Дзень сельвыканкама прайшоў у Трокеніках

15:59 / 10.04.2012

У чарговы дзень сельвыканкама кіраўніцтва райвыканкама, арганізацый і прадпрыемстваў раёна, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў сустрэліся ў Трокеніках. Тэма дня сельвыканкама таксама была традыцыйнай – работа сельскіх выканаўчых камітэтаў па забеспячэнні комплекснага сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторыі.
Сустракаў гасцей гаспадар – старшыня сельскага выканаўчага камітэта Іван Мечыслававіч Сянюць. Праграма мерапрыемства складалася з наведвання сацыяльна значных аб’ектаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета.


Першым пунктам наведвання стаў магазін СВК “Варняны”, які адкрыўся літаральна год таму, але з кожным месяцам заваёўвае ўсё большую папулярнасць у пакупнікоў. Гэтаму садзейнічае і тое, што працуе ён без выхадных і перапынку на абед, і тое, што тут заўсёды можна набыць свежае мяса. Здавалася б, усё добра: утульнае памяшканне, шырокі выбар тавараў. Але і ў гэтым магазіне сустракаюцца недахопы – часам супрацоўнікі санстанцыі знаходзяць тут прадукты са скончаным тэрмінам прыгоднасці.
У адным будынку з магазінам арандуе плошчу сельскі комплексна-прыёмны пункт. Усюдыісная статыстыка сведчыць, што гэты КПП лічыцца адным з лепшых у раёне. Загадчыца пункта Т.К. Іванчык абслугоўвае 29 населеных пунктаў, тут аказваецца 12 відаў паслуг: кожную сераду сюды прыязджае цырульнік, раз у тыдзень у Трокенікі наведваецца швачка, якая на месцы можа аказаць паслугі па пашыву і рамонту адзення, аказваюцца рытуальныя паслугі, ажыццяўляецца гандаль уласнай прадукцыяй. Працуе Таццяна Карлаўна і на выездзе. У цэлым сельскі комплекна-прыёмны пункт задавальняе патрэбы насельніцтва, але праблемы існуюць і тут: заклапочанасць кіраўніцтва выклікаюць праблемы з ацяпленнем і адсутнасць каналізацыі, тэрміновага рамонту патрабуе падлога.
Фельчарска-акушэрскі пункт радуе вока наведвальнікаў з першага погляду. Пасля капітальнага рамонту ў 2008 годзе зайсці сюды – адно задавальненне. Кабінет амбулаторнага прыёму, педыятрычны кабінет, кабінет акушэркі, аптэчны пункт – усёй гэтай гаспадаркай загадвае Валянціна Станіславаўна Рынкевіч, якая адна абслугоўвае 13 населеных пунктаў. Адсюль і выцякае галоўная праблема: наведваць пацыентаў даводзіцца або пешшу, або на ўласным транспарце. Але гэта, як сцвярджае загадчыца ФАПа, ніяк не адбіваецца на якасці аказваемых медыцынскіх паслуг. Да таго ж на агляд жанчын прыязджае раённы гінеколаг С.Г. Нікалаенка, дзіцячы педыятр Г.Л. Твёрдая аказвае дапамогу пры аглядзе дзяцей, па графіку працуе на ФАПе выязны пункт флюараграфіі.
Побач з ФАПам знаходзіцца грамадскі пункт аховы правапарадку, гаспадаром якога з’яўляецца малады ўчастковы міліцыянер Сяргей Генадзьевіч Літвіновіч. Участковы працуе на Трокеніцкай зоне толькі два месяцы, але ўжо паспеў пазнаёміцца і з людзьмі, і з дакументацыяй. Трокеніцкі ўчастак не з лёгкіх, за 2011 год тут здзейснена дзевяць злачынстваў, за тры месяцы бягучага года – яшчэ адно. Яно ўжо раскрыта, але наперадзе яшчэ шмат работы, выконваць якую ўчастковы збіраецца добрасумленна. А асноўнай праблемай гэтага ўчастка з’яўляецца тое, што людзі не заўсёды хочуць супрацоўнічаць з міліцыяй і дапамагаць у раскрыцці існуючых праблем.
Наступным пунктам прыпынку стаў магазін райспажыўтаварыства. Дарэчы, у Трокеніках працуе аж тры магазіны, таму ў пакупнікоў ёсць права выбару, дзе і што купляць. Але нягледзячы на канкурэнцыю, магазін спажыўкааперацыі трымаецца на плыву – прыбытак за 2011 год склаў 147 мільёнаў. Тут можна набыць не толькі прадуктовыя тавары, але і прамысловыя, электратавары, будаўнічыя матэрыялы. Займаецца магазін і нарыхтоўчай дзейнасцю. Праўда, пэўныя прэтэнзіі да работы гэтай гандлёвай кропкі выказалі начальнік аддзела па надзвычайных сітуацыях Г.І. Калтан і супрацоўніца санстанцыі Д.І. Лось.
Нават той, хто ні разу не быў у Трокеніках, ведае, што тут размешчаны прыватны музей фаўны. Яго стваральнік і адначасова гаспадар Мечыслаў Іванавіч Змітровіч захапіўся стварэннем пудзіл птушак і жывёл пасля вяртання з арміі – менавіта з захаплення і пачалася гісторыя музея. У захапленні ад убачанага былі і ўдзельнікі дня сельвыканкама.
Аддзяленне сувязі сучасны выгляд набыло таксама ў 2008 годзе падчас будаўніцтва ў Трокеніках аграгарадка. Тут аказваюцца ўсе неабходныя віды паслуг. Адна нязручнасць – загадчыца працуе толькі пяць гадзін у дзень.
– Перспектыва для падаўжэння рабочага часу ёсць, – зазначыла начальнік раённага вузла паштовай сувязі І.Э. Тальчук.
Раней тут працавала чатыры паштальёны, цяпер застаўся толькі адзін – але зусім не таму, што паменшала работы. На дапамогу паштальёну прыйшоў аўтамабіль – зручна і хутка. Для выжывання пошта займаецца гандлем, але асноўнае – гэта, канешне, паслугі сувязі. Насельніцтва Трокеніцкага сельсавета выпісвае 354 экзэмпляры перыядычных выданняў, газеты і часопісы можна набыць у аддзяленні сувязі і ў розніцу. Ёсць магчымасць выхаду і ў інтэрнэт. Словам, удзельнікі семінара атрымалі ў аддзялені сувязі толькі станоўчыя эмоцыі і заразіліся добрым настроем.
Знаёмства з Трокенікамі працягваецца – мы накіроўваемся да двухпавярховага будынка былой сядзібы вядомага мастака Мар’яна Богуша-Шышкі. Цяпер тут размяшчаецца бібліятэка-клуб, з гаспадаркай якога нас знаёміць загадчыца Т.Э. Змітровіч. Бібліятэчны фонд налічвае 9300 кніг, якім карыстаецца 417 чытачоў. А паколькі побач знаходзіцца школа, то асноўныя наведвальнікі – дзеці. Хоць і пенсіянеры – частыя госці ў бібліятэцы. З клубам больш складана – памяшканне маленькае, праводзіць у ім дыскатэкі і мерапрыемствы цяжка. А асноўная праблема – яно патрабуе рамонту, як, зрэшты, і ўвесь будынак. На другім паверсе створана экспазіцыя ў гонар нашага славутага земляка Мар’яна Богуша-Шышкі. Яго дачка можа падарыць раёну значна больш рарытэтных матэрыялаў, але паўстае пытанне: дзе іх захоўваць? Таму важнасць капітальнага рамонту будынка відавочная для ўсіх – але ўсё ўпіраецца ў грошы.
У Трокеніцкай базавай школе сёлета вучыцца 70 дзяцей. Будынак школы не вельмі стары – пабудовы 1961 года, але праблемны. Асноўная з якіх – тэмпературны рэжым у школе. Нягледзячы на тое, што восенню былі ўцеплены вокны і дзверы, падчас маразоў тэмпература паветра ў памяшканнях часам падымалася толькі да 14 градусаў. Школьная матэрыяльна-тэхнічная база даўно патрабуе ўмацавання, замены – сістэма асвятлення і тэхналагічнае абсталяванне і посуд у школьнай сталоўцы. Яшчэ адна праблема, якая турбуе не толькі педагогаў і аддзел адукацыі, але і санстанцыю – школьныя туалеты, якія размешчаны на вуліцы. Увагі з боку кіраўніцтва ДРБУ патрабуюць дарогі Трокенікі – Катлоўка, Трокенікі- Ігнацова, па якіх у школу падвозяцца дзеці.
Але, нягледзячы на ўсе праблемы, вучні і настаўнікі штогод дасягаюць поспехаў і добрых вынікаў – школьнікі актыўныя і пастаянныя ўдзельнікі шматлікіх конкурсаў і алімпіяд, штогод школа выконвае план даходаў ад пазабюджэтнай дзейнасці на 150 працэнтаў. Таму пакуль што школе ў Трокеніках – быць.
З Трокенікаў аўтобус накіроўваецца ў Быстрыцу. Гісторыя гэтай вёскі вядзе адлік з 14 стагоддзя. Самая вялікая славутасць гэтых мясцін – мураваны касцёл Узнясення святога Крыжа. Побач з ім размяшчаецца Быстрыцкі сельскі Дом культуры, які ўключае клуб і бібліятэку. Пад адным дахам дружна працуюць два кіраўнікі, а таксама дзіцячыя драматычны гурток і аматарскае аб’яднанне “Крынічка”. Тут жа сустракаюцца і ўдзельнікі фальклорнага гурта, якія сваімі песнямі радуюць аднавяскоўцаў на ўсе святы. Разам арганізоўваюць і праводзяць вясковыя святы і мерапрыемствы і працуюць пад дэвізам: “Захаваем, што маем”.
На гэтым агляд аб’ектаў закончыўся, і ўдзельнікі дня сельвыканкама зноў вярнуліся ў Трокенікі: тут прайшло падвядзенне вынікаў работы. Пачалося яно з прагляду відэафільма, створанага супрацоўнікамі аддзела па надзвычайных сітуацыях, які быў прысвечаны праблемам гібелі людзей на пажарах і паказаў работу, што праводзіцца з асобнымі катэгорыямі грамадзян у нашым раёне.
Удзел у пасяджэнні прыняў старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Пасля даклада старшыні Трокеніцкага сельсавета І. М. Сенюця, які расказаў аб асаблівасцях гэтай тэрыторыі, Адам Дзмітрыевіч падрабязна прааналізаваў усе сферы, з якімі павінен супрацоўнічаць старшыням сельвыканкама.
Прынамсі, гутарка ішла пра праблемы з абслугоўваннем насельніцтва: у Быстрыцы не працуе магазін, людзі скардзяцца на аўталаўкі, якія зімой прывозяць перамёрзлыя прадукты, а летам – сапсаваныя. Намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства І.М. Мацкойць паабяцала, што сітуацыя з аўталаўкамі будзе выпраўлена ў ліпені: да гэтага часу райспажыўкааперацыі павінны выдзеліць два ізатэрмічныя аўтамагазіны.
Якія праблемы ёсць у лясгаса? Як на тэрыторыі сельсавета развіваецца спорт? У якіх умовах працуюць людзі на фермах? Ці ёсць праблемы з пашамі для людскіх кароў? – адказы на гэтыя і шэраг іншых пытанняў цікавілі старшыню райвыканкама.


– Я хачу, каб старшыні сельсаветаў бачылі сваю ролю ў развіцці падпарадкаваных ім тэрыторый і разумелі, якімі справамі і праблемамі яны павінны займацца. Выносьце іх на ўзровень раёна і вырашайце. Не трэба чакаць, а з усімі пытаннямі ісці да кіраўнікоў раённых службаў і вырашаць іх, – сказаў Адам Дзмітрыевіч.


Падрабязную санітарна-гігіенічную ацэнку аб’ектаў дала загадчыца санітарна-эпідэміялагічнага аддзела РайЦГЭ Д.І. Лось. Часова выконваючы пасаду начальніка міліцыі М.Я. Халецкі прааналізаваў крымінагенную сітуацыю ў сельсавеце і выказаў спадзяванні на яе выпраўленне. Намеснік начальніка аддзела культуры М.К. Бабойць расказала пра “культурныя” праблемы сельсавета. Планамі і праблемамі падзяліліся начальнік землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы А.Б. Кухараў і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне С.М. Іванова.
Свае думкі аб рабоце старшыні Трокеніцкага сельсавета выказалі старшыня раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвіч, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Г.Л. Махневіч і намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла. Напрыканцы пасяджэння было вырашана, што ў красавіку сустракаць кіраўніцтва райвыканкама і прадпрыемстваў, арганізацый раёна, старшынь сельсаветаў Астравеччыны будуць у Астравецкім сельвыканкаме.


– А пакуль закасвайце рукавы і працуйце, – падвёў вынік работы дня сельвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.