Тыдзень postfactum: усяму свая цана

08:31 / 21.12.2011
7125
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

ДЗЕСЬЦІ МЫ ГЭТА БАЧЫЛІ…

У панядзелак адзін з самых папулярных у Беларусі інтэрнэт-парталаў у раздзеле “Калейдаскоп”, дзе распавядаецца пра сабак, якія навучыліся хадзіць на задніх лапах, самых прывабных жанчын, эксклюзіўныя навагоднія ёлачкі і іншую “жоўтую” бязглуздзіцу, паведаміў пра падзеі ў Латвіі, выкліканыя крызісам аднаго з буйнейшых банкаў.
Толькі за выхадныя, кліенты буйнейшага ў Латвіі “Swedbank” знялі з рахункаў амаль 50 мільёнаў долараў. Як паведамляюць афіцыйныя крыніцы, падставай паслужылі чуткі аб банкруцтве банка, якія распаўсюджваліся праз СМІ, сацыяльныя сеткі і нават пры дапамозе SMS-паведамленняў. У выніку ля банкаматаў з’явіліся чэргі, папаўзлі чуткі, што ў іх не хопіць наяўнасці…
Ужо ў аўторак супраць ананімных зламыснікаў узбудзілі крымінальную справу.
Аднак ні аптымістычныя заявы кіраўнікоў фінансавай установы, ні пагрозы жорстка пакараць панікёраў, ні тлумачэнні ўрадавых чыноўнікаў людзей не супакоілі – да канца тыдня з рахункаў банка было знята звыш 250 млн. еўра.
“Swedbank” – не першы банк у краінах Балтыі, дзе апошнім часам узніклі сур’ёзныя праблемы. Да яго аб сваім банкруцтве заявіў літоўскі “Snoras” і латвійскі “Latvijas Krвjbanka”, у якім знаходзілася больш за ўсё сродкаў прыватных асоб.
Усё гэта моцна нагадвае тое, што адбывалася ў Беларусі мінулай вясной і летам.
Толькі паведамленні аб падзеях у банкаўскай сферы нашай краіны размяшчаліся не ў раздзелах з папсовай бязглуздзіцай і тычыліся не асобна ўзятага банка…



ВЫПРАБАВАННЕ ДЛЯ “ДЗЯДУЛІ”

Святкаванне 20-годдзя незалежнасці Казахскай Рэспублікі завяршылася трагедыяй.
У выніку сутыкненняў з паліцыяй у заходнеказахстанскім горадзе Жанаазене загінула 13 і пацярпела 86 чалавек.
Беспарадкі пачаліся пасля таго, як рабочыя нафтавых кампаній вырашылі ператварыць урачыстае святочнае мерапрыемства ў мітынг пратэсту.
Перад тым нафтавікі баставалі на працягу сямі месяцаў, патрабуючы павышэння заработнай платы. Дарэчы, яна ў работнікаў нафтавай галіны самая высокая ў краіне і складае каля двух тысяч долараў. Аднак рабочыя патрабуюць павысіць яе да ўзроўню аплаты працы за мяжой. Нежаданне ўлады ісці на ўступкі і прывяла да сутыкненняў.
Да апошняга часу Казахстан лічыўся адной з самых стабільных краін цэнтральнай Азіі. На працягу 20-ці гадоў суверэннай гісторыі бяззменнаму лідару дзяржавы Нурсултану Назарбаеву, якога па прычыне шаноўнага ўзросту, аднак не ў апошнюю чаргу з-за ўзважлівасці, палітычнай прагматычнасці і аўтарытэту ў Казахстане паважліва называюць “дзядулем”, удавалася паспяхова стрымліваць унутраныя канфлікты і забяспечваць кансэнсус у стасунках з разнастайнымі палітычнымі плынямі і рухамі.
Варта заўважыць, што апошнія масавыя акцыі пратэсту адбыліся ў Казахстане ажно ў 1986 годзе і былі выкліканы спробай Масквы прызначыць на пасаду кіраўніка рэспублікі расіяніна Колбіна. Тады пратэсты ўдалося падавіць сілай.
А праз некаторы час лідарам Казахстана стаў Назарбаеў і з трыбуны з’езда народных дэпутатаў СССР заявіў, што Казахстан больш не будзе “мяккім падбрушшам Расіі”. Гэта быў зорны час Назарбаева.
Чым для “дзядулі” завершацца цяперашнія вулічныя акцыі?



ВАЙНЕ КАНЕЦ?

Збылося! Менш чым за год да завяршэння тэрміну прэзідэнтства, Барак Абама выканаў нарэшце сваё перадвыбарчае абяцанне — амерыканскія салдаты пакідаюць Ірак. Місія выканана. Ірак цяпер будзе жыць у свабодзе і дэмакратыі.
“Мы пакідаем народу Ірака стабільную і самадастатковую краіну!” – заявіў з гэтай нагоды амерыканскі лідар. Больш цынічных слоў у сітуацыі, што існуе на самой справе, цяжка ўявіць.
Сённяшні Ірак – разрабаваная, зруйнаваная дзяржава, якая знаходзіцца ў стане грамадзянскай вайны, раздзіраецца на кавалкі этнічнымі групоўкамі без аніякіх прыкмет грамадзянскага міру і згоды. Амерыканцы пакідаюць яе не таму, што зрабілі квітнеючай, а таму што з моманту звяржэння Хусейна аперацыя “Іракская свабода” згубіла ўсялякі сэнс і, акрамя неапраўданых ахвяр і акцый пратэсту ва ўсім свеце, нічога больш не прыносіла.
За гады вайны загінуў 4 871 ваеннаслужачы амерыканскай арміі і 77 000 мясцовых жыхароў!
Па неафіцыйных звестках, колькасць ахвяр сярод мірнага насельніцтва склала звыш 1 млн. 500 тысяч чалавек.
Для свабоды і дэмакратыі — не цана?

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений