задачай прадпрыемстваў у знешнеэканамічнай дзейнасці на бягучы год павінна быць захаванне традыцыйных і асваенне новых замежных рынкаў, актывізацыя работы на расійскім рынку ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы.
У мінулым годзе на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы прадпрыемствамі і арганізацыямі ўсіх форм уласнасці было асвоена 1609,4 мільярда рублёў інвестыцый, у тым ліку за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту – 241,1 мільярда рублёў (15% ад агульнай сумы), мясцовых бюджэтаў – 15,5 мільярда, уласных сродкаў арганізацыі – 110,3 мільярда, крэдытаў банка – 1210,7 мільярда, сродкаў насельніцтва – 8,4 мільярда рублёў. У параўнанні з 2011 годам аб’ём інвестыцый павялічыўся ў супастаўных цэнах больш чым у 2,3 раза. За студзень-лістапад 2012 года прыцягнута 0,217 мільёна долараў ЗША прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.



Гандаль

Рознічны тавараабарот праз усе каналы рэалізацыі ў мінулым годзе ў фактычных цэнах склаў 496,5 мільярда рублёў – 111,8% да ўзроўню папярэдняга года ў супастаўных цэнах пры заданні 105%.
У Астравецкім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства тэмп росту рознічнага тавараабароту склаў 106,8% пры прагнозе 106%, яго ўдзельная вага пры тавараабароце раёна – 24,6% (у 2011 годзе яна складала 26,5%).
Варта адзначыць недастатковую работу гандлёвых арганізацый раёна па насычэнні гандллёвай сеткі неабходнымі насельніцтву таварамі па пашырэнні асартыменту. Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі неабходна вывучаць попыт людзей, пастаўляць на прылаўкі канкурэнтаздольны тавар, арганізоўваць выстаўкікірмашы для прыцягнення пакупнікоў.
На 2013 год рост рознічнага тавараабароту ў сферы гандлю плануецца на ўзроўні 113%. У Астравецкага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства ёсць яшчэ шмат не задзейнічаных рэзерваў для паляпшэння сваёй работы. Наш гандаль павінен быць лепшым у Гродзенскай вобласці, а магчыма – і ва ўсёй краіне. Усе ўмовы для гэтага ёсць і перспектывы для развіцця – невычарпальныя. У нас будуецца новы горад, прыязджаюць новыя людзі, і гандаль павінен забяспечыць іх усім неабходным.
Сваю работу ў 2013 годзе Астравецкае райспажыўтаварыства павінна сканцэнтраваць у першую чаргу на развіцці ўласнай вытворчасці. Для гэтага патрэбна правесці рэканструкцыю і мадэрнізацыю хлебазавода, закончыць будаўніцтва забойнага цэха і прывесці да ладу каўбасны цэх. А самае галоўнае – гэта развіваць сістэму грамадскага харчавання, каб забяспечыць своечасовым, якасным, смачным харчаваннем усіх рабочых, занятых на будаўніцтве атамнай станцыі. А ў пік будаўніцтва іх колькасць будзе перавышаць 8 тысяч чалавек. Гэта сур’ёзная задача, і да яе ажыццяўлення трэба сур’ёзна рыхтавацца.



Будаўніцтва, сувязь, камунальная гаспадарка

У мінулым годзе значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна ўнеслі арганізацыі будаўнічай  галіны, жыллёвакамунальнай арганізацыі, энергетыкі.
За 2012 год аб’ём будаўніча - мантажных работ па арганізацыях раёна склаў 948,8 мільярда рублёў, што ў супастаўных цэнах склала 195% да ўзроўню папярэдняга года. Плануецца, што ў 2013 годзе аб’ём будаўніча-мантажных работ складзе 160% да ўзроўню 2012 года. Рост будзе дасягнуты за кошт павелічэння аб’ёмаў у жыллёвым будаўніцтве, узвядзенні аб’ектаў аграпрамысловага комплексу, будаўніцтве АЭС.
Праграмай будаўніцтва жылля ў 2012 годзе прадугледжвалася ўвесці ў эксплуатацыю 246 кватэр, ці 16200 квадратных метраў. Фактычна ж здадзена ў эксплуатацыю 303 кватэры агульнай плошчай 22210 квадратныя метры – 137% ад гадавой праграмы. Перавыкананне плана адбылося за кошт індывідуальнага будаўніцтва і ўводу службовага жылля для будаўнікоў АЭС.
У 2013 годзе неабходна ўвесці ў эксплуатацыю 371 кватэру – 26630 квадратных метраў жылля. У тым ліку на вёсцы – 10 кватэр плошчай 800 квадратных метраў; ЖБК-17 – 60 кватэр – 3490 квадратных метраў; індывідуальнае жыллё – 25 кватэр – 3500 квадратных метраў, службовае жыллё для будаўнікоў АЭС – 276 кватэр плошчай 18840 квадратных метраў. Распрацавана праграма будаўніцтва і фінансавання аб’ектаў інфраструктуры на 2013 год.
Асноўная будаўнічая арганізацыя раёна – ДП «МПМК-158» у мінулым годзе не выканала 7 прагнозных паказчыкаў: аб’ём работ па генпадрадзе (85,3%) і ўласнымі сіламі (58,1% у супастаўных цэнах) і іншыя – у той час, як сярэдняя заработная плата склала 3060 тысяч рублёў (151,3% да плана). Відавочна яўная неадпаведнасць у арганізацыі прадукцыйнасці працы і заработнай платы. У 2013 годзе новаму кіраўніцтву арганізацыі неабходна прывесці ў адпаведнасць суадносіны росту радукцыйнасці працы і заработнай платы і ўзняць на належны ўзровень арганізацыйна-кадравую работу, працоўную, тэхналагічную і выканаўчую дысцыпліну.
ДРБУ-159 за 2012 год асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця выканала поўнасцю. Аднак аб’ём капітальных укладанняў, запланаваны на гэты год, з’яўляецца недастаковым. Неабходна арганізаваць работу па павелічэнні аб’ёмаў работ і пошуку новых заказчыкаў. Па жыллёва-камунальнай гаспадарцы прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2012 год практычна выкананы, за выключэннем паказчыка па выкарыстанні мясцовых відаў паліва – пры даведзеным заданні 85,6% ён выкананы на 47,75%. Але гэты паказчык быў неабгрунтавана завышаны папярэдне, з-за чаго прадпрыемства неаднаразова звярталася ў аддзел энергетыкі і паліва Гродзенскага аблвыканкама, але безвынікова. Прадпрыемствамі транспарту і сувязі ў 2012 годзе забяспечана выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў поўным аб’ёме.
У 2012 годзе сярэднямесячная заработная плата работнікаў арганізацый Астравецкага раёна склала 2868,5 тысячы рублёў пры прагнозным паказчыку 2819,19 тысячы рублёў, тэмп росту заработнай платы да 2011 года склаў 200%, рэальнай заработнай платы – 120%.



Сацыяльная сфера

У мінулым годзе дасягнуты пэўныя станоўчыя вынікі ў развіцці сацыяльнай сферы.
У галіне адукацыі асноўная ўвага надавалася рэалізацыі дзяржаўнай адукацыйнай палітыкі, забеспячэнню і стабільнаму функцыянаванню эфектыўнага развіцця ўстаноў адукацыі.
Зыходзячы з аналізу дэмаграфічнай сітуацыі і эканамічнай мэтазгоднасці, праведзена работа па аптымітызацыі сеткі ўстаноў адукаціі: дзяржаўная ўстанова адукацыі “Варонская базавая школа” і ДУА “Варонскі дзіцячы сад” рэарганізаваны ў ДУА “ВПК Варонскі дзіцячы сад-пачатковая школа”, з 1 верасня 2012 года ліквідаваны Варнянскі міжшкольны вучэбны вытворчы камбінат.
Пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года праведзены бягучыя і касметычныя рамонты ва ўсіх установах адукацыі на суму 3465,4 мільёна рублёў. З агульнага аб’ёму рамонтных работ гаспадарчым спосабам іх выканана на суму 1872 мільёна рублёў (49,7% ад агульнага аб’ёму фінансавання). Установамі адукацыі значна перавыкананы план пазабюджэтнай дзейнасці: пры планавым паказчыку 440 мільёнаў рублёў фактычна атрымана грашовых сродкаў на 620 мільёнаў, што складае 140,9% да плана.
Ва ўмацаванні і фінансава-гаспадарчай дзейнасці перад аддзелам адукацыі ў 2013 годзе прадугледжана: надзейнае функцыянаванне пабудоў устаноў адукацыі і папярэджанне іх аварыйнасці; прывядзенне ў адпаведнасці з санітарнымі правіламі і тэхнічнымі нормамі матэрыяльна-тэхнічнай базы СШ №1 Астраўца, ясляў-садка “Дубок”, ясляў-садка №2 Астраўца, харчблокаў Альхоўскай СШ і дзіцяча-аздараўленчага лагера “Ластаўка”. Плануецца таксама павялічыць аб’ём работ, выкананых гаспадарчым спосабам, завяршыць да пачатку навучальнага года работы па навядзенні парадку на зямлі і комплексным добраўпарадкаванні тэрыторый, і выканаць шэраг іншых першачарговых задач.
У пачатку 2012 года культурным абслугоўваннем насельніцтва раёна займалася 47 устаноў раёна. У ходзе аптымізацыі былі закрыты Лошская, Гозская, Страчская бібліятэкі, зачынены Ізабелінскі сельскі клуб, рэарганізаваны раённы і Гервяцкі Дамы рамёстваў, Страчанскі сельскі Дом культуры рэарганізаваны ў сельскі клуб, Астравецкая дзіцячая школа мастацтваў стала юрыдычнай асобай, а музычная школа раёна пераўтворана ў яе філіялы, была адкрыта Страчанская бібліятэка.
На фінансаванне ўстаноў культуры ў 2013 годзе выдзелена 19,8 мільярда рублёў, у тым ліку на рамонты ўстаноў культуры – 2751,4 мільёна. У 2013 годзе плануецца правесці рамонты Палушскай бібліятэкі-клуба, Трокеніцкай бібліятэкі, Гудагайскага, Варонскага, Рытаньскага, Варнянскага, Падольскага, Гервяцкага, Рымдзюнскага СДК, раённага Дома культуры, зрабіць праектна-каштарысную дакументацыю на рамонт Альхоўскага і Кямелішкаўскага СДК. На 2013 год таксама выдзелены мэтавыя бюджэтныя сродкі на закупку музычных інстументаў для Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў – 270 мільёнаў рублёў і на арганізацыю бягучых рамонтаў гаспадарчым спосабам – 100 мільёнаў рублёў.
Здавалася б, культурныя арганізацыі нашага раёна працуюць паспяхова. І нельга не адзначыць, што без удзелу работнікаў культуры не абыходзіцца ні адно больш-менш значнае свята. Аднак пры гэтым вымушаны канстатаваць, што яшчэ нядаўна культурныя ўстановы раёна працавалі больш дынамічна, творча, цікава. Сёння ім неабходна праяўляць у рабоце больш творчага пошуку.
Існуючая на тэрыторыі раёна сетка медыцынскіх устаноў і кадры сістэмы аховы здароўя дазваляюць вырашаць задачы, што стаяць у гэтай галіне па забеспячэнні даступнай і якаснай медыцынскай дапамогі ўсім слаям насельніцтва.
Хочацца сказаць словы падзякі ў адрас галоўнага ўрача УАЗ “Астравецкая раённая бальніца” Валянціна Ігнатавіча Тачонага і ўсяго калектыву за дасягнутыя вынікі работы ў 2012 годзе. Усё больш людзей звяртаюцца за медыцынскай дапамогай у нашу раённую бальніцу і яе падраздзяленні – і гэта сведчыць аб якасці медыцынскіх паслуг. Набыццё новага абсталявання дазволіла пашырыць пералік і аб’ём платных паслуг, якія ўстановы аховы здароўя аказваюць насельніцтву.
У 2012 годзе іх аб’ём склаў 1583,5 мільёна рублёў, што складае 195,1% да ўзроўню 2011 года. Забяспечана выкананне мінімальных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва ў галіне аховы здароўя.
У бягучым годзе ўстановам аховы здароўя неабходна забяспечыць станоўчую дынаміку медыка-дэмаграфічных паказчыкаў, распрацаваць мерапрыемствы па эканоміі сродкаў на набыццё медыкаментаў, харчавання, энергазберажэння, выпрацаваць план матэрыяльна-тэхнічнага развіцця сістэмы аховы здароўя з улікам будаўніцтва АЭС. Неабходна прадоўжыць работу па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы лячэбных устаноў раёна, у першую чаргу – на вёсцы.
У раёне мэтанакіравана праводзіцца работа па стварэнні ўмоў для заняцця фізічнай культурай і спортам. У 2012 годзе актывізавалася экскурсійна-турыстычная работа, пашырыўся дыяпазон экскурсій – як па ўзросце ўдзельнікаў, так і па тэматыцы і геаграфіі экскурсій.
Аднак у бягучым годзе аддзелу па фізічнай культуры, спорце і турызме неабходна больш актыўна аказваць турыстычныя паслугі. Праведзеная ў мінулыя гады арганізацыйная работа ў гэтым накірунку адкрывае вялікія магчымасці і перспектывы.


У бягучым годзе кіруючым кадрам раёна належыць выконваць яшчэ больш напружаныя задачы.
Па-першае, трэба захаваць станоўчую дынаміку развіцця ўсіх галін народнай гаспадаркі, стварыць неабходныя ўмовы і забяспечыць выкананне прагнозных паказчыкаў, што стаяць перад раёнам.
Па-другое, райвыканкаму, усім яго службам трэба вырашаць шматлікія арганізацыйныя і практычныя задачы па забеспячэнні будаўніцтва АЭС і інжынернай інфраструктуры, а таксама будаўніцтву жылля і развіццю сацыяльнай інфраструктуры.
Рэалізацыя гэтых задач патрабуе ад выканаўчай улады раёна, кіраўнікоў усіх узроўняў максімальнай аддачы, мабілізацыі і правільнага расходвання ўсіх фінансавых і матэрыяльных сродкаў, строгага захавання дысцыпліны, адказнасці за даручаную справу.