Торжественная встреча молодых специалистов на Островетчине

21:49 / 23.01.2013
2

Гэтая добрая традыцыя існуе на Астравеччыне не першы год. Традыцыя падтрымліваць і дапамагаць, пазнаёміць і праінфармаваць, прывітаць і павіншаваць. Сёлета яна таксама працягнулася – на гэтым тыдні ў Астраўцы адбылося ўрачыстае ўшаноўванне маладых спецыялістаў.


Як бы ні склаліся далей абставіны, але першае месца працы для кожнага запамінаецца назаўсёды. Першыя крокі самастойнага жыцця, дзе ўжо нельга прагуляць ці спісаць трывала застануцца не толькі ў працоўнай кніжцы, але і ў памяці. Таму вельмі важна, каб гэтае першае месца работы, а таксама горад ці раён, дзе яно знаходзіцца, пакінулі станоўчыя і прыемныя ўспаміны.
Маладых спецыялістаў Астравеччыны прынята сустракаць урачыста і насычанай праграмай. Сёлета да нас у раён на першае рабочае месца прыехалі 182 маладыя спецыялісты, з іх 115 працуюць у арганізацыях, а 67 – распачалі працоўную дзейнасць у сельгаскааператывах. Усіх іх ужо з раніцы чакалі ў актавай зале дзіцячай школы мастацтваў для рэгістрацыі. Пасля перад моладдзю з прывітальным словам выступіў намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла, і пачалося знаёмства з раёнам. Пры гэтым не віртуальнае, з дапамогай відэафільма, а самае непасрэднае ў выглядзе экскурсіі па некаторым аб’ектам Астравеччыны.
Не сакрэт, што ў апошні час назва нашага раёна атаясамліваецца з будаўніцтвам першай Беларускай атамнай электрастанцыі. І першым пунктам, куды адправіліся маладыя спецыялісты, стала піянерная база. Там для іх правялі сапраўдную экскурсію як па тэрыторыі, так і ўнутры прадпрыемства.
Вядома, што праблемай нумар адзін для маладых і актыўных з’яўляецца, напэўна, кватэрнае пытанне. Канешне, атрымаць усё поўнасцю і адразу – з разраду фантастыкі. Але наш горад будзе расшырацца і развівацца, у тым ліку і будаўніцтва жылля. Ужо зараз маладыя спецыялісты змаглі ўбачыць забудоўлі мікрараёнаў №1 і 2. Хто ведае, можа, менавіта тут будзе размяшчацца іх будучае жыллё.
Працягнулася падарожжа моладзі з Астравеччынай наведваннем пляцоўкі будаўніцтва Беларускай АЭС. Там яны на свае вочы маглі пабачыць на колькі метраў выкапаны катлаван, якія адміністрацыйныя будынкі ўжо пабудаваны і што плануецца ў перспектыве і, вядома ж, дакрануцца да каменя, дзе знаходзіцца капсула з пасланнем нашчадкам. Не абышлося, канешне, і без фотасесіі – кожнаму хацелася захаваць гэты момант у сваім фотаархіве.
Напэўна, ніводная экскурсія па Астравеччыне не праходзіла без наведвання велічнага і непаўторнага, прыгожага і захапляючага Гервяцкага касцёла святой Троіцы. Маладыя спецыялісты, хто ўжо быў тут і хто ўбачыў касцёл упершыню, аднолькава з захапленнем глядзелі на гэтае хараство. Гэта і нядзіўна – святыня зноў і зноў паўстае перад вачыма сузіральнікаў у нейкім новым і таямнічым абліччы, ад якога вее цеплынёй, спакоем і дабром.
Пасля гэтай цікавай і насычанай экскурсіі маладых спецыялістаў зноў сустракалі ў актавай зале дзіцячай школы мастацтваў з урачыстай і цікавай праграмай. Свае словы прывітання маладой змене выказаў старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька. Адам Дзмітрыевіч успомніў час, калі ў раён прыязджала не больш 40 маладых спецыялістаў. Гэта былі няпростыя гады ў жыцці Астравеччыны. Але жыццё не стаіць на месцы і развіццё раёна – таксама. Развіваецца прамысловасць і сельская гаспадарка, актыўна ідзе будаўніцтва атамнай электрастанцыі, паступова павялічвацца інфраструктура раёна. І гэта не можа не зацікавіць маладых і ініцыятыўных. У сваю чаргу тут для іх стараюцца стварыць добрыя ўмовы і забяспечыць нармальную заработную плату.
–Хто такі малады спецыяліст? Гэта адукаваны, інтэлектуальна развіты малады чалавек, – адзначыў у сваім выступленні Адам Дзмітрыевіч. –Аднак прыходзіш на першае працоўнае месца, і ўсё як быццам пачынаецца спачатку, як бы і не было гадоў вучобы. Таму хочацца пажадаць вам цярпення, добрых дарадчыкаў, цікавасці і стараннасці да вашай працы і каб Астравеччына стала не толькі часовым месцам адпрацоўкі, а мілай сэрцу Радзімай, дзе збыліся ўсе вашы мары і імкненні.
Пасля гэтага надышла чарга непасрэднага прывітання і ўрачыстага ўшанавання новых работнікаў раёна. Вялікую ролю ў нашым раёне адыгрывае сельская гаспадарка. І вельмі важна, каб колькасць працаўнікоў гэтай галіны папаўняліся новымі ініцыятыўнымі і энергічнымі людзьмі.  Маладых спецыялістаў сельскагаспадарчай нівы сустрэў на сцэне і павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу А.У. Янчэўскі.
Сацыяльная сфера ўключае ў сябе самыя розныя прафесіі. Гэта і аддзел адукацыі, і ўстановы аховы здароўя і работнікі культуры і многія іншые. Павіншаваць маладых спецыялістаў гэтай сферы на сцэну падняўся намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла. Віктар Збігневіч пажадаў моладзі кар’ернага росту, насычанай дзейнасці, а таксама выказаў спадзяванне, што прыбыўшая моладзь па-сапраўднаму ацэніць наш раён і пусціць у ім свае каранні.
Маладых работнікаў райспажыўтаварыства, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, раённага вузла паштовай сувязі, аптэкі, банку прывітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвіч, а  спецыялістаў аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, РЭС, будаўнічых арганізацый, лясгаса, унутраных спраў і пагранічнікаў павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама В.М. Аксютчык. Яны пажадалі моладзі рэалізавацца як спецыялісты, знайсці сябе, а таксама добрай перспектывы і развіцця як у працоўнай дзейнасці, так і ў асабістым жыцці.
Усе маладыя спецыялісты атрымалі памятныя падарункі ад райвыканкама.
А работнікі раённага аддзела культуры павіншавалі маладых спецыялістаў Астравеччыны яркімі, цікавымі і вясёлымі музычнымі нумарамі.


Марына МАЦКЕВІЧ.