Районная власть вручила медали и премии золотой молодёжи Островетчины

13:52 / 15.06.2012

Напрыканцы мінулага тыдня ва ўсіх сярэдніх школах раёна прайшлі мерапрыемствы ўвогуле традыцыйныя, якія адбываюцца штогод – але ад таго не менш кранальныя і хвалюючыя, і кожны раз па-свойму ўнікальныя і непаўторныя – выпускныя вечары. Якія для тых, хто сёлета закончыў школу, як соцень і тысяч іх папярэднікаў і паслядоўнікаў, запомняцца на ўсё жыццё – як мяжа паміж дзяцінствам і дарослым жыццём.
І, напэўна ж, тых світанняў, сонечных і дажджлівых, радасных і шчаслівых, стомленых і клопатных, будзе ў іх жыцці яшчэ не адно і не два – але вось такое, на рубяжы, развітальнае, – адно-адзінае…


Пачаліся мерапрыемствы, прысвечаныя заканчэнню выпускнікамі сярэдняй школы і атрыманню атэстата сталасці, з падзеі таксама ўжо традыцыйнай, але ад таго не менш прыемнай і ўрачыстай: у пятніцу лепшыя з лепшых выпускнікі і старшакласнікі былі запрошаны ў райвыканкам на сустрэчу са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам. У вялікай зале райвыканкама ў той дзень сабралася “залатая моладзь” Астравеччыны: выпускнікі, якія закончылі школу з залатымі і сярэбранымі медалямі, пераможцы і прызёры абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд, і іх настаўнікі, праца і талент якіх дапамаглі іх вучням дасягнуць такіх вышынь.
– Ведаеце, я амаль штодня праводжу сам і прымаю ўдзел у розных пасяджэннях і нарадах. Але ніколі так не хвалююся, як перад гэтай традыцыйнай сустрэчай з лепшымі маладымі людзьмі раёна, – шчыра прызнаўся напачатку сустрэчы Адам Дзмітрыевіч.
І растлумачыў, чаму:
– Вы – разумныя і таленавітыя, перад вамі зараз адкрываюцца вялікія шляхі, па вялікаму рахунку, менавіта за вамі – будучыня нашага раёна і нашай краіны. Гэта вялікая адказнасць, і ўсведамляць гэта – вельмі хвалююча.
Далей старшыня райвыканкама прадоўжыў размову з маладымі на той жа ноце шчырасці: расказаў пра перспектывы, якія з’явіліся ў нашым раёне ў сувязі з пачаткам будаўніцтва на яго тэрыторыі першай Беларускай атамнай электрастанцыі – ён ператвараецца з традыцыйна сельскагаспадарчага ў самы перадавы, і дастойнае прымяненне сваім сілам і талентам тут змогуць знайсці ўсе жадаючыя, якія б накірункі дзейнасці ні выбралі сённяшнія выпускнікі.
Не стаў хаваць кіраўнік раёна ад маладых і праблемы, якія сёння існуюць у сістэме раённай адукацыі, асабліва ў дашкольнай. Расказаў пра перспектывы, якія чакаюць у будучым аддзел адукацыі. І, падзякаваўшы за працу вучням і настаўнікам, пажадаў ім здзяйснення самых смелых мар і задум.
А затым надышла чарга ўзнагарод.
Адам Дзмітрыевіч Кавалька ўручыў залатыя медалі і адпаведныя прэміі Астравецкага раённага выканаўчага камітэта выпускнікам, які закончылі сярэднюю школу з залатым ці сярэбраным медалём.
Самую вялікую армію медалістаў выпусціла адзіная пакуль у раёне гімназія: высокія адзнакі сваёй нялёгкай адзінаццацігадовай працы, а таксама грашовыя прэміі атрымалі ўчарашнія яе вучні Алёна Андралойць, Ганна Багушэвіч, Вольга Сцефановіч, Мілана Шаўліс, Аксана Аўгуль, Юлія Буйко, Аляксандра Даўляш, Канстанцін Лябецкі, Ілона Лаўрыновіч, Эдзіта Трыбоцкая і Анжаліка Мацкевіч. Па двое залатых медалістаў выпусцілі сёлета Міхалішкаўская сярэдняя школа – гэта Святлана Стаціна і Наталля Вайнілка, Гервяцкая СШ – Аліна Дасюкевіч і Анжаліка Карэйва, Рытаньская школа – Кацярына Тарашкевіч і Уладзіслаў Буйко, Падольская СШ – Анжаліка Валадзько і Аксана Якубцэвіч, адна залатая медалістка выйшла са сцен СШ №1 Астраўца – Наталля Вакулік.






Многія з гэтых прыгожых маладых людзей адчулі дужы поціск рукі старшыні райвыканкама і пачулі яго асабістыя віншаванні і пажаданні неаднойчы: у гэты дзень прэміі Астравецкага раённага выканаўчага камітэта былі таксама ўручаны пераможцам і прызёрам абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. З ліку выпускнікоў іх атрымалі Юлія Сцефановіч, якая вызначылася на абласной і рэспубліканскай алімпіядах па гісторыі, Канстанцін Лябецкі, які з усіх школьных навук аддае перавагу хіміі, Аксана Аўгуль, у якой “канёк” – руская мова, Мілана Шаўліс – гэтая мілая дзяўчына валодае незвычайнымі матэматычнымі здольнасцямі, Алёна Андралойць, якая цудоўна валодае беларускай мовай. Акрамя выпускнікоў, прэміі атрымалі і іх малодшыя таварышы, якія ў мінулым навучальным годзе сталі пераможцамі і прызёрамі абласных і рэспубліканскіх прадметных алімпіяд – таленавіты хімік Уладзіслаў Міхно з гімназіі; Стасіс Чучурка з Кямелішкаўскай школы, які ранейшае захапленне інфарматыкай змяніў на фізіку – і гэтак жа паспяхова; Іван Капуста з Падольскай школы, які вызначыўся ў веданні геаграфіі; Дар’я Багдановіч з Варнянскай школы, дзе традыцыйна з асаблівай любоўю адносяцца да роднай мовы.
Шмат цёплых слоў падчас гэтай сустрэчы прагучала і ў адрас настаўнікаў, якія, не шкадуючы сіл і ведаў, часу і нерваў, вялі сваіх вучняў да гэтых перамог – праца Віталія Тадэвушавіча Стаціны, Марыі Антонаўны Блізнік, Галіны Мікалаеўны Ражко, Ганны Валер’еўны Лапшэвіч з гімназіі, Івана Пятровіча Харытончыка з Гервяцкай СШ, Ганны Мечыславаўны Пацэль з Варнянскай, Ванды Міхайлаўны Вайцяховіч з Кямелішкаўскай, Іосіфа Іосіфавіча Шылько з Падольскай сярэдніх школ таксама была адзначана прэміямі раённага выканаўчага камітэта.
Ад імя “залатой моладзі”, лепшыя прадстаўнікі якой сталі ў мінулую пятніцу “героямі дня”, раённы выканаўчы камітэт за клопат і ўвагу да развіцця адукацыі і за падтрымку юных, таленавітых і працавітых падзякавала Алёна Андралойць.
Канешне, золата і серабро медалёў, якія атрымалі ў той дзень лепшыя выпускнікі раёна, чыста сімвалічнае. І на таўшчыню канвертаў з прэміямі панаракаў сам старшыня райвыканкама, пажадаўшы, каб у далейшым яны былі больш саліднымі.
Але талент і працавітасць гэтых маладых людзей, шчыры бляск іх вачэй – гарантыя таго, што будуць у іх яшчэ і больш важкія ўзнагароды, і салідныя прэміі і перамогі. І землякі яшчэ не раз пачуюць іх імёны сярод лепшых людзей краіны і з гонарам скажуць: гэта нашы, астравецкія, яны – самыя лепшыя! А “Астравецкая праўда” яшчэ не раз напіша пра іх.
Таго мы і жадаем усім сёлетнім выпускнікам!


Ніна РЫБІК, фота аўтара.