Новыя асобы ў знаёмых дэкарацыях

15:08 / 24.01.2012

На мінулым тыдні змянілася кіраўніцтва Еўрапейскага парламента. Замест Ежы Бузека, вядомага сваімі гучнымі заявамі па Беларусі, спікерам заканадаўчага органа Еўрапейскага саюза быў “абраны” еўрадэпутат ад Германіі Марцін Шульц.


Бяром абранне ў двухкоссе, таму што нават самі дэпутаты Еўрапарламента прызнаюць досыць фармальны характар гэтай палітычнай ракіроўкі.


Спадзяванні на нейкія перамены ў сувязі са зменамі ў кіраўніцтве, тым больш у дачыненні Беларусі, – досыць прывідныя. Спадар Шульц ціха і ўтульна праседзеў у дэпутацкім крэсле 18 гадоў і наўрад ці праявіць намер да нейкіх рэформ установы, якую будзе ўзначальваць.


Будзе не лішнім нагадаць, што Еўрапарламент – далёка не адзіная палітычная структура аб’яднанай Еўропы. За мінулае стагоддзе супольнасць еўрапейскіх нацый абрасла вялікай колькасцю разнастайных палітычных інстытутаў з безліччу чыноўнікаў.


Так, акрамя Еўрапарламента,  у Еўрапейскім саюзе існуюць Еўрапейскі савет і Савет Еўрапейскага саюза. Прычым, нягледзячы на моўную тоеснасць, гэта розныя структуры.


А яшчэ маецца Савет Еўропы, які да двух вышэйназваных саветаў не мае ніякіх адносін.


Таксама ў аб’яднанай Еўропе дзейнічаюць: Еўрапейская камісія, суд Еўрапейскага саюза, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы, Сакратарыят Савета Еўропы, еўрапейскі суд па правах чалавека, Кангрэс мясцовых і рэгіянальных улад Еўропы, камітэт Міністраў…


Еўрапейскі парламент у гэтым пераліку па сваёй значнасці – установа не першая і не апошняя. Затое трывала ўтрымлівае лідарства па антыпапулярнасці сярод еўрапейскага электарату. Згодна з вынікамі шматлікіх сацыялагічных даследванняў еўрапейцы мала ведаюць аб яго дзейнасці і таму не схільныя надаваць заканадаўчаму органу Еўропы вялікую палітычную значнасць.


Магчыма, для таго, каб надаць свайму існаванню хоць нейкі сэнс Еўрапейскі парламент час ад часу заяўляе аб сабе гучнымі заявамі і ініцыятывамі. Толькі тычацца яны ў большасці сваёй не законатворчай дзейнасці і ўнутраных еўрапейскіх спраў, а суседніх з аб’яднанай Еўропай краін. У тым ліку і Беларусі.


Санкцыі ў адносінах нашай краіны выраслі менавіта на гэтым агародзе. Праўда, падчас свайго развітання Ежы Бузек са шкадаваннем адзначыў, што палітыка ў адносінах Беларусі была яго галоўным паражэннем. Канешне, еўрапейскі чыноўнік зусім не меў на ўвазе прымяненне эканамічных і палітычных санкцый як такіх. Яго паражэнне – гэта адсутнасць у Беларусі сацыяльнай і эканамічнай катастрофы, на якія былі разлічаны санкцыі і на якія так спадзяваліся ў Еўропе.


Яшчэ адным паражэннем цяпер ужо былога спікера можна лічыць правал яго палітыкі з нагоды правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакею ў 2014 годзе. Менавіта старшыні Еўрапарламента належыць ініцыятыва адмовіць Беларусі ў праве правядзення сусветнага першынства і перанесці яго ў іншую краіну.


Ідэя бязглуздая, недарэчная з самага пачатку і зараней асуджаная на правал. Толькі ў неразумнай галаве  магла нарадзіцца думка, што падобным чынам можна прыцягнуць сімпатыі электарату на бок апазіцыі і той палітыкі, якая праводзіцца ў дачыненні Беларусі Еўрапейскім саюзам.


А можа, справа зусім не ў хакеі, а ў тым, што сотні тысяч хакейных балельшчыкаў, якія наведаюць нашу краіну падчас чэмпіянату, убачаць Беларусь зусім не такой, як яе сёння малююць спадар Бузек і яго памагатыя?


Народная дыпламатыя, як вядома, – рэч дзейсная.  Разумеюць гэта і на Захадзе. Нездарма ж адразу пасля прымянення да Беларусі санкцый заходнія палітыкі ледзь не ў адзін голас заяўлялі, што трэба неадкладна і тэрмінова спрасціць, а то і ўвогуле адмяніць візавы рэжым для грамадзян Беларусі. Для таго, маўляў, каб мы на свае вочы ўбачылі перавагі заходняга свету. Праўда, размовамі ды намерамі ўсё і скончылася.


А вось Беларусь у мінулы панядзелак заявіла аб безвізавым рэжыме наведвання нашай краіны спартсменамі і хакейнымі балельшчыкамі на час правядзення чэмпіянату свету.


Калі ласка, прыязджайце ў госці, еўрапейцы!