Тыдзень postfactum: сірыйскае скрыжаванне

08:04 / 15.02.2012
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

18 сакавіка грамадзянскаму супрацьстаянню ў Сірыі споўніцца год.
За гэты час у рэгіёне адбыліся непазнавальныя перамены: змяніліся рэжымы ў Тунісе, Егіпце, Ліване. І толькі ў Сірыі “арабская вясна” расцягнулася амаль на год.
Сусветнае грамадства намагаецца зразумець, што ж на самой справе адбываецца ў гэтай блізкаўсходняй краіне і, самае галоўнае, як знайсці выйсце з сітуацыі, што склалася.


Мінулы тыдзень прайшоў пад знакам абмеркавання вынікаў галасавання ў Савеце Бяспекі ААН па сірыйскаму пытанню. На разгляд Савета Бяспекі была пастаўлена рэзалюцыя, распрацаваная Марока.
У ёй уся адказнасць за эскалацыю напружанасці ў краіне ўскладвалася на сірыйскае кіраўніцтва на чале з прэзідэнтам Башарам Асадам. Адсюль і важнейшая папярэдняя ўмова ўрэгулявання канфлікту – зыход з паста дзеючага прэзідэнта.
Падобны змест дакумента не задавальняў Расію і Кітай, якія мяркуюць, што адказнасць за насілле ў Сірыі ў роўнай ступені ляжыць як на дзеючым кіраўніцтве, так і на апазіцыі. Таксама Маскву і Пекін моцна насцярожвала двухсэнсоўнасць дакумента. Не жадаючы паўтарэння лівійскага сцэнарыя, калі бяскрыўдная, на першы погляд, рэзалюцыя Савета Бяспекі, па сутнасці развязала рукі НАТА для маштабнага ўмяшання ва ўтунтрыдзяржаўны канфлікт, Масква і Пекін урэшце скарысталіся сваім правам вета і заблакіравалі прыняцце рэзалюцыі.
Расія абвінавачвае Захад у тэндэнцыйнай пазіцыі, нежаданні ўлічваць аб’ектыўныя факты, заклікае сірыйскую апазіцыю знайсці ў сабе мужнасць і сесці за стол перамоваў з дзеючай уладай.
ЗША ўскладваюць на Расію і Кітай усю адказнасць за кровапраліцце на тэрыторыі Сірыі, а сірыйская апазіцыя ўвогуле назвала Маскву і Пекін галоўнымі ворагамі сірыйскага народа.
Будзе не лішнім успомніць, што Башар Асад, нягледзячы на маладосць – у верасні яму споўніцца толькі 47 – кіруе краінай з 2000-га года.
Адметна, што пасля заваявання Сірыяй незалежнасці з 15-ці прэзідэнтаў краіны толькі трое ўтрымлівалі сваю пасаду больш за тры гады. Сярод іх і папярэднік Башара Асада – яго бацька Хафез Асад, які прыйшоў да ўлады ў выніку дзяржаўнага перавароту і бяззменна правіў краінай амаль 30 гадоў.
Пасля смерці бацькі, Башар Асад, урач-афтальмолаг па прафесіі, атрымаў званне генерал-лейтэнанта і неўзабаве на ўсенародным рэферэндуме атрымаў вотум даверу 97,29 працэнта выбаршчыкаў. Выбары, калі іх можна так назваць, праходзілі на безальтэрнатыўнай аснове.
Так што як абранне Асада, так і спробы яго звергнуць нельга назваць у поўнай меры дэмакратычнымі.
Зрэшты, адпаведнасць дэмакратычным стандартам таго, што адбываецца ў Сірыі, мала каго хвалюе.
Сірыйскае пытанне сёння цалкам укладваецца ў агульны кантэкст барацьбы за ўплыў у рэгіёне, той самай “арабскай вясны”, якая доўжыцца ўжо больш за год.
Напярэдадні аб’яўлення вайны з Іранам, у магчымасці якой сёння не сумняваецца ніхто, для ЗША стратэгічна важна забяспечыць для сябе “сірыйскі плацдарм” – трывалы і надзейны. З Башарам Асадам на чале ўлады падобнае немагчыма нават тэарэтычна. Яшчэ ў перыяд іракскай кампаніі Дамаск аказваў усялякую магчымую, у тым ліку і ваенную, дапамогу рэжыму Хусейна і ўвогуле зарэкамендаваў сябе, як самы ўпарты і непрымірымы сапернік Злучаных Штатаў у блізкаўсходнім рэгіёне.
Умацаванне пазіцый ЗША на Блізкім Усходзе не адпавядае інтарэсам Расіі. Тым больш, калі ў цэнтры ўвагі знаходзіцца Сірыя, адносіны з якой у Расіі сяброўскія яшчэ з часоў СССР. Можна не сумнявацца, што – прынамсі, пры цяперашнім расійскім кіраўніцтве – сваімі прынцыпамі наша ўсходняя суседка не паступіцца. Яны грунтуюцца на безумоўным прызнанні легітымнасці дзеючай улады і абмеркаванні шляхоў урэгулявання канфлікту за сталом перамоў.
Вырашэнне сірыйскага пытання ўскладняецца яшчэ і маючымі адбыцца ў Расіі і ЗША прэзідэнцкімі выбарамі. У такіх варунках “справа Дамаска” становіцца яшчэ і перадвыбарнай казырнай картай. У многім ад таго, як разгорнуцца падзеі, будуць залежаць і вынікі галасавання.
Тым часам на мінулым тыдні з падачы саюзніцы ЗША Саўдаўскай Аравіі нарадзіўся яшчэ адзін праект рэзалюцыі па Сірыі. Ад папярэдняй ён нічым не адрозніваецца, а вось разгледзець яго мяркуецца на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН. Калі рэалізаваць задуманае ўдасца, правам вета не здолее скарыстацца ўжо ніхто. Па той простай прычыне, што фармат Генасамблеі падобнага не прадугледжвае.