Каментарый спецыяліста: новае ў прызначэнні сацыяльнай дапамогі

08:06 / 01.02.2012

У нашай краіне праводзіцца паслядоўная сацыяльная палітыка, накіраваная на сацыяльнае забеспячэнне насельніцтва. Чарговым крокам у гэтым накірунку стала падпісанне 19 студзеня 2012 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Указа № 41 “Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе”, які ўступіць у сілу з 1 красавіка. Гэты дакумент накіраваны на ўдасканаленне сістэмы адраснай дапамогі і ўзмацненне падтрымкі людзей, якія не могуць самі справіцца з праблемамі, якія іх напаткалі.









Асноўныя палажэнні гэтага Указа каменціруе начальнік аддзела сацыяльнай абароны ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Астравецкага райвыканкама Алена Станіславаўна Дукевіч.


Згодна з новым указам адрасная сацыяльная дапамога ўключае ў сябе чатыры асноўныя пункты – штомесячная і (ці) аднаразовая сацыяльная дапамога на набыццё прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў, адзення, абутку, школьных прылад і на іншыя патрэбы; сацыяльная дапамога для пакрыцця затрат на набыццё падгузнікаў; сацыяльная дапамога на аплату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі; забеспячэнне прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця.




Складанае жыццё

Штомесячная сацыяльная дапамога прадастаўляецца сем’ям і грамадзянам, пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход па аб’ектыўных прычынах не перавышае бюджэт пражытачнага мінімуму, які з 1 лютага да 30 красавіка складае 706 880 рублёў.
На аднаразовую дапамогу могуць разлічваць грамадзяне, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход складае не больш 1,5 велічыні крытэрыю патрэбнасці (зараз гэта лічба складае 1 060 320 рублёў).
– Указ таксама прадугледжвае павелічэнне максімальнага памеру аднаразовай сацыяльнай дапамогі з пяці да дзесяці бюджэтаў пражытачнага мінімуму, – адзначыла Алена Станіславаўна. – Калі раней яна прадастаўлялася не больш аднаго разу ў год, то зараз людзі, якія пацярпелі ад пажараў і іншых надзвычайных сітуацый, будуць мець права звярнуцца за такой падтрымкай паўторна.
Варта зазначыць, што ў адпаведнасці з новым указам пашырылася трактоўка паняцця “складаная жыццёвая сітуацыя”. Сёння ў адпаведнасці з ёй на аднаразовую сацыяльную дапамогу могуць прэтэндаваць не толькі тыя, хто пацярпеў ад стыхійных бедстваў, пажараў ці страціў працаздольнасць па прычыне інваліднасці ці дасягнення 80-гадовага ўзросту, але і грамадзяне, якія не могуць сябе абслугоўваць у сувязі з захворваннем, якое патрабуе працяглага прыёму лекавых сродкаў, а таксама тыя, у каго памерлі муж ці жонка, бацькі ці дзеці.
Па штомесячнай сацыяльнай дапамозе змяніўся перыяд яе назначэння для некаторых катэгорый грамадзян. Адзінокія інваліды I і II групы; адзінокія непрацаздольныя грамадзяне, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту; няпоўныя сем’і, дзе расце дзіця-інвалід да 18 гадоў, могуць атрымліваць штомесячную сацыяльную дапамогу на працягу 12 месяцаў (раней максімальны перыяд складаў 6 месяцаў).
Акрамя таго, грамадзяне, якія сталі беспрацоўнымі па прычыне ліквідацыі прадпрыемства, скарачэння работнікаў ці штатаў, змогуць атрымаць адрасную дапамогу ў больш кароткі тэрмін. Іх сярэднедушавы даход будзе разлічвацца не за дванаццаць, а за тры месяцы, якія папярэднічаюць месяцу звяртання за дапамогай.
– Важны момант: у сувязі са змяненнем бюджэту пражытачнага мінімуму ўсім атрымальнікам штомесячнай дапамогі будзе рабіцца пераразлік, – удакладніла Алена Станіславаўна. – Гэта дазволіць падтрымаць даходы насельніцтва на ўзроўні бюджэту пражытачнага мінімуму.
Калі чалавек трапляе ў складаную жыццёвую сітуацыю, то для яго падобная падтрымка – істотная дапамога. Толькі, па словах начальнік аддзела сацыяльнай абароны, часта выяўляюцца выпадкі ўтойвання ці прадастаўлення недакладных звестак аб даходах, складзе сям’і і іншых звестак, неабходных для прадастаўлення адраснай дапамогі. Аматары ўтрыманства за дзяржаўны кошт будуць пазбаўлены права звяртацца за дапамогай на працягу 12 месяцаў, і можа здарыцца , што ім на самой справе спатрэбіцца падтрымка дзяржавы, а яны яе не атрымаюць.



Дапамога на падгузнікі

– У сістэму дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ўключаны новы від падтрымкі – сацыяльная дапамога для пакрыцця затрат на набыццё падгузнікаў, – расказвае Алена Станіславаўна. – Яна прадастаўляецца ў грашовай форме дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў з IV ступенню страты здароўя, а таксама інвалідам I групы (акрамя асоб, інваліднасць якіх наступіла ў выніку проціпраўных дзеянняў, па прычыне алкагольнага, наркатычнага, таксічнага ап’янення) на падставе індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда ці заключэння ўрачэбна-кансультатыўнай камісіі аб патрэбнасці ў падгузніках і дакументаў, якія пацвярджаюць затраты на іх набыццё.
Атрымаць такую дапамогу можна не часцей, чым два разы за год. Максімальная сума падтрымкі складзе тры бюджэты пражытачнага мінімуму. Пры гэтым выдзяляцца гэтая дапамога будзе незалежна ад велічыні сярэднедушавога даходу сям’і.



Для рэабілітацыі

Змяненні закранулі і пералік тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, якія выдзяляюцца бясплатна інвалідам III групы і дзецям да 18 гадоў, якія не прызнаны інвалідамі, але маюць патрэбу па медыцынскіх паказаннях у сродках рэабілітацыі. Сёння такую адрасную дапамогу атрымліваюць на набыццё пратэзаў верхніх і ніжніх канечнасцей, артэзаў тулава, артапедычнага абутку, слыхавых апаратаў, вочных пратэзаў, інсулінавых шпрыцаў, тэст-палосак для вызначэння цукру ў крыві. Зараз сюды ўключаны яшчэ і пратэз малочнай залозы з ліфамі.



Дзіцячае харчаванне

Яшчэ адно новаўвядзенне – у сістэму адраснай сацыяльнай дапамогі ўключаць бясплатнае харчаванне на дзяцей ва ўзросце да двух гадоў.
– Улічваючы, што бясплатнае забеспячэнне дзіцячым харчаваннем назначаецца малазабяспечаным сем’ям і ўмовы яго прадастаўлення аналагічныя з ўмовамі прадастаўлення адраснай сацыяльнай дапамогі, то гэтыя віды дзяржаўнай падтрымкі аб’яднаны ў адну сістэму, – гаворыць Алена Станіславаўна.
Падтрымка дзяржавы ў выглядзе забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця будзе прадастаўляцца сем’ям, у якіх сярэднедушавы даход ніжэй крытэрыю патрэбнасці. Сярэднедушавы даход будзе разлічвацца за апошнія дванаццаць месяцаў (зараз – за 6 месяцаў).
Сем’ям пры нараджэнні двойні і больш дзяцей (на сённяшні дзень – тройні і больш дзяцей) такая дапамога будзе прадастаўляцца незалежна ад велічыні сярэднедушавага даходу.
– Хацелася б звярнуцца да кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна, каб яны перагледзелі інфармацыйныя стэнды і знялі састарэлую і неактуальную інфармацыю аб адраснай дапамозе – новы ўказ уступае ў сілу з 1 красавіка, – зазначыла Алена Станіславаўна.


Вольга ШОЎКУН.