Падольскія асаблівасці, праблемы і перспектывы

15:24 / 25.02.2012

Традыцыя прадстаўнікоў раённай і мясцовай улады сустракацца кожны трэці чацвер месяца ў адным з сельскіх Саветаў была працягнута і ў гэтым месяцы. Месцам сустрэчы на гэты раз сталі Падольцы – сустракаў гасцей яго старшыня Рыгор Часлававіч Цэйка.


ПАДОЛЬСКІ СЕЛЬСАВЕТ – самы малаколькасны па насельніцтву – па дадзеных на 1 студзеня на яго тэрыторыі пражываюць каля 700 жыхароў. Самая вялікая вёска – Падольцы, у астатніх пражываюць менш, чым па пяцьдзясят чалавек. На тэрыторыі сельскага Савета размешчана 25 населеных пунктаў, з іх – 12 хутароў, у якіх жывуць 45 чалавек.
І тым не менш адметны – зімой у Падольцах заліваюць хакейную пляцоўку, у Баранях размяшчаецца адзіная ў раёне экспазіцыя раённага гісторыка-краязнаўчага музея, тут нарадзіліся Станіслаў Валодзька і Казімір Сваяк – і гэта далёка не ўсе адметнасці і славутасці падольскай зямлі.


Праграма дня сельвыканкама не адрознівалася ад мінулай, якая прайшла ў студзені ў Спондах. Амаль не змяніўся і склад удзельнікаў.
– Хацелася, каб тое, што сёння ўбачыце, вы параўналі з тым, што бачылі ў Спондах, і, канешне, з тым, што ёсць у вас, – пачаў семінар намеснік старшыні райвыканкама В.З. Свіла.
Своеасаблівы агляд аб’ектаў, якія размешчаны ў Падольцах, пачаўся з наведвання фельчарска-акушэрскага пункта. Падчас будаўніцтва аграгарадка ў Падольцах ФАП “пераехаў” на новае месца. Чыста, утульна, акуратна… Але паколькі кіраўніцтва раённай бальніцы па ўважлівай прычыне не ўдзельнічала ў семінары, то загадчыца ФАПа Ніна Сцяпанаўна Цэйка крыху збянтэжылася, што і выклікала затрымку ў рабоце. У сувязі з гэтым Віктар Збігневіч яшчэ раз нагадаў, што ў дні сельвыканкама абавязкова павінна прымаць удзел кіраўніцтва раённых арганізацый, чые падраздзяленні задзейнічаны ў аглядзе, і кожны павінен быць падрыхтаваны і ведаць стан спраў, дзе і якія праблемы існуюць.




Сельскі комплексна-прыёмны пункт
абслугоўвае 25 населеных пунктаў. Тут можна не толькі здаць у рамонт бытавую тэхніку, абутак, адзенне, але і набыць прадукцыю швейнага цэха. Адзін раз у месяц у Падольцы прыязджае цырульнік з Астраўца. Наконт таго, наколькі гэта задавальняе мясцовых жыхароў, узніклі спрэчкі – таму было прапанавана вывучыць сітуацыю глыбей і прыняць рашэнне.
У мінулым годзе ў Падольцах працаваў майстар па рамонту абутку і аказваліся паслугі па мыццю бялізны на месцы. Сёлета гэтыя бытавыя паслугі не аказваюцца.
Дырэктару УКПБА В.М. Ляцкай былі выказаны і даволі слушныя прапановы: устанавіць графік работы цырульніка, каб людзі ведалі, што пастаянна ў адзін і той жа дзень месяца яны могуць прыйсці і зрабіць стрыжку ці ўкладку, пафарбаваць валасы ці зрабіць меліраванне. Да таго ж, калі ў вёску едзе цырульнік, то разам з ім маглі б прыехаць і спецыялісты па рамонту абутку і адзення, тэлемайстар. Прапаноўвалі таксама разнастаіць выбар прадукцыі і адначасова вырашыць дзве задачы: задаволіць попыт людзей і павысіць аб’ём аказваемых паслуг.
Далей шлях ляжаў у вёску Барані. Невялікую, але добра вядомую не толькі ў Астравецкім раёне. Тут размешчана экспазіцыя раённага музея “Дом Казіміра Сваяка”. Дзякуючы юбілею нашага таленавітага земляка, былі добраўпарадкаваны не толькі “радавое гняздо” сям’і, але і тэрыторыя вёскі: разабралі напаўразваленыя хаты, высеклі кусты і хмызняк, па перыметру вёскі паставілі агароджу. Некалькімі гадамі раней жыхары сабралі грошы на добраўпарадкаванне вясковых могілак – тады вакол іх была ўстаноўлена бетонная агароджа.



За мінулы год экспазіцыю наведалі каля 700 чалавек. Ужо сёлета ў доме Казіміра Сваяка пабывала 156 наведвальнікаў. Музей поўнасцю выконвае задачы, якія на яго ўскладваліся, але і на бягучы год аддзел культуры райвыканкама запланаваў цікавае мерапрыемства, папярэдне названае “Сваякоўскія вакацыі”. Віктар Збігневіч падзякаваў арганізацыям, якія дапамагалі ў стварэнні своеасаблівага брэнда Астравеччыны, і якія і сёння дапамагаюць у яго развіцці. Тут жа былі ўзняты і праблемы, якія патрабуюць вырашэння: неабходна ўстанавіць маланкаадвод, адрамантаваць печку і пабудаваць павець для дроў. У ідэале – прывесці ў парадак пустку, размешчаную за домам Казіміра Сваяка, і зрабіць на яе месцы амфітэатр.
І хаця работнікі культуры і самі не збіраюцца спыняцца на дасягнутым, узніклі прапановы па ўдасканальванню іх работы – напрыклад, стварэнне сувенірнай прадукцыі, якую маглі б набыць наведвальнікі. Хаця, трэба прызнаць, што першыя крокі ў гэтым накірунку аддзелам культуры ўжо зроблены – выпушчаны магніцікі з выявамі архітэктурных помнікаў Астравеччыны, выраблена іншая сувенірная прадукцыя.



Наступным пунктам прыпынку стаў магазін райспажыўтаварыства, у якім можна набыць не толькі прадукты, але і прамысловыя тавары. Працуе магазін і па заяўках – неабходны пакупніку тавар дастаўляецца ў кароткі тэрмін. Каб прывабіць пакупніка – ёсць у Падольцах і канкурэнты спажыўкааперацыі – тут працуюць і прыватныя магазіны, – райспажыўтаварыства прадае тавары са скідкамі. Акрамя гэтага, райспажыўтаварыства праводзіць акцыі, калі можна купіць тавар у крэдыт без першапачатковага ўзносу і без працэнтаў. Плануецца прадоўжыць добраўпарадкаванне – зрабіць касметычны рамонт магазіна.
Падзялілася Міраслава Раймундаўна Блашкевіч і планамі райспажыўтаварыства на бягучы год. Прынамсі, у Астраўцы плануецца мадэрнізаваць хлебазавод, зрабіць рамонт у рэстаране “Беларусь”, летам адкрыць кафэ “Лаванда” ў Гудагаі, пабудаваць новы магазін у мікрараёне Валадарскага ў Астраўцы.
Заўваг па рабоце магазіна ні ад міліцыі, ні ад санстанцыі не было, а вось выратавальнікі папрасілі падтрымліваць пажарную сігналізацыю ў спраўнасці і рэгулярна правяраць яе тэхнічны стан.
Затое ўзніклі прапановы ў старшынь сельсаветаў па больш цеснаму супрацоўніцтву кааператараў з насельніцтвам і выкананню іх запытаў. Рэкамендавалі таксама арганізаваць у Падольцах збор другаснай сыравіны, каб жыхарам не даводзілася везці яе ў Гудагай.
У сельскім Доме культуры ўдзельнікаў дня сельвыканкама сустракалі песнямі. Калектыў СДК – малады. Дырэктар Алена Мураўская пасля заканчэння Гродзенскага каледжа мастацтваў у 2009 годзе па накіраванні трапіла ў Падольцы – тут і засталася. Мастацкі кіраўнік Вольга Валадзько і музычны кіраўнік Уладзімір Клюкоўскі – мясцовыя жыхары, таксама маладыя спецыялісты – месцам працы задаволены і мяняць яго не збіраюцца. Умовы працы сталі яшчэ больш спрыяльнымі, калі ў Доме культуры з’явілася новая апаратура. Зразумела, прыцягнуць моладзь у клуб у сённяшні час, калі ў кожнага дома ёсць камп’ютар, цяжка, але і тут дырэктар і яе памочнікі знайшлі метады: пры Доме культуры працуе пяць гурткоў, створана аматарскае аб’яднанне “Забава” і “Гаспадыня”, удзельнікі якога ў 2011 годзе ў абласным конкурсе “Свет захапленняў” былі ўзнагароджаны дыпломам і каштоўным падарункам. Засвяціўся на культурным небасхіле Астравеччыны і танцавальны калектыў, які быў узнагароджаны дыпломам ІІ ступені ў раённым конкурсе “Вясёлка талентаў”. Удзельнікаў семінара песнямі і ўласнымі вершамі парадавалі гурткоўцы Каця Шылько і Дзіяна Бараноўская.
Віктар Збігневіч Свіла адзначыў, што ў многіх установах культуры працуюць менавіта мясцовыя жыхары – і гэта вялікі плюс. Яшчэ большы плюс – што культурныя работнікі стараюцца зацікавіць жыхароў вёсак і запрасіць іх не толькі на святочныя праграмы, прымеркаваныя да святаў, але і прыцягнуць да заняткаў у аб’яднаннях і гуртках.



Падвесці вынікі работы сельвыканкама было вырашана ў Падольскай школе. Тут удзельнікаў семінара сустракалі караваем і вершамі, у якіх дзеці праслаўлялі адметнасці падольскай зямлі. У 2007 годзе, дзякуючы будаўніцтву аграгарадка, школа набыла сучасны выгляд. А ў новых сценах і вучоба пайшла спрытней, і дасягненнямі школа таксама можа пахваліцца. Толькі сёлета школьнікі атрымалі на раённай алімпіядзе пяць дыпломаў, адзін вучань, Іван Капуста, прывёз з абласной алімпіяды дыплом ІІІ ступені.
Але і тут ёсць праблемы: састарэлая камп’ютарная тэхніка, выратавальнікі патрабуюць устаноўкі маланкаадвода і супрацьпажарнай сценкі паміж школьнымі кабінетамі і дзіцячым садком. Увагі з боку педагогаў патрабуюць сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Удзельнікі семінара былі ўражаны школьным музейным пакоем “Дарога лёну”. У музеі зайшла размова пра падрыхтоўку сувеніраў да выставы “Паўночны вектар Гродзеншчыны”. Шыкоўныя ручнікі і паясы работы падольскіх школьнікаў і мясцовых майстрых-ткачых маглі б стаць каштоўным падарункам гасцям, якія прыбудуць на выставу-кірмаш, што восенню пройдзе ў нашым раёне.
На пленарным пасяджэнні, якое прайшло з удзелам намеснікаў старшыні райвыканкама В.З. Свілы і У.С. Ластоўскага і старшыні раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвіча, былі падведзены вынікі таго, што змаглі ўбачыць удзельнікі дня сельвыканкама. Узнікла прапанова пашырыць кантынгент удзельнікаў падобных семінараў – было б нядрэнна, каб у ім прымалі ўдзел кіраўнікі вытворчых прадпрыемстваў, арганізацый і сельскагаспадарчых каааператываў. Віктар Збігневіч Свіла прапанаваў кіраўнікам мясцовай улады пры падрыхтоўцы семінара звяртаць увагу на наведваемыя аб’екты, каб сэканоміць час і выкарыстаць убачанае з карысцю.
Старшыня Падольскага сельвыканкама Рыгор Часлававіч Цэйка выступіў з просьбай-прапановай да раённага кіраўніцтва перагледзець рэжым работы мясцовай ашчаднай касы. Пасля таго, як яе супрацоўнік пераведзены на работу на паўстаўкі, каса банка працуе толькі чатыры дні і толькі да трох гадзін. Не ўсе жыхары ў гэты час маюць магчымасць вырашыць свае праблемы.
Былі разгледжаны таксама пытанні асвятлення населеных пунктаў і мерапрыемствы па правядзенні месячніка пажарнай бяспекі.
Наступны дзень сельвыканкама пройдзе ў трэці чацвер сакавіка. Да яго ўсім старшыням сельскіх Саветаў неабходна будзе падрыхтаваць інфармацыю аб пашпартызацыі населеных пунктаў.


Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.