Неделя postfactum: регистрация кандидатов в депутаты глазами Эдуарда Свирида

10:00 / 29.08.2012

На мінулым тыдні завяршылася працэдура рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.


На 110 месцаў у парламенце краіны будуць прэтэндаваць 363 кандыдаты. 206 з іх прадстаўляюць палітычныя партыі і рухі.
Калі ў першых у суверэннай гісторыі Беларусі выбарах удзельнічалі прадстаўнікі, па сутнасці, толькі дзвюх партый – камуністычнай і БНФ, то сёння ад разнастайнасці палітычных плыняў, рухаў і партый галава ідзе кругам.
Згодна з канонамі дэмакратыі гэта добра. Чым больш розных думак і меркаванняў – тым лепш.
І ўсё ж – хто там ідзе пад стракатымі сцягамі ў агромністай грамадзе айчынных прарокаў, якія дакладна ведаюць, як і куды рухацца нашай краіне?
Не паручуся за ісціннасць свайго суб’ектыўнага меркавання, аднак, па ўсім відаць, у Беларусі нарадзілася пакаленне маладых і амбіцыёзных прафесійных палітыкаў. Аб гэтым, прынамсі, сведчыць аналіз біяграфічных звестак патэнцыяльных кандыдатаў на дэпутацкі мандат ад шэрагу палітычных партый.
Так, сярэднестатыстычны беларускі “партыец” – чалавек адносна малады і адукаваны.
Амаль у кожнана за плячыма навучанне ў адным з прэстыжных універсітэтаў Беларусі.
Многія могуць пахваліцца яшчэ і заканчэннем магістратуры.
Стажыроўка ў заходнееўрапейскіх універсітэтах — таксама даволі распаўсюджаны радок у біяграфіі.
Што ж, адукацыя яшчэ нікому не замінала.
Шкада толькі, што паміж студэнцкай лаўкай і палітыкай у большасці прадстаўнікоў новай палітычнай хвалі, у лепшым выпадку – год-другі працы ў нейкім “СП”, “ООО” ці “ЗАО”. Без аніякіх там банальных “адпрацовак” на фабрыках, заводах, у СПК, школах ці бальніцах.
А ўжо такія абавязковыя ў недалёкім мінулым прыступкі кар’ернай лесвіцы, як служба ва ўзброеных сілах ці праца на рабочай пасадзе на вытворчасці ў сённяшніх маладых палітыкаў увогуле не ў пашане.
Дарэчы, гэтым сённяшняя апазіцыя моцна саступае сваім папярэднікам узору пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, у кожнага з прадстаўнікоў якой меўся немалы вопыт канкрэтнай вытворчай дзейнасці, а значыць дакладнага ўяўлення аб памкненнях і патрэбах звычайных людзей.
Сёння ж чамусьці лічыцца, што палітычную кар’еру можна пабудаваць і без набыцця практычнага вытворчага вопыту. Досыць пахадзіць са сцягамі па сталічных праспектах, адзначыцца бойкамі з праваахоўнікамі – і гэтага будзе дастаткова, каб перамагчы на чарговых выбарах?
Ці не з-за дэфіцыту гэтага самага жыццёвага вопыту, стасункаў з простымі людзьмі сённяшнім дзеячам апазіцыі так цяжка дакладна сфармуляваць блізкія і зразумелыя народу ідэі?
Ды і, па праўдзе кажучы, адкуль ім узяцца ў галовах, па сутнасці, учарашніх студэнтаў, выгадаваных і выхаваных “плошчай”, рознымі еўрапейскімі ўніверсітэтамі, і таму маючых досыць аддаленаае ўяўленне аб жыцці ў беларускай глыбінцы?
Ідэя інтэграцыі з ерапейскім саюзам і НАТА, можа, і мае права на існаванне. Толькі ці гэта сёння найперш турбуе звычайнага калгаснага трактарыста, урача, сельскага настаўніка?
Тым не менш такую відавочную ісціну сённяшнія апазіцыйныя дзеячы бачыць ці не могуць, ці не хочуць – хутчэй апошняе. Куды прасцей закрыць вочы на ўласныя памылкі і спісаць бясконцыя паражэнні на выбарах самага рознага ўзроўню на інтрыгі ўлад, махінацыі выбарчых камісій, фальсіфікацыю вынікаў галасавання і г.д.
Альбо, у крайнім выпадку, на цемрашальства несвядомага электарату, які, ну ніяк не жадае жыць у светлай і свабоднай будучыні ў цесным звязе з “эўрапейскімі” народамі!
Такая пазіцыя, канешне, зусім не гарантуе месца ў парламенце. Затое дазваляе і надалей захоўваць “статус-кво”: тыя ж, а то і большыя, аб’ёмы фінансавання, замежныя камандзіроўкі, пасады…
Ці не таму шэраг палітычных партый, прадстаўнікі якіх былі зарэгістраваны кандыдатамі ў дэпутаты, тым не менш яшчэ напачатку выбарчай гонкі паспелі заявіць аб сваім з яе зыходзе?