Тыдзень postfactum. Тэатр абсурду: чарговая серыя

14:21 / 28.03.2012

23 сакавіка Еўрасаюз пашырыў санкцыі супраць Беларусі.
У лік апальных трапілі амаль 30 беларускіх прадпрыемстваў, а спіс так званых “неўязных” папоўніўся новымі імёнамі і цяпер налічвае больш за дзве сотні чалавек.


Асобнае месца ў ім займаюць супрацоўнікі судовай сістэмы. Яны ў пералік “непажаданых” у Еўропе асоб трапляюць, так бы мовіць, па факту, без суда і следства, адразу пасля вынясення прысуду кожнаму, хто мае хоць нейкую прыналежнасць да апазіцыі.
З улікам нешматлікасці радоў апошняй і непераборлівасці яе лідараў у выбары “штыкоў” займець гэтую прыналежнасць не так складана. Як паказвае практыка, досыць хоць словам абмовіцца супраць улады і ўсё астатняе – трын-трава. Хоць падаткі не плаці, хоць на навагоднюю ёлку ў цэнтры горада залезь, хоць шакаладку ў магазіне сцягні – што б ты ні зрабіў, у цябе знойдзецца безліч абаронцаў. І станеш ты не правапарушальнікам, а “ахвярай рэжыму”. Ну а далей, перафразуючы словы вадзіцеля нью-ёркскага таксі з фільма “Брат-2” – куды крывая еўрапейскай мары выведзе!
На другім па “папулярнасці” месцы ў гэтых спісах работнікі органаў унутраных спраў. Іх вось ужо больш за год не пускаюць у Еўропу па “артыкулу”: “брутальны разгон мірнай дэманстрацыі 19 снежня 2010 года”.
Аб тым, колькі за гэты час разагналі мірных апазіцыянераў у Еўропе, прычым зусім не з дапамогай дамскіх веераў, паведамлялася неаднойчы, у тым ліку і на мінулым тыдні. Таму дадаткова спыняцца на гэтым не мае сэнсу: тэма мяжы дазволенасці “быку і Юпітэру” вычарпана.
А вось тое, што на гэты раз у няміласць да Еўрасаюза трапілі адразу 29 прыватных беларускіх кампаній, якія па азначэнні, па прычыне адданасці Еўропы ідэалам свабоднай канкурэнцыі і рынкавай эканомікі, здавалася б, павінны з”яўляцца недатыкальнымі і знаходзіцца па-за межамі ўсялякіх санкцый, па-сапраўднаму здзівіла.
Сапраўды, за што?
Зброяй, наркотыкамі яны не гандлююць.
Нелегалаў, тэрарыстаў і іншы “жывы” твар за мяжу не перапраўляюць…
У віну “прыватнікам” пастаўлена фінансаванне рэжыму. Што пад гэтым маецца на ўвазе і ці адпавядае факт рэчаіснасці, а калі адпавядае, то ў чым праяўляецца – у выніковым дакуменце пасяджэння міністраў замежных спраў Еўрасаюза аб тым не гаворыцца ні слова.
Шкада. Хацелася б удакладніць. А то, калі так і далей пойдзе, то і ўсе мы ў гэты спіс трапіць можам. Чаму б не? Падаткі плацім – значыць, “рэжым” фінансуем.
Зарплату атрымліваем – чытай: выгаду ад “рэжыма” атрымліваем.
Усё гэта нашым апальным фірмам і інкрымінуецца.
Цікава, што ў іх лік трапіў нават футбольны клуб вышэйшай лігі беларускага чэмпіянату “Мінск”. Каму ўжо футбалісты зашкодзілі?!
Дарэчы, у першым туры чарговага чэмпіянату краіны “Мінск” атрымаў перамогу над шматразовым чэмпіёнам “БАТЭ”. Калі так пойдзе і далей, то сталічны клуб мае ўсе шансы заняць у чэмпіянаце высокае месца, якое дае права ўдзелу ў адным з еўрапейскіх футбольных турніраў. І што тады – футбалістам забароняць у ім удзел? Парадокс! Ці абсурд?
Зрэшты, здзіўляцца не прыходзіцца. Еўрапейскі саюз неаднаразова на справе дэманстраваў, што не мае намеру прытрымлівацца прынцыпу “спорт – па-за палітыкай”.
У тым жа дакуменце Савета ЕС, які ўспамінаўся вышэй, гаворыцца, што Еўрапейскі саюз праінфармуе міжнародную і нацыянальныя хакейныя федэрацыі аб сітуацыі ў Беларусі. Разумець гэта трэба як пацвярджэнне намеру Еўрасаюза дабіцца змены месца правядзення хакейнага першынства свету 2014 года, які плануецца правесці ў нашай краіне.
Зразумела, зрабіць гэта не складзе вялікіх цяжкасцяў. Міжнародная федэрацыя хоць і прытрымліваецца пакуль сваёй пазіцыі аб правядзенні чэмпіянату менавіта ў Беларусі, наўрад ці вытрымае моцны дыпламатычны ціск.
А калі і вытрымае, то заява аб няўдзеле ў спаборніцтве адной-дзвюх еўрапейскіх ці заакіянскіх каманд, якая абавязкова адаб’ецца на фінансавай складаемай турніра, звядзе на “не” ўсе яе намаганні і проста вымусіць саступіць перад палітыкамі.
Як сцвярджаецца, ўсё гэта робіцца дзеля нас з вамі. Таму што ЕС “глыбока адданы падтрымцы беларускага народа і грамадзянскага грамадства і супрацоўніцтва з імі, а таксама дэмакратычным памкненням беларусаў”.
Дзецям, хлапчукам, юным хакеістам, якія сёння ганяюць шайбу ў лядовых палацах і дварах, для якіх магчымасць убачыць вялікіх хакеістаў ў сябе на радзіме, можа так стацца, будзе першай і апошняй у жыцці, спадарыня Эштан разам з панамі Сікорскім і Ажубалісам таксама гэтую байку раскажуць? Ці прыдумаюць больш арыгінальную казку?


Эдуард СВІРЫД.