Визит на Островетчину председателя Комитета госконтроля

16:00 / 25.01.2013

У пятніцу наш раён наведалі старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю па Гродзенскай вобласці Васілій Мікалаевіч Герасімаў і старшыня Лідскага міжраённага Камітэта дзяржкантролю Іван Анатольевіч Клімовіч.


У пачатку студзеня Васілій Мікалаевіч Герасімаў быў прызначаны старшынёй Гродзенскага Камітэта дзяржкантролю і адзін са сваіх першых візітаў прысвяціў знаёмству з работай прадпрыемстваў і арганізацый нашага раёна. Першаступенным і галоўным пунктам праграмы знаходжання на Астравеччыне стала наведванне будаўнічай пляцоўкі Беларускай АЭС, якая ўзводзіцца на Астравеччыне.
– Гэта вельмі важны і ўнікальны для нашай рэспублікі аб’ект. Камітэт дзяржкантролю не можа не заставацца ў баку ад яго будаўніцтва, – сказаў Васілій Мікалаевіч. – Перад намі стаяць дзве задачы: з аднаго боку, мы будзем дапамагаць, дзе трэба. З другога – на будаўніцтве задзейнічаны вялікія бюджэтныя сродкі, і яны павінны расходавацца эканомна. Мы наладзім сістэму маніторынгу, каб адсочваць сітуацыю і своечасова прымаць меры і рашэнні, інфармаваць урад і Прэзідэнта дзяржавы аб усім, што адбываецца на будаўнічай пляцоўцы АЭС. Спадзяюся, што ніякіх праблем тут не ўзнікне.
Знаёмства з Астравеччынай пачалося з Інфармацыйнага цэнтра АЭС. Тут гасцей з вобласці і старшыню Астравецкага раённага выканаўчага камітэта А.Д. Кавальку сустракалі дырэктар Дырэкцыі будаўніцтва АЭС М.В. Філімонаў, намеснік дырэктара А.В. Баркун і кіраўнік групы па інфармацыйнай рабоце Э.І. Свірыд. Пасля пазнавальнай экскурсіі, падчас якой Э.І. Свірыд падрабязна расказаў пра ролю атамнай станцыі ў сусветнай энергетыцы і пра Беларускую АЭС, старшыня Камітэта дзяржкантролю вобласці наведаў некалькі прадпрыемстваў сацыяльнай і сельскагаспадарчай сферы раёна.
Васілій Мікалаевіч таксама паведаміў, што ў Год беражлівасці вялікая ўвага з боку Камітэта дзяржкантролю будзе ўдзяляцца прывентыўным мерам, каб у будучым не дапусціць памылак.
Апошнім у спісе наведаных аб’ектаў стала пляцоўка будаўніцтва Беларускай АЭС. Васілій Мікалаевіч наведаў ужо пабудаваныя аб’екты вытворчай сферы, катлаван першага блока будучай АЭС і адміністрацыйны будынак Дырэкцыі БелАЭС. Тут жа прайшла сустрэча з дырэктарам беларускага прадстаўніцтва Ніжагародскай інжынірынгавай кампаніі “Атамэнергапраект” Ю.А. Пуставым. Васілій Мікалаевіч унікаў ва ўсе моманты будаўніцтва, цікавіўся арганізацыямі і працаўнікамі, якія сёння задзейнічаны на будаўнічай пляцоўцы, і тэхналогіямі будаўніцтва.
– Шчыра кажучы, я не чакаў, што ў Астравецкім раёне столькі зроблена. Мне вельмі прыемна бачыць старшыню райвыканкама А.Д. Кавальку, у якога гараць вочы не толькі ад таго, што ўжо атрымалася зрабіць, але і ад таго, што яшчэ запланавана, – падвёў вынікі наведвання раёна Васілій Мікалаевіч.
Ён таксама падкрэсліў, што такія візіты стануць традыцыйнымі. Старшыня Камітэта дзяржкантролю па Гродзенскай вобласці ў бліжэйшы час плануе наведаць усе раёны вобласці, правесці ў іх прыёмы грамадзян і дапамагчы з рашэннем праблем, якія ўзнікаюць на месцах.


-----------------------------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.