Станоўчую дынаміку неабходна замацаваць (з даклада старшыні Астравецкага раённага выканаўчага камітэта А.Д. Кавалькі)

08:04 / 27.01.2012

24 студзеня адбылося сумеснае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта і чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў, на якім былі разгледжаны вынікі работы ўсіх галін народнай гаспадаркі раёна ў 2011 годзе і пастаўлены задачы на 2012 год. Са справаздачай Астравецкага раённага выканаўчага камітэта аб рабоце райвыканкама па сацыяльна-эканамічным развіцці раёна ў 2011 годзе выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька.


Мінулы 2011 год быў годам напружанай працы як для раённага выканаўчага камітэта, так і для суб’ектаў гаспадарання ўсіх форм уласнасці.


Сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі раёна было выраблена валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах на суму 124,5 мільярда рублёў, што склала 112 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года. Усе гаспадаркі, за выключэннем СВК “Варняны”, перавысілі ўзровень 2010 года і выканалі даведзенае заданне.


У раслінаводстве тэмп росту валавай прадукцыі склаў 119 працэнтаў.


Валавая вытворчасць збожжа разам з кукурузай склала 74,8 тысячы тон, што на 18,6 больш узроўню 2010 года.


З кожнага гектара атрымана 41,2 цэнтнера. Павялічылі валавы збор збожжа ўсе гаспадаркі, найбольш значную прыбаўку атрымалі ў СВК “Варняны” – 6,3 тысячы тон і СВК “Гервяты” – 4,1 тысячы тон. Лепшай прадуктыўнасці збожжавага кліна дасягнулі СВК “Гудагай” – 45 цэнтнераў з гектара і СВК “Гервяты” – 43,6.


У гэтым годзе ставіцца задача атрымаць валавы збор зерневых не менш чым 79 тысяч тон у вазе пасля дапрацоўкі.


Валавы збор льновалакна ў мінулым годзе склаў 230,5 тоны, сярэдняя ўраджайнасць – 6,8 цэнтнера з гектара. Найбольшая ўраджайнасць льновалакна атрымана ў РУП “Саўгас “Падольскі” – 7,0 і СВК “Варняны” – 6,7 цэнтнера з гектара. Пасевы цукровых буракоў сканцэнтраваны ў трох гаспадарках, якія маюць адпрацаваную тэхналогію і неабходную тэхніку для вырошчвання гэтай культуры. Цукровыя буракі вырошчваліся на плошчы 680 гектараў. Атрымана ўраджайнасць 683,3 цэнтнера з гектара, што на 240,1 больш, чым у 2010 годзе, валавы збор караняплодаў склаў 46,4 тысячы тон. Найлепшых паказчыкаў у гэтай справе дасягнулі ў СВК “Гервяты”, дзе ўраджайнасць склала 727,7 цэнтнера з гектара. У гэтым годзе плануецца павялічыць пасевы цукровых буракоў да 750 гектараў і давесці іх валавы збор да 42,5 тысячы тон.


Бульба летась вырошчвалася на плошчы 200 гектараў, валавы збор яе склаў 5 тысяч тон. Атрымана ўраджайнасць 253 цэнтнеры з гектара, што на 59 больш, чым у папярэднім годзе. Найбольшую ўраджайнасць атрымалі ў СВК “Гервяты” – 330 цэнтнераў з гектара і СВК “Гудагай” – 296. Гэты вынік дасягнуты ў першую чаргу за кошт сортаабнаўлення і павышэння рэпрадукцыі насеннага матэрыялу, а таксама захавання ўсіх элементаў тэхналогіі. У гэтым годзе застаецца ранейшай задача па вырошчванні не менш чым 5 тысяч тон бульбы, узровень аб’ёму вытворчасці будзе забяспечаны за кошт росту ўраджайнасці.


Пасяўныя плошчы рапсу складалі летась 2227 гектараў, валавы збор масласямян атрыманы 2934 тоны пры ўраджайнасці 13,9 цэнтнера з гектара.


Самая лепшая ўраджайнасць дасягнута ў СВК “Варняны” – 18,7, СВК “Гервяты” – 16 цэнтнераў з гектара.


У гэтым годзе ставіцца задача па валавому збору масласямян рапсу ў аб’ёме 5,3 тысячы тон.


Вялікая ўвага ў раёне надаецца забяспечанасці кармамі грамадскай жывёлагадоўлі. У мінулым годзе нарыхтавана 36 цэнтнераў кармоў на адну ўмоўную галаву, у тым ліку травяністых – 25,9 цэнтнера кармавых адзінак, а ў СВК імя Гашкевіча і “Міхалішкі” – адпаведна 49,1 і 39,4 цэнтнера кармавых адзінак. У гэтым годзе прагназуецца нарыхтаваць усіх відаў кармоў не менш 38 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву, у тым ліку травяністых – 27 цэнтнераў.


Тэмп росту вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў мінулым годзе ў супастаўных цэнах склаў 107,2 працэнта.


Валавая вытворчасць малака склала 41,9 тысячы тон, ці 107,1 працэнта да ўзроўню 2010 года. Ад адной фуражнай каровы надоена па 5166 кілаграмаў малака, прырост склаў 122 кілаграмы. Самая высокая прадуктыўнасць дойнага статка ў СВК “Гудагай”, дзе надой склаў 5759 кілаграмаў, прырост – 474 кілаграмы. Трынаццаць аператараў машыннага даення ў раёне надаілі ад адной каровы больш чым 6000 кілаграмаў малака. Гаспадаркі раёна адправілі на перапрацоўку 35839 тон малака – 111,4 працэнта да ўзроўню 2010 года. Сортам “экстра” прададзена 23,4 працэнта, і вышэйшым – 68,9 працэнта таварнай прадукцыі.


Вытворчасць свініны склала ў мінулым годзе 2247 тон, сярэднясутачныя прывагі – 593 грамы. Рэалізавана 2128 тон свіней, што склала 106 працэнтаў да ўзроўню 2010 года. Мяса буйной рагатай жывёлы вырашчана 5373 тоны – 105,7 працэнта да ўзроўню папярэдняга года. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на адкорме і вырошчванні дасягнулі 699 грам – на 6 грамаў больш, чым у 2010 годзе.


Аналізуючы работу сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у галіне жывёлагадоўлі, варта адзначыць, што вытворчасць малака на 100 гектараў сельскагаспадарчых угодзяў узрасла на 51,4 цэнтнера, яго таварнасць – на 3,3 працэнта і склала 85,6 працэнта, затраты працы на 1 цэнтнер прадукцыі знізіліся з 3,8 да 3,6 чалавека-гадзіны, расход кармоў застаўся на ўзроўні 2010 года – 1,2 цэнтнера кармавых адзінак. Разам з вытворчымі паказчыкамі істотна палепшылася і эканамічная эфектыўнасць вытворчасці малака: ва ўсіх гаспадарках яна мае станоўчую рэнтабельнасць, а самая высокая эфектыўнасць адзначаецца ў гаспадках, дзе пабудаваны новыя малочна-таварныя фермы.


Пастаянна вядзецца работа па нарошчванні пагалоўя буйной рагатай жывёлы. У параўнанні з 2010 годам шчыльнасць яе на 100 гектараў сельгасугоддзяў узрасла з 50,5 да 53 галоў, у тым ліку кароў з 15 да 15,3.


У жывёлагадоўлі ў бягучым годзе вызначана наступная задача: валавая вытворчасць малака павінна скласці 46252 тоны пры сярэднім надоі ад каровы 5322 кілаграмы. Атрымаць прадукцыю вырошчвання буйной рагатай жывёлы плануецца 5422 тоны, свіней – 2308 тон. Каб дасягнуць намечаных вынікаў, неабходна ў першую чаргу матэрыяльна-тэхнічнае пераўзбраенне, на фермах павінны выкарыстоўвацца сучасныя тэхналогіі ўтрымання кароў, даенне ў даільнай зале з забеспячэннем камп’ютарызацыі ўсіх працэсаў, ідэнтыфікацыі заатэхнічнага і ветэрынарнага ўліку, прыгатаванне і раздача збалансаваных па ўсіх кампанентах кармоў з дапамогай мабільных раздатчыкаў-змешвальнікаў. На невялікіх фермах неабходна правесці рамонт даільных установак, вадапаення, гноевыдалення. У кожнай гаспадарцы ёсць магчымасць на ўсіх малочна-таварных фермах круглы год падтрымліваць паточна-цэхавую сістэму вытворчасці малака. Гэта дасць магчымасць утрымліваць жывёлу асобна з улікам яе фізіялагічнага стану і прадуктыўнасці, праводзіць кантроль за кармленнем розных груп жывёлы.


Аснашчэнне сельгаспрадпрыемстваў сучаснай высокапрадукцыйнай тэхнікай – адна з асноўных умоў далейшага развіцця, росту прадукцыйнасці працы, павышэння ўраджайнасці сельгаскультур, скарачэнне працоўных, матэрыяльных і грашовых затрат на вытворчасць прадукцыі.


У 2011 годзе сельгаспрадпрыемствы раёна набылі 12 збожжаўборачных камбайнаў, 6 трактароў, 4 пасяўныя агрэгаты і іншую тэхніку. Усё гэта дазволіла значна павысіць якасць выконваемых работ і правесці іх у аптымальныя тэрміны. Плануецца абнавіць машынатрактарны парк на суму 14 мільярдаў рублёў. Але набыццё тэхнікі ў лізінг трэба праводзіць з разумным падыходам: з аднаго боку – пры неабходнасці, з другога – пры фінансавай магчымасці гаспадарак.


За 11 месяцаў выручка ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі склала 163,5 мільярда рублёў, прыбытак ад рэалізацыі 12,7 мільярда рублёў, чысты прыбытак – 19,7 мільярда, рэнтабельнасць 14,7 працэнта.


У бягучым годзе ў сельскай гаспадарцы раёна прагназуецца атрымаць валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах з прыростам на 7,5 працэнта. Рэнтабельнасць прадаж павінна быць не ніжэй 4 працэнтаў, паказчык па энергазберажэнні трэба давесці да мінус 5 працэнтаў. Для таго, каб іх дасягнуць, трэба праводзіць пастаянны аналіз вытворчасці, надаючы асаблівую ўвагу затратам працы і расходу кармоў на адзін цэнтнер прадукцыі. Да папаўнення асноўных сродкаў вытворчасці – набыцця новай тэхнікі, будаўніцтва жылля і выторчых будынкаў – трэба падыходзіць з улікам рэальнай патрэбы і эканамічнага стану гаспадаркі. Асаблівую ўвагу неабходна надаваць росту заработнай платы – за 11 месяцаў яе сярэдні памер склаў 1171 тысячу рублёў, але гэтага яўна недастаткова.


За добрасумленную, плённую працу хочацца выказаць асаблівую падзяку кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў А.У. Янчэўскаму, Э.І. Садоўскаму, А.Ч. Вярбовічу, А.І. Чаплінскаму, В.Ч. Далговічу, Г.Ф. Дэнюшу, а таксама галоўным спецыялістам А.В. Габрукевічу, А.В. Вінчу, А.М. Бушмовічу, Г.У. Саўко, а таксама спецыялістам упраўлення сельскай гаспадаркі Н.У. Волк-Леановіч, М.М. Шлыковічу, У.І. Раманоўскаму.


Тэмп росту аб’ёмаў прамысловай вытворчасці ў супастаўных цэнах за 2011 год склаў 113,2 працэнта пры заданні 112, яе выпушчана на суму 33,9 мільярда рублёў у фактычных цэнах. На ААТ “Кардонная фабрыка “Альхоўка” тэмп росту ў супастаўных цэнах склаў 121,8 працэнта пры заданні 117, ААТ “Астравецкі завод “Радыёдэталь” – 111,6 пры заданні 110, Астравецкая УКПБАН – 115,2 працэнта пры заданні 110, Астравецкае РУП ЖКГ – 101,1 працэнта пры заданні 103.


Для дасягнення стабільнасці ў рабоце, дыверсіфікацыі і расшырэння вытворчасці, тэхнічнага пераўзбраення і забеспячэння фінансавага аздараўлення на кардоннай фабрыцы “Альхоўка” ажыццяўляецца шэраг мерапрыемстваў па развіцці ўчастка лесанарыхтоўкі, лесапілавання і дрэваперапрацоўкі. Гэты накірунак выбраны з улікам яго перспектыўнасці.


У снежні мінулага года на “Астравецкім заводзе “Радыёдэталь” уведзены ў эксплуатацыю новы цэх па вытворчасці металапрофілю і металачарапіцы, выпушчана пробная прадукцыя. Цэх будаваўся з разлікам на масавае будаўніцтва жылля і вытворчых аб’ектаў у нашым раёне, звязаных з будаўніцтвам АЭС, а таксама ў сувязі з тым, што падобная вытворчасць у нашым раёне пакуль не атрымала развіцця. Аб’ём асвоеных інвестыцый (усё – уласныя сродкі) склаў 284 мільёны рублёў на ўзвядзенне арачнага будынка і 116 мільёнаў рублёў на абсталяванне.


Асноўныя задачы, якія стаяць перад прамысловымі прадпрыемствамі ў 2012 годзе, – выкананне даведзеных прагнозных паказчыкаў, дасягненне сучаснага ўзроўню заработнай працы супрацоўнікаў, які дазволіць захаваць калектывы.


У мінулым годзе выкананы прагнозныя заданні знешняга гандлю таварамі, а таксама па знешняму гандлю паслугамі.


У мінулым годзе на развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы прадпрыемствамі ўсіх форм уласнасці асвоена 371,7 мільярда рублёў інвестыцый, у тым ліку за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту – 37 мільярдаў рублёў, мясцовых бюджэтаў – 8,6, уласных сродкаў арганізацый 50,3, крэдытаў банкаў – 262, сродкаў насельніцтва – 4,2 мільярда рублёў. У параўнанні з 2010 годам аб’ём інвестыцый павялічыўся ў супастаўных цэнах на 6,9 працэнта.


Рознічны тавараабарот праз усе каналы рэалізацыі ў 2011 годзе ў фактычных цэнах склаў 286,4 мільярда рублёў, ці 107,9 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года ў супастаўных цэнах. У Астравецкім філіяле Гродзенскага райспажыўтаварыства тэмп росту рознічнага тавараабароту склаў 104,4 працэнта пры прагнозе 109 (мінус 3 мільярды рублёў ад задання ў дзеючых цэнах), яго ўдзельная вага ў тавараабароце раёна склала 26,5 працэнта. Трэба адзначыць недастатковую работу гандлёвых арганізацый райспажыўтаварыства па насычэнні гандлёвай сеткі неабходнымі насельніцтву таварамі, расшырэнні іх асартыменту. У 2011 годзе ў раёне адкрыта 17 новых аб’ектаў гандлю агульнай плошчай 494,3 квадратных метраў, з іх 6 – за кошт новага будаўніцтва. Таксама адкрыты чатыры новыя аб’екты грамадскага харчавання на 132 пасадачныя месцы, у тым ліку – адзін за кошт новага будаўніцтва. У 2012 годзе прагназуецца тэмп росту рознічнага таварааброту ў межах 105 працэнтаў.


Тэмп росту рэалізацыі платных паслуг насельніцтву праз усе каналы рэалізацыі за 11 месяцаў 2011 года выкананы на 109,2 працэнта, іх аб’ём склаў 21,6 мільярда рублёў. Тэмп росту бытавых паслуг склаў 116,1 працэнта пры заданні 114,5.


Стратных прадпрыемстваў у раёне па выніках работы за 2011 год няма, усе арганізацыі працавалі з прыбыткам. Сума яго за 11 месяцаў узрасла ў параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года на 97,3 працэнта і склала 28,9 мільярда рублёў, рэнтабельнасць продажу – 6,9 працэнта, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі – 8,4 працэнта, прыбытак ад рэалізацыі павялічыўся ў 2,8 раза і склаў 25,9 мільярда рублёў.


Выкананы прагнозны паказчык па энергазберажэнні, за 11 месяцаў мінулага года ён склаў мінус 6,2 працэнта пры прагнозе мінус 6.


Сярэднямесячная заработная плата па раёне за 11 месяцаў склала 1389,6 тысячы рублёў і павялічылася ў параўнанні з папярэднім годам на 56 працэнтаў.


У мінулым годзе было ўведзена ў эксплуатацыю 9370 квадратных метраў жылля, ці 104 кватэры, з іх на вёсцы – 2967 квадратных метраў – 30 кватэр, але гадавым заданнем прадугледжвалася пабудаваць амаль у тры разы больш – 18 тысяч квадратных метраў жылля. Нізкі працэнт выканання гадавога задання па будаўніцтву жылля – 52 працэнты – звязаны з тым, што ДП “Астравецкая МПМК-158” не ўвёў у эксплуатацыю 69-кватэрны жылы дом па вул. Берагавой ЖБК №14.


Да здадзеных у эксплуатацыю дамоў пабудаваны сеткі водазабеспячэння, каналізацыі, электра-, цепла-, газазабяспячэння і пад’язныя шляхі. Пачата будаўніцтва вуліц Лугавая-1 і Лугавая-2 і завулак Міра мікрараёна Калгушкіна.


Уведзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс малочна-таварнай фермы на 777 дойных кароў у вёсцы Маркуны СВК “Міхалішкі”.


У мінулым годзе ўзніклі пэўныя праблемы ў рабоце вядучай будаўнічай арганізацыі раёна – МПМК-158. Але асаблівых слоў падзякі заслугоўвае калектыў упраўлення капітальнага будаўніцтва райвыканкама і мой намеснік па будаўніцтву Віктар Мікалаевіч Аксютчык, які курыруе гэтую галіну.


Сфарміравана праграма будаўніцтва жылля на 2012 год. Плануецца пабудаваць і ўвесці ў эксплуатацыю ў бягучым годзе 16630 квадратных метраў жылля, ці 251 кватэру, у тым ліку 14 кватэр у сельгасарганізацыях (па 5 дамоў у Варнянах і пасёлку Гудагай, 4 дамы ў Міхалішках; 179 кватэр жыллёвабудаўнічых кааператываў №№14, 15, 16; службовае спецыяльнае жыллё для будаўнікоў АЭС – 58 кватэр; службовае жыллё Астравецкага лясгаса – 2 кватэры. Таксама запланавана пачаць будаўніцтва 60-кватэрнага жылога дома ЖБК №17.


Плануецца прадоўжыць работу на пачатых і няўведзеных у эксплуатацыю малочна-таварных фермах: ферме “Рымдзюны” і “Дайлідкі” СВК “Гервяты”, ферме “Малі” СВК імя Гашкевіча, ферме “Германішкі” СВК “Гудагай”, ферме “Маркуны” СВК “Міхалішкі” і ферме “Беразоўка” СВК “Варняны”. Плануецца таксама будаўніцтва двух кароўнікаў у вёсцы Падольцы, пераабсталяванне двух памяшканняў малочна-таварных ферм у гэтай жа вёсцы і пераабсталяванне пад даільную залу малочна-таварнай фермы “Газа” СВК “Варняны”.


Распрацаваны мерапрыемствы і праграма работ па дарожнаму будаўніцтву. На будаўніцтва, рэканструкцыю, капітальны і бягучы рамонт мясцовых дарог і збудаванняў на іх, утрыманне мясцовых дарог плануецца зрасходаваць 19,7 мільярда рублёў.


Для паспяховага вырашэння гэтых напружаных задач будаўнічаму комплексу раёна неабходна забяспечыць зладжаную работу ўсіх удзельнікаў працэсу: праекціроўшчыкаў, заказчыкаў, падрадчыкаў, упраўлення капітальнага будаўніцтва, банкаў, асаблівую ўвагу надаючы скарачэнню тэрмінаў будаўніцтва, павышэнню прадуктыўнасці працы, забеспячэнню належнай якасці работ, зніжэнню сабекошту.


Прыярытэтным накірункам у рабоце раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі было ўстойлівае забеспячэнне насельніцтва і прадпрыемстваў камунальнымі паслугамі, захаванне чысціні і парадку ў горадзе, развіццё дадатковай вытворчасці энергазберажэння і энергаэфектыўнасць асноўных і дапаможных вытворчасцей. У гэтым годзе РУП ЖКГ неабходна арыентавацца не толькі на выкананне прагнозных паказчыкаў, забеспячэнне якаснай і стабільнай работы падраздзяленняў, але і вызначыць сваю работу з улікам перспектывы далейшага развіцця горада і раёна, стварыць дадатковую вытворчасць на плошчах былога КБМ, расшырыць спектр паслуг і забяспечыць дадатковую эканамічную стабільнасць.


У аўтапарку №4 у мінулым годзе даходы ад грузавых і пасажырскіх перавозак склалі 8 мільярдаў рублёў, ці 178,2 працэнта да 2010 года, заданне выканана на 157,1 працэнта. Асноўнымі накірункамі развіцця аўтапарка ў 2012 годзе будзе далейшае абнаўленне і пашырэнне рухомага саставу грузавой і пасажырскай калон. Плануецца набыць за кошт уласных сродкаў тры грузавыя машыны-цегачы і тры аўтобусы МАЗ.


Сур’ёзныя задачы ў мінулым годзе паспяхова вырашалі энергазабяспечваючыя арганізацыі, вытворчае ўпраўленне “Астравецрайгаз”, вузлы электрычнай і паштовай сувязі.


У мінулым годзе ў галіне адукацыі асноўная ўвага надавалася рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, забеспячэнню стабільнага функцыянавання і эфектыўнага развіцця сістэмы. Праведзены бягучыя і касметычныя рамонты ва ўсіх аб’ектах адукацыі, выканана работ на суму 357,3 мільёна рублёў, у тым ліку гаспадарчым спосабам выканана работ на суму 77,8 мільёна рублёў. План пазабюджэтнай дзейнасці выкананы на 131,9 працэнта, установы адукацыі зарабілі 388,3 мільёна рублёў. Галоўная задача райвыканкама ў кіраўніцтве сістэмай адукацыі раёна заключаецца ва ўдасканаленні матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі і забеспячэнні кадравага патэнцыялу. Існуюць пэўныя праблемы ў дашкольных установах, найперш – забеспячэнне гульнявым абсталяваннем, а таксама наяўнасць камп’ютарнай тэхнікі, абсталяванне на належным узроўні харчблокаў устаноў адукацыі. Над выкананнем іх трэба працаваць у гэтым годзе. Супрацоўнікам гэтай вельмі важнай сферы хочацца пажадаць больш творчасці і настойлівасці ў выкананні пастаўленых задач. І браць прыклад з лепшых кіраўнікоў і спецыялістаў гэтай сферы – дырэктара Варнянскага НПК Надзеі Андрэеўны Субач, дырэктара гімназіі №1 г.п. Астравец Ірыны Антонаўны Лях, намесніка начальніка аддзела адукацыі Наталлі Вікенцьеўны Баніцэвіч, дырэктара ЦПР Наталлі Уладзіміраўны Сянюць, галоўнага бухгалтара аддзела адукацыі Тарэсы Станіславаўны Малочка.


Калі аналізаваць работу ўстаноў культуры раёна, то трэба адзначыць шэраг станоўчых момантаў. У мінулым годзе было праведзена больш чым 3 тысячы мерапрыемстваў, самыя яркія з якіх – раённае свята “Масленіца”, фестываль “Песня памежжа”, адкрыццё галерэі “НІКОР” у Гервяцкім СДК, рэгіянальны фестываль эстраднай песні “Адна зямля”, раённы тэатралізаваны кірмаш “Гасцінцы восені”, дабрачынны канцэрт “Працягні руку дапамогі”. Гадавы план пазабюджэтнай дзейнасці выкананы на 117,4 працэнта, атрымана 252,9 мільёна рублёў. Аднак пры гэтым моладзь, ды і дарослыя маюць вялікія пытанні да дзейнасці нашых устаноў культуры. Сістэма губляе свой кадравы патэнцыял. У многіх установах культуры пануе зацішша. У гэтым годзе аддзелу культуры і яго супрацоўнікам трэба каардынальна памяняць свае адносіны да працы.


Сетка медыцынскіх устаноў і кваліфікаваныя кадры дазваляюць вырашаць асноўныя задачы па забеспячэнні даступнай і якаснай медыцынскай дапамогі насельніцтву. Набыццё новага абсталявання дазволіла пашырыць пералік і аб’ём платных паслуг. У 2011 годзе яны выкананы на 115,2 працэнта, што склала 811,8 мільёна рублёў. Ключавым накірункам дзейнасці цэнтральнай раённай бальніцы з’яўляецца выкананне Дзяржаўнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі. У бягучым годзе медыцынскім установам неабходна забяспечыць станоўчую дынаміку медыка-дэмаграфічных паказчыкаў, распрацаваць мерапрыемствы па эканоміі сродкаў на набыццё лякарстваў, харчавання, энергазабеспячэння, выпрацаваць план матэрыяльна-тэхнічнага развіцця з улікам будаўніцтва АЭС.


Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва праводзіцца планамерная работа па пытаннях сацыяльнай абароны і пенсійнага забеспячэння насельніцтва. Аднак больш творча па развіцці паслуг павінен працаваць тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.


У раёне мэтанакіравана праводзіцца работа па стварэнні належных умоў для заняткаў фізічнай культурай і спортам, і за гэта хочацца асобна падзякаваць супрацоўнікаў аддзела па фізічнай культуры і спорту райвыканкама і яго начальніка Сяргея Віктаравіча Шэіна. У апошні час праведзена рэканструкцыя хакейнай каробкі ў горадзе, здадзены ў эксплуатацыю адміністрацыйны будынак ФСК, відаць і вынікі такой працы – каманда нашага раёна заняла трэцяе месца ў круглагадовай абласной спартакіядзе, спартыўна-масавых мерапрыемствах.


У гэтым годзе аддзелу неабходна больш актыўна аказваць турыстычныя паслугі насельніцтву, а таксама прадоўжыць рэканструкцыю памяшканняў раённага цэнтра спартыўна-масавай работы па месцы жыхарства, правядзенне работ па газіфікацыі ФАК “Старт” і кацельні ФСК. Неабходна прадоўжыць рэканструкцыю стадыёна ў лесапаркавай зоне.


У гэтым годзе кіруючым кадрам раёна давядзецца вырашаць напружаныя задачы. Па-першае, трэба захаваць станоўчую дынаміку развіцця ўсіх галін народнай гаспадаркі, стварыць неабходныя ўмовы і забяспечыць выкананне прагнозных паказчыкаў. Па-другое, райвыканкаму і яго службам належыць вырашаць многія арганізацыйныя і практычныя пытанні па забеспячэнні будаўніцтва АЭС і развіцця сацыяльнай інфраструктуры для Астраўца. Рэалізацыя гэтых задач патрабуе ад выканаўчых улад раёна, кіраўнікоў усіх узроўняў максімальнай аддачы, мабілізацыі і рацыянальнага расходавання ўсіх фінансавых і матэрыяльнах сродкаў, строгага выканання дысцыпліны і адказнасці за даручаную справу.