Тыдзень postfactum: паралелі

11:18 / 08.02.2012
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Расія жыве ў чаканні прэзідэнцкіх выбараў, якія адбудуцца менш, чым праз месяц. Аднак ужо сёння можна заўважыць пэўныя паралелі паміж тым, што адбываецца ў Расіі, і падзеямі ў Беларусі больш як гадавой даўніны, калі мы таксама выбіралі прэзідэнта.


Досыць выразна і недвухсэнсоўна сваю пазіцыю па маючых адбыцца выбарах абазначыў на мінулым тыдні Еўрасаюз у асобе свайго галоўнага дыпламата, еўракамісара па замежных справах Кэтрын Эштан. На пасяджэнні Еўрапарламента, які разглядаў сітуацыю ў Расіі, яна настойліва заклікала кіраўніцтва нашай усходняй суседкі адмяніць рашэнне Цэнтрвыбаркама і зарэгістраваць кандыдатам у прэзідэнты Рыгора Яўлінскага. Тым самым Еўрасаюз нібы даў зразумець, што не мае намеру абмяжоўвацца роляй старонняга назіральніка і прэтэндуе больш пачэснае месца ў працэсах, якія адбываюцца ў Расіі. Хто б сумняваўся!
Між тым, заява Эштан выклікае, сама меней, тры пытанні.
Па-першае, па якому праву Еўрапарламент разглядае “сітуацыю” ў Расіі, якая не з’яўляецца членам Еўрасаюза?
Па-другое: чаму пад “панскую ласку” еўрапейскіх дэмакратаў трапіў толькі кандыдат з асяродку апазіцыі, а, да прыкладу, губернатар Іркуцкай вобласці, які выбыў з прэзідэнцкай гонкі па той жа прычыне, што і лідар “Яблыка”, заступніцтва з боку Еўрасаюза чамусьці не заслужыў?
І, нарэшце, як быць з законам, аб верхавенстве якога так клапоцяцца ў Еўропе і які каманда Яўлінскага груба парушыла, прадставіўшы ў Цэнтрвыбаркам “левыя” подпісы?
Зрэшты, адказы на гэтыя пытанні добра вядомыя. Палітыкі Еўрасаюза ўжо неаднойчы прадэманстравалі, што калі нешта нельга, але вельмі хочацца, – то можна. Можна і на закон напляваць, і на правы чалавека, і на суверэнітэт.
У тым жа выступленні спадарыня Эштан стрымана і велікадушна падзякавала Расіі за запрашэнне на выбары назіральнікаў ад АБСЕ.
Да варажбіткі не хадзі – гэтыя ж самыя назіральнікі ўрэшце выбары ў Расіі не прызнаюць! Хоць абвешайся старшыня расійскага Цэнтрвыбаркама Чураў відэакамерамі і празрыстымі ўрнамі, хоць распраніся да бялізны!
Далейшы сцэнарый развіцця падзей таксама прадказальны, як сюжэт індыйскага фільма: “плошча”, заявы аб “фальсіфікацыі”, абурэнні неадпаведнасці “стандартам”.
Праблема не ў фальсіфікацыях, не ў стандартах і нават не ў Яўлінскім, якога сёння, пры ўсёй павазе да яго, нельга разглядаць як дастойнага канкурэнта Пуціну. Нават у свой зорны час Рыгор Аляксеевіч збіраў на прэзідэнцкіх выбарах крыху больш за 7% галасоў. Апошнія ж двое выбараў у Дзярждуму партыя “Яблык” нават не пераадольвала 5-ціпрацэнтны рубеж і засталася ўвогуле без дэпутацкіх мандатаў.
Так што шукаць у адмове Цэнтрвыбаркама нейкія крамлёўскія “козні”, па ўсім відаць, не варта. Яўлінскі – не той сапернік, які мог бы непакоіць Пуціна і яго каманду.
Галоўнае, чаго бракуе сённяшняй расійскай – як, дарэчы, і беларускай апазіцыі – гэта выразнай і зразумелай пазіцыі. Зразумелай усім, а не толькі маскоўскай палітычнай эліце. “Пуцін, зыходзь!” – не той лозунг, пад які сёння ўстануць масы. Таму што не зразумела, хто, а галоўнае – што прыйдзе на змену. Мудрасць Канфуцыя: “Не дай вам Бог жыць у эпоху перамен” – для Расіі актуальная, як ніколі. У многіх у памяці ліхалецце 90-х і мала хто жадае сёння змяніць свой адносны дабрабыт і стабільнасць, якія існуюць, на прыснапамятную галоснасць і плюралізм пры пустых паліцах магазінаў. Зрэшты, яшчэ класікі марксізму заўважалі, што быццё вызначае свядомасць.
У Беларусі кампанія па выбарах у парламент возьме старт толькі восенню. Аднак і ў нас на мінулым тыдні выбарчая тэма нечакана прыцягнула да сябе ўвагу вядучых сродкаў масавай інфармацыі. А ўсё таму, што прэс-канферэнцыя, на якой чакалася заява апазіцыйных партый і рухаў аб салідарным не ўдзеле ў “фарсе”, завяршылася скандалам. Так і не знайшоўшы паразумення, адзін з палітыкаў – як бы гэта далікатней выразіцца? – ударыў каленкай у мяккае месца другога. Насуперак чаканням журналісцкай браціі, у сапраўдную бойку інцыдэнт так і не выліўся.
Але сама па сабе з’ява досыць сімптаматычная. Сведчыць і аб ступені згоды ў радах апазіцыі, і аб арсенале іх аргументаў у спрэчцы з апанентам. Што тут сказаць: якая апазіцыя, такія і сродкі…