Тыдзень postfactum. Перазагрузка. Вектары здаровага сэнсу
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда
Мінулы тыдзень выдаўся багатым на адметныя падзеі.
Беларусы пазітыўна ўспрынялі рашэнні, прынятыя на пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.
А ўвага сусветных сродкаў масавай інфармацыі была прыкавана да тэлевізійнага звароту расійскага прэзідэнта з нагоды разгортвання ў Еўропе амерыканскай сістэмы проціракетнай абароны.
Палітыка “перазагрузкі” ў адносінах ЗША і Расіі на мінулым тыдні калі і не вывела са строю “сістэму”, то прымусіла яе добра “падвіснуць”. А прычынай усяму – застарэлая праблема сістэм проціракетнай абароны – ПРА.
Ёй без малога ўжо сорак гадоў. Пытанне аб ПРА паўстала тады, калі стала зразумела, што зусім не колькасць ядзерных боегаловак, а надзейныя сістэмы проціракетнай абароны забяспечаць статэгічную перавагу над праціўнікам. Менавіта таму з’яўленне сістэм ПРА па значэнні можна параўнаць з вынаходніцтвам бронежылета. З моманту разгортвання проціракет у аднаго з двух патэнцыяльных праціўнікаў з’яўляецца перавага і спакуса беспакаранасці. Усведамляючы адказнасць і, што немалаважна, надзвычай важкую фінансавую складаемую бескантрольнага разгортвання сістэм ПРА, у 1972 годзе ўрады СССР і ЗША заключылі бестэрміновы дагавор аб абмежаванні гэтых сістэм. Згодна з дамовай, кожная краіна абавязвалася мець не больш за дзве проціракетныя ўстаноўкі на тэрыторыі сваіх краін: адну – для аховы сталіцы, другую – для прыкрыцця стратэгічнага ядзернага аб’екта — і не распаўсюджваць такія сістэмы ў свеце.
А затым у Савецкім Саюзе здарылася “перабудова”, і прыйшло “новае мысленне”. Пакуль, у адпаведнасці з ім, СССР пазбаўляўся ядзернага ўзбраення і ракетаносьбітаў, ЗША ціхенька размясцілі радыёлакацыйнную станцыю “Глобус-2” у Нарвегіі, чым, па сутнасці, груба парушылі палажэнні дагавора. Тады Расіі нічога не заставалася, як моўчкі праглынуць падрыхтаваны амерыканцамі “сюрпрыз”. Для рашучага і дзейснага адказу ў той час не хапіла ні палітычнай волі, ні сродкаў.
Сёння сітуацыя іншая. Расійскае грамадства паспяхова пазбаўляецца ад комплексу непаўнацэннасці 90-х, выгадная эканамічная кан’юнктура садзейнічае папаўненню дзяржаўнай казны і актыўнаму развіццю ваенна-прамысловага комплексу. Ды і ў рашучасці намераў палітычнага тандэма па размяшчэнні стратэгічных ракет у Калінінградскай вобласці таксама сумнявацца не прыходзіцца.
Тым больш, што на гэты раз сістэмы проціракетнай абароны партнёраў мяркуецца размясціць вельмі блізка ад заходняй расійскай мяжы. На фоне апошніх падзей у Паўночнай Афрыцы падобныя планы зусім не выглядаюць жартам.
Тлумачэнні “партнёраў”, што падобным чынам ЗША абараняюць Еўропу зусім не ад Расіі, а ад Ірана ды Паўночнай Карэі, у Маскве ўсур’ёз не ўспрымаюцца. Там даўно ўжо не вераць у заакіянскія казкі пра “белага бычка”. Сапраўды, калі ўсяму прычынай “іранская пагроза”, то чаму сістэмы ПРА размяшчаюцца ў Польшчы і Румыніі, а не ў саюзных ЗША Ізраілі, Кувейце ці Саудаўскай Аравіі?
У адным інтэрв’ю з нагоды рэзананснай заявы расійскага прэзідэнта аўтарытэтны палітолаг Аляксандр Рар са шкадаваннем заўважыў, што 40 гадоў назад імкненне размясціць у Еўропе амерыканскія сістэмы ПРА сутыкнулася б з масавымі акцыямі пратэсту. Сёння ж гэтага не адбываецца. Атамныя электрастанцыі хвалююць еўрапейскіх абывацеляў значна больш, чым ракеты, проціракеты і пагроза ядзернай вайны.
І ўсё ж гаварыць аб “заканчэнні гульні” пакуль рана. Застаецца, хоць і слабая, надзея, што ў лідэраў ЗША і Расіі хопіць палітычнай волі і здаровага сэнсу, каб знайсці рацыянальнае рашэнне выхаду з сітуацыі. Пакуль, праўда, ЗША заявілі, што не маюць намеру адмаўляцца ад сваіх планаў…
А вось адносіны Расіі і Беларусі сапраўды набылі апошнім часам усе прыкметы перазагрузкі. Ды і эканамічная інтэграцыя, па ўсім відаць, пачынае даваць плён. Дзякуючы дасягнутым у мінулую пятніцу пагадненням у наступным годзе за газ наша краіна стане плаціць менш. І без таго самая малая ў Еўропе цана за тысячу кубаметраў блакітнага паліва цяпер будзе складаць крыху больш за 160 долараў. У выніку ў бюджэце краіны застанецца больш за 2 мільярды долараў. Істотная сума для невялікай краіны. Аднак нават не гэта самае галоўнае. Зменшыцца паліўная складаемая ў кошце беларускіх тавараў. А значыць, на рынку яны стануць больш канкурэнтаздольнымі. Тым больш у межах адзінай мытнай прасторы. Ёсць нагода для аптымізму.
Не засталася па-за ўвагай падзея і ў нашых суседзяў. Так, уплывовая польская “Gazeta Wyborcza” ў адным з артыкулаў аналізуе падпісаныя ў Маскве пагадненні і робіць выснову аб недальнабачнасці палітыкі ЕС у адносінах Беларусі.
“Як можа выглядаць аддаленая магчымасць асацыяцыі з ЕС (аб дружбе ніхто нават не ўспамінае) у параўнанні з тымі выгодамі, якія абяцае раз за разам усё больш цеснае эканамічнае супрацоўніцтва з Масквой і ўдзел у Мытным саюзе, які хутка ператворыцца ў адзіную эканамічную прастору?” – цытуе польскае выданне балтыйскі інтэрнэт-партал “DELFI”.