Як жывуць вяскоўцы ў Астравецкім сельскім Савеце?

08:25 / 30.04.2012

Чарговы дзень сельвыканкама прайшоў на базе Астравецкага сельскага Савета дэпутатаў пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Валерыя Вацлававіча Барташэвіча і намесніка старшыні райвыканкама Віктара Збігневіча Свілы.


Падчас такіх своеасаблівых семінараў, у якіх прымаюць удзел кіраўнікі асноўных аддзелаў, упраўленняў і службаў райвыканкама, а таксама старшыні ўсіх сельвыканкамаў раёна, кожны гаспадар стараецца паказаць усё самае лепшае, цікавае, адметнае, што ёсць на яго тэрыторыі. Віктар Іванавіч Ярмак, адзін са старэйшых кіраўнікоў мясцовай улады ў раёне, прапанаваў пачаць агляд стану спраў у сваім сельскім Савеце з наведвання Астравецкага лясніцтва.
З работай Мальскай фермы знаёміць яе загадчыца Л.М. ДрацкаяСтаршыні сельвыканкамаў узгадалі, што ў рамках падобнага мерапрыемства ўжо былі тут гадоў пяць назад. Тады асноўнай праблемай тэрыторыі лясніцтва з’яўляўся своеасаблівы “шанхай” з самавольна пабудаваных мясцовымі жыхарамі будачак-хлевушкоў. Нямала сіл і нерваў каштавала прыбраць усю гэтую антысанітарыю, давялося падключаць і лясгас, і райвыканкам, і пракуратуру – але сёння пра колішні беспарадак нішто не нагадвае. Наадварот: адміністрацыйны будынак Астравецкага лясніцтва, які быў капітальна адрамантаваны ў мінулым годзе, уражвае чысцінёй і ўтульнасцю, а навакольная тэрыторыя – не толькі бездакорным парадкам, але і экзатычнымі раслінамі, што высаджаны навокал.
Гасцей сустракаў ляснічы Аляксандр Міхайлавіч Гайса. Ён расказаў пра справы і праблемы Астравецкага лясніцтва. Сёння ў лесаводаў, як і ў хлебаробаў – гарачая пара “пасяўной”: ідзе пасадка лесу, і кожны дзень тут – на вагу золата. У мінулым годзе на тэрыторыі лясніцтва было пасаджана 28,4 гектара лесу, сёлета гэтую плошчу запланавана павялічыць на 10 гектараў. У лясніцтве працуе 45 чалавек, і адным супрацоўнікам справіцца з задачай было б цяжкавата. Але ў лясніцтва наладжаны цесныя сувязі са школьнікамі з гімназіі, Астравецкай СШ№1, Гудагайскай сярэдняй і Мальскай базавай школ, якія ва ўсім дапамагаюць лесаводам: вясной садзяць лес, летам – прыбіраюць смецце ў прыдарожных палосах і месцах масавага адпачынку. Для прыгараднага лясніцтва, якім з’яўляецца Астравецкае, гэтая праблема застаецца адной з асноўных. І хоць, па словах гаспадароў, у апошнія гады ўзровень культуры адпачываючых павысіўся і смецця стала менш, усё ж поўнасцю гэтая праблема з парадку дня не знята і наўрад ці гэта адбудзецца ў бліжэйшы час.
Акрамя таго, работнікі лясніцтва вядуць вялікую гаспадарчую дзейнасць. Гэта і нарыхтоўка драўніны – у мінулым годзе, да прыкладу, яе было нарыхтавана 13 тысяч кубаметраў, у тым ліку 6 тысяч – дроў, большая частка якіх – 4 тысячы кубаметраў – адпушчана для забеспячэння палівам льготных катэгорый насельніцтва. Шмат увагі надаецца і ахове лясоў ад пажараў – у прыгарадным лясніцтве, дзе з пачаткам летняга сезона кожны лічыць справай гонару выйсці “на прыроду” і раскласці ў бліжэйшым лясочку касцёр, гэта асабліва актуальна.
Клопатаў у работнікаў лясніцтва шмат. Але і ў іх да мясцовай улады ёсць пытанні. Справа ў тым, што тэрыторыя Астравецкага лясніцтва паступова пераўтвараецца ў жылы пасёлак – тут ужо пабудавана 12 дамоў, дзе жывуць людзі, нямала дзяцей. А вулічнага асвятлення на яго тэрыторыі няма. Ды і разбітыя ўшчэнт 20 метраў дарогі, што злучаюць асноўную трасу і з’езд на тэрыторыю лясніцтва – як своеасаблівая “нейтральная паласа” паміж тэрыторыямі розных ведамстваў. Былі прапановы пачакаць, пакуль пасёлак, які зараз адносіцца да вёскі Бялькішкі, увойдзе ў рысу горада – тады, маўляў, і праблемы будуць вырашаны. Але ў любым выпадку ён быў, ёсць і застанецца на тэрыторыі Астравецкага раёна, а яго жыхары – грамадзянамі нашай краіны, і ад таго, што іх праблемы стануць спіхваць з адной арганізацыі на другую, яны не вырашацца.
Як аказаць першую дапамогу тапельцу, расказвае медсясятра Ганна МасейкаЯшчэ адной адметнасцю Астравецкага сельскага Савета з’яўляецца знаходжанне на яго тэрыторыі зоны адпачынку “Янаўскае вадасховішча” і выратавальнай станцыі – дарэчы сказаць, адзінай падобнай, якая абслуговае тры суседнія раёны – Ашмянскі, Смаргонскі і Астравецкі. Яе таксама не маглі абмінуць падчас сваёй вандроўкі па сельсавету ўдзельнікі дня сельвыканкама.
Гасцей сустрэў начальнік станцыі Сяргей Віктаравіч Невяроўскі. Ён расказаў аб тым, як працуе станцыя – галоўнай задачай яе работнікаў з’яўляецца папярэджанне гібелі людзей на вадзе, і яна ажыццяўляецца ўсімі магчымымі спосабамі. Так, у мінулым годзе было выратавана ад патаплення 26 чалавек, 208 – папярэджана. Аднак чатыры жыхары нашага раёна ўсё ж загінулі ў вадзе. Вінаваціць у гэтым работнікаў станцыі нельга, бо яны ажыццяўляюць кантроль толькі ў зоне адпачынку, а купаюцца людзі на тэрыторыі ўсяго нашага раёна, які, як вядома, багаты рэкамі і азёрамі. І галоўная прычына большай часткі “водных трагедый” – распіццё спіртнога, якое прытупляе пачуццё асцярожнасці, пазбаўляе “герояў” элементарнага здаровага сэнсу і нават інстынкту самазахавання.
Сяргей Віктаравіч расказаў, якое тэхнічнае абсталяванне сёння ёсць на ўзбраенні супрацоўнікаў выратавальнай станцыі – яго, дарэчы сказаць, можа было пабачыць на свае вочы: лодкі, кацер, катамараны, касцюмы аквалангістаў і вадалазаў.
А медсястра Ганна Тадэвушаўна Масейка, якая таксама працуе ў штаце станцыі, прадэманстравала, як трэба аказваць першую дапамогу чалавеку з прыкметамі ўтаплення – і гэтая практычная інфармацыя была ўспрынята прысутнымі з цікавасцю: ці мала што ў жыцці давядзецца рабіць!
Наступным прыпынкам у маршруце семінарскай часткі дня сельвыканкама стала камп’ютарызаваная Мальская ферма на 600 галоў. Яе загадчыца Люцыя Мечыславаўна Драцкая падрабязна і даходліва расказала гасцям, большасць з якіх з-за спецыфікі сваёй асноўнай дзейнасці маюць даволі прыблізнае ўяўленне аб сельскай гаспадарцы, як працуе сёння сучасная “фабрыка па вытворчасці малака”. У прыватнасці, чаму ў кожнай з кароў своеасаблівае ружаватае “меліраванне”; для чаго на ферме патрэбен камп’ютар, якія звесткі за лічаныя секунды можна даведацца з яго дапамогай – многія пакідалі памяшканне фермы, уражаныя сучаснымі тэхналогіямі ў жывёлагадоўлі.
У магазіне вёскі МаліСпадабаўся ўдзельнікам семінара і невялікі, але ўтульны мальскі магазін, дзе вясковыя жыхары могуць набыць усе неабходныя тавары.
Станоўчыя ўражанні засталіся ў іх ад аддзялення сувязі, якое з прыходам новай загадчыцы Эўляліі Станіславаўны Ступенька набыло новае жыццё: павялічылася выручка, колькасць аказваемых насельніцтву паслуг. І нават час работы аддзялення адміністрацыя вузла паштовай сувязі вымушана была падоўжыць – хоць частка гэтай зоны абслугоўваецца непасрэдна вузлом сувязі з дапамогай матарызаванай дастаўкі пошты.
Пад дахам Мальскага сельскага Дома культуры размясцілася шмат аб’етаў сацыяльнага жыцця вёскі. Хоць найперш, вядома, сам сельскі Дом культуры. Яго дырэктар Святлана Анатольеўна Фялькевіч расказала пра работу сельскага ачага культуры, аб тым, якія гурткі і творчыя аб’яднанні дзейнічаюць тут пад кіраўніцтвам дырэктара і яе памочніц – а выстава дэкаратыўна-прыкданой творчасці і выступленне маленькіх артыстаў пацвердзілі праўдзівасць яе слоў.
Мясцовая бібліятэка адметная тым, што ў яе сценах змяшчаецца музейная экспазіцыя, прысвечаная Іосіфу Гашкевічу – першаму расійскаму консулу ў Японіі, апошнія гады жыцця якога прайшлі ў гэтых мясцінах. А яшчэ – той вялікай работай, што праводзіць бібліятэка з дзецьмі, і не толькі школьнікамі, але і выхаванцамі дзіцячага садка, якія любяць прыходзіць сюды спачатку для таго, каб паглядзець мульцікі – тэхнічная база ўстановы культуры гэта дазваляе. А затым, трэба думаць, ручкі іх пацягнуцца і да кніжак…
У памяшканні комплексна-прыёмнага пункта камбіната бытавога абслугоўвання насельніцтва размова зноў перайшла да пытанняў эканомікі: як выжываць і зарабляць грошы невялікаму КПП, калі вёска знаходзіцца побач з Астраўцом, дзе можна атрымаць увесь комплекс бытавых паслуг на непараўнальна больш высокім узроўні? Загадчыца комплексна-прыёмнага пункта Наталля Казіміраўна Чарняўская знайшла выйсце. Разам з аказаннем мясцоваму насельніцтву неабходных паслуг – раз у тыдзень сюды прыязджае цырульнік, аказваецца неабходная дапамога па рамонце адзення, прымаюцца заказы, рэалізуецца прадукцыя вытворчасці КБА – асаблівая ўвага надаецца рабоце на выездзе. І большую частку выручкі яна “прывозіць” з-за межаў сваёй зоны абслугоўвання, актыўна наведваючы аддаленыя населеныя пункты нашага і суседніх раёнаў і прапаноўваючы мясцовым жыхарам сваю прадукцыю.
Падчас правядзення дзён сельвыканкама неаднойчы ўздымалася праблема дзейнасці пунктаў аховы грамадскага парадку, прадстаўлення для работы вясковых участковых інспектараў міліцыі неабходнага памяшкання. У Малях з гэтым няма ніякіх праблем: памяшканне, дзе гасцей сустрэў мясцовы ўчастковы Андрэй Уладзіміравіч Васільчык – прасторнае і ўтульнае. А самае галоўнае, як падкрэсліў старшыня сельвыканкама В.І. Ярмак, – інспектар міліцыі тут на самай справе працуе – у адрозненне ад некаторых іншых сваіх былых і сённяшніх калег. Акрамя таго, у гэтым памяшканні, якое абсталявана ўсёй неабходнай нагляднасцю, праводзіць урокі па забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці школа, ды і сельвыканкам выкарыстоўвае яго па меры неабходнасці.
Гасцей сустракаюць на парозе Мальскай школыАпошнім прыпынкам семінара-нарады стала ўстанова навучання – Мальская базавая школа-дзіцячы сад. На парозе сваёй “альма-матар” гасцей сустракалі хлебам-соллю і прывітальнымі вершамі яе маленькія гаспадары. Яны ж затым расказалі з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі, вершаў і песень пра сваю цудоўную вёску, пра яе гісторыю і сённяшні дзень, пра людзей і іх справы – і пра сваю школу таксама. І нават паспрабавалі вызначыць “сем цудаў вёскі Малі”.
Удзельнікі дня сельвыканкама пазнаёміліся з умовамі, у якіх вучацца і выхоўваюцца дзеці – па словах начальніка раённага аддзела адукацыі В.В. Млечкі, такімі сёння можа пахваліцца не кожная гарадская школа. У светлым і ўтульным будынку школы знайшлося месца і для хай сабе маленькага, але цікавага і адметнага музейнага пакойчыка, дзе сабраны старадаўнія рэчы, дакументы аб гісторыі школы і вёскі, цікавыя фотаздымкі, расказы пра ветэранаў. Наведалі госці і клас, дзе займаюцца дзеткі карэкцыйна-развіваючага цэнтра – канешне, для ўсіх было б лепш, каб гэты клас працаваў на базе самога цэнтра, а вызваленае памяшканне ў такім выпадку можна было б заняць пад яшчэ адну групу дзіцячага садка – падчас наведвання школы зацікаўлена абмяркоўвалася і гэтая праблема.
У школе адбылося падвядзенне вынікаў работы дня сельвыканкама. Віктар Іванавіч Ярмак падрабязна расказаў аб тым, што ўдалося зрабіць за апошні час у сельскім Савеце, якія задачы мясцовая ўлада ставіць перад сабой на бліжэйшую і аддаленую перспектывы. Гэтыя планы атрымалі ацэнку і былі дапоўнены старшынёй раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвічам і намеснікам старшыні райвыканкама В.З. Свілам, кіраўнікамі асноўных службаў.


Ніна АЛЯКСЕЕВА, фота аўтара.