Тыдзень postfactum. Сірыя: момант ісціны

15:55 / 12.04.2012
Узброенае супрацьстаянне ўрадавых войск і сіл апазіцыі, якое працягваецца ў Сірыі больш за год, павінна спыніцца 12 красавіка ў 6 гадзін раніцы па мясцовым часе.
Аб гэтым на мінулым тыдні паведаміў былы генеральны сакратар, а цяпер спецпасланнік Арганізацыі Аб’яднаных нацый і Лігі арабскіх дзяржаў па Сірыі Кофі Анан пасля наведвання гэтай блізкаўсходняй краіны.

Формула міру паводле Анана простая, як усё геніяльнае – у час “ікс” бакі супрацьстаяння павінны спыніць баявыя дзеянні і сесці за стол перамоў.
План спецпасланніка не праіснаваў і тыдня, як стаў развальвацца на вачах.
Урад Башара Асада, падтрымліваючы ўвогуле ідэю спынення агню, выводзіць свае войскі з гарадоў, ахопленых хваляваннямі, адмаўляецца, патрабуе ад апазіцыі пісьмовых гарантый спынення баявых дзеянняў, а ад замежных спонсараў апазіцыі – спынення фінансавання яе дзеянасці.
Лідары апазіцыі, у сваю чаргу заяўляюць, што таксама падтрымліваюць мірны план ААН, аднак уступаць у якія-небудзь стасункі з урадам не маюць намеру. Тым больш – даваць нейкія гарантыі.
Такім чынам, насілле ў краіне працягваецца, як і ўзаемныя абвінавачванні бакоў у несумленнасці і ахвярах сярод мірнага насельніцтва.
Па звестках міністэрства ўнутраных спраў Сірыі, з-за дзеянняў тэрарыстаў – так у афіцыйных кругах называюць апазіцыйныя ўзброеныя групоўкі – ужо загінула звыш шасці тысяч чалавек.
Апазіцыянеры абвінавачваюць урадавыя ўзброеныя сілы ў гібелі звыш 10 тысяч мірных жыхароў.
Па вялікаму рахунку, складваецца ўражанне, што мірнае ўрэгуляванне ў Сірыі сёння не патрэбна нікому. Дакладней, патрэбна, але зусім не ў тым выглядзе, які бачыцца Кофі Анану.
Справа зайшла так далёка, а на распальванне канфлікту выдаткавана столькі сіл і, самае галоўнае – сродкаў, што банальны “сто перамоў”, да якога заклікае “прагрэсіўнае чалавецтва”, у гэтых варунках выглядае як непрапарцыянальная плата за намаганні і для абодвух бакоў будзе азначаць, па сутнасці, паражэнне.
“Статус кво” апазіцыі не патрэбен таму, што ён вяртае яе да становішча пакрыўджанай і малавядомай “папялушкі”, якой яна была да надыходу “арабскай вясны”.
Сёння сірыйская апазіцыя хоць і застаецца апазіцыяй, аднак з куды большым “пасагам”. У яе палітычнай скарбонцы грошы, зброя, міжнародная падтрымка, папулярнасць. Яе лідараў з пашанай прымаюць у самых высокіх кабінетах.
І вось так, “на раз”, у палове кроку ад агульнай перамогі, ад усяго адмовіцца?
Хоць невялікая перадышка нібыта патрэбна прэзідэнту краіны Башару Асаду. Але не за любы кошт. Асад выдатна разумее, чаго яму можа каштаваць хвіліннае паслабленне. Ды і мець пад бокам адчуўшую смак крыві апазіцыю таксама не выпадае. Нож у спіну можна атрымаць у любы момант.
Не “ў нос” ініцыятывы ААН і для Злучаных Штатаў. Рэжым Асада для іх – адна з апошніх, за выключэннем іранскага лідара Ахмадзінежада, перашкод на шляху ўсталявання панавання на ўсім Блізкім Усходзе і самая галоўная перад прызначанай вайны з Іранам.
Бадай што адзінымі прыхільнікамі ідэі вяртання сітуацыі ў Сірыі на першапачатковыя пазіцыі з’яўляюцца Расія і Кітай. Аднак інфармацыйную вайну з “сябрамі Сірыі” (чытай: з сябрамі сірыйскай апазіцыі, да якіх сябе прылічваюць ці не ўсе моцныя гэтага свету) яны прайграюць на ўсіх франтах. Ды і рашуча паўплываць на падзеі, за выключэннем маладзейсных у сённяшнім свеце дыпламатычных механізмаў, таксама не ў стане.
Вось і атрымліваецца замкнёны круг, рацыянальнага і справядлівага выйсця з якога проста не існуе.
Прадказаць, як будуць разгортвацца падзеі далей, не так і складана.
План мірнага ўрэгулявання, зразумела, не будзе рэалізаваны. Да гэтага няма аніякіх перадумоў. Лозунг: “Вайна да пераможнага канца!” трывала засеў у свядомасці як дзеячаў апазіцыі, так і прыхільнікаў Башара Асада. І адны, і другія настойліва адмаўляюцца прызнаваць, што гэта – шлях да нацыянальнай катастрофы.
Вінаватымі ў зрыве мірнага дыялогу будзе прызнаны ўрад Асада.
А крывавыя тэлесюжэты аб вялікай колькасці ахвяр і незвычайнай, нічым неабгрунтаванай жосткасці ўрадавых войск нават у самай чуллівай амерыканскай бабулькі развеюць апошнія сумненні ў неабходнасці чарговай выратавальнай місіі ЗША.


Эдуард СВІРЫД.