Пресс-конференция губернатора в Новогрудке

09:00 / 23.12.2012

У чацвер прайшла чарговая, чацвёртая ў гэтым годзе, прэс-канферэнцыя губернатара Гродзенскай вобласці С.Б. Шапіры. На гэты раз прадстаўнікоў мас-медыя сустракала гасцінная навагрудская зямля. І гэта зусім невыпадкова. Сёлета ў гэтым горадзе прайшлі абласныя “Дажынкі”, за час падрыхтоўкі да якіх тут адбылося шмат перамен.


Прэс-канферэнцыі, як і звычайна, папэрэднічаў семінар для журналістаў раённых, абласных і рэспубліканскіх газет, радыё і тэлебачання. У гасцей горада была цудоўная магчымасць пазнаёміцца са славутымі мясцінамі гэтага краю, а таксама наведаць мясцовыя прадпрыемствы, культурныя і сацыяльныя аб’екты.
Пачаўся семінар з кароткага экскурсу ў гісторыю Навагрудка. Старшыня райвыканкама Анатолій Мечыслававіч Маркевіч расказаў пра змены, якія адбыліся ў горадзе і раёне за апошнія гады, і пра планы і мары, якія ў хуткім часе па задумцы мясцовых улад павінны ажыццявіцца.
Семінар быў незвычайны яшчэ і тым, што журналістам прапанавалі экскурсію па старажытным горадзе, які вядзе свой пачатак з 1044 года. І яны на свае вочы змаглі пабачыць, колькі ўсяго было зроблена ў горадзе да абласных “Дажынак-2012”. Больш за 62 мільярды рублёў укладзена ў рэканструкцыю будынкаў і добраўпарадкаванне дарог, з іх 35 мільярдаў было выдзелена з абласнога бюджэту. Але спыняцца на дасягнутым мясцовыя ўлады не збіраюцца – добраўпарадкаванне працягнецца і далей.
Першым месцам, якое наведалі журналісты, стала дзіцячая школа мастацтваў – адна з тых устаноў, якая набыла новы выгляд да абласнога свята сельскагаспадарчых работнікаў. Сёння яе наведваюць 432 вучні, тут працуюць 53 педагогі. Будаўнічыя работы ў школе мастацтваў праводзіліся з дапамогай дызайнера, які распрацаваў унутранае афармленне памяшканняў і фае. Прывабліваюць погляд аркі, аздобленыя скрыпічнымі ключамі, сцены, на якіх намаляваны нотныя лінейкі і музычныя інструменты. Нават прыступкі лесвіцы, што вядуць на другі паверх, выкананы ў колерах клавішаў фартэпіяна. Здзівіла вялікая бібліятэчная зала, у якой сабрана вялікая колькасць дапаможнікаў па падрыхтоўцы да заняткаў.
Сярэдняя школа №7, якую таксама прапанавалі наведаць журналістам, адрозніваецца ад іншых гарадскіх школ тым, што тут абуладкавана хакейная пляцоўка, на якой ужо, дарэчы, паспелі заліць каток. А яшчэ побач са школай размешчана горка, з якой дзеці могуць катацца на санках. Канешне, прыродны рэльеф горада спрыяе стварэнню такіх пляцовак, але без жадання адміністрацыі школы і мясцовых улад нічога не было б.
Навагрудскі завод газавай апаратуры вядзе адлік свайго існавання з 1960 года. Менавіта тут выпускаюцца газавыя балоны для бытавога выкарыстання і для аўтамабіляў, лічыльнікі газу, вогнетушыцелі і іншыя прылады. Зусім нядаўна на заводзе была запушчана новая сучасная лінія – цяпер зваркай балонаў займаюцца робаты. Вельмі цікавы працэс, мушу зазначыць, да таго ж эканамічна выгадны. У выніку рэнтабельнасць прадпрыемства, якая раней не падымалася вышэй 10%, сёння дасягнула адзнакі ў 25 працэнтаў. З верасня 2011 года тут пачала працаваць лінія па выпуску еўрабалонаў, большасць з якіх – адпраўляецца на экспарт.
Наступны аб’ект – цэнтр развіцця дзіцяці №1. Адметны ён тым, што тут размяшчаецца басейн, які наведваюць не толькі выхаванцы гэтай дашкольнай установы, але і дзеці з іншых дзіцячых садкоў і школ. Выгада відавочная для двух бакоў: у дзяцей кожны тыдзень праходзіць урок плавання, а ў цэнтра ёсць магчымасць палепшыць сваю матэрыяльна-тэхнічную базу – заняткі ў басейне платныя, але іх кошт невялікі: ад 6 да 8 тысяч беларускіх рублёў.
Уразіў і мясцовы Дом культуры. Увогуле, асаблівасць горада, якая часам становіцца праблемай, у тым, што 92 будынкі занесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Іх захаванне патрабуе немалых намаганняў, а рамонт і рэканструкцыя – асаблівага падыходу.
Адзін з такіх прыкладаў – раённы Дом культуры. Будынак пабудаваны ў канцы 19 стагоддзя, таксама ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Таму, згодна з праектам, неабходна было захаваць усе яго архітэктурныя асаблівасці, пры гэтым адапціраваць да патрэб сучаснай установы культуры. Тое, што зрабілі будаўнікі, не можа не ўражваць. Велічнасць і ў той жа час прастата, якая прываблівае наведвальнікаў і жыхароў горада. Тут удзельнікаў семінара сустракалі песнямі і танцамі артысты мясцовай самадзейнасці. І спецыяльна для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі быў арганізаваны паказ мадэляў мужчынскага, жаночага і дзіцячага адзення ААТ “БелКрэда”.
Другая частка семінара была прысвечана прэс-канферэнцыі з губернатарам Гродзенскай вобласці Сямёнам Барысавічам Шапірам.
Як і звычайна, яна прайшла ў нефармальнай даверлівай абстаноўцы, дзе было ўзнята шэраг важных пытанняў.
Падчас размовы з журналістамі старшыня аблвыканкама адзначыў, што адыходзячы год быў паспяховым для сельскагаспадарчай галіны, выраслі ўсе паказчыкі. Напрыклад, па надоях малака Гродзенская вобласць лідзіруе ў рэспубліцы. Плануецца, што год Гродзеншчына закончыць з надоем 5200 кілаграмаў малака на карову, на 10% больш малака будзе прададзена дзяржаве ў параўнанні з мінулым годам. Дасягнута высокая ўраджайнасць буракоў – 560 цэнтнераў з гектара. Амаль 300 цэнтнераў з гектара – ураджайнасць бульбы. Трохі не дацягнула вобласць да валавага збору зерня ў два мільёны тон – гэта істотны плюс у параўнанні з мінулым годам. “І ёсць усе ўмовы, захаваць гэтае лідарства і ў наступным годзе,” – зазначыў Сямён Барысавіч.
Аднак сур’ёзныя планы прызначаны і на перспектыву. Яны ў першую чаргу датычацца мадэрнізацыі малочна-таварных ферм. Не менш важным застаецца і замацаванне кадраў на вёсцы. Сямён Барысавіч адзначыў, што людзі не хочуць заставацца ў вёсцы не таму, што там малая зарплата, а таму, што іх не задавальняе перспектыва працаваць практычна без выхадных дзён.
Наступны год аб’яўлены ў краіне Годам беражлівасці. Журналісты не пакінулі без увагі гэтую тэму. Адказваючы на пытанне, Сямён Барысавіч гаварыў пра будаўніцтва энергаэфектыўных дамоў, аб зніжэнні выкарыстання газу і нафты і пераходзе на мясцовыя віды паліва, аб зніжэнні сабекошту прадукцыі і павышэнні заработнай платы. Не можа не быць актуальнай і беражлівасць на бытавым узроўні – вада, якая без патрэбы льецца з крана, адчыненыя зімой форткі ў кватэрах – сёння гэта недазваляльная раскоша. «Трэба ва ўсім быць гаспадаром», – адзначыў С.Б. Шапіра.
Гаварыў старшыня аблвыканкама і аб развіцці кінавідэапракату. Пра тое, што гэтую галіну падтрымлівае бюджэт, не сакрэт. Але ёсць і добрыя прыклады – у гродзенскім “Космасе” дасягнулі самаакупнасці ў 70-80 працэнтаў. “Таму сёння перад кожным раёнам стаіць задача прааналізаваць мэтазгоднасць утрымання кінатэатраў. Калі цікавасць да іх ёсць, неабходна рамантаваць і ствараць добрыя ўмовы для людзей, а калі не – перапрафіліраваць. Грошы трэба лічыць, а не спадзявацца на падтрымку бюджэту,” – падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
Падчас прэс-канферэнцыі таксама ішла размова аб лёсе возера Свіцязь, аб развіцці ветрапарку, аб экспарце прадукцыі і іншых пытаннях, важных не толькі для Гродзенскай вобласці, але і краіны ў цэлым.


---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ,
фота аўтара.