На прыём да міністра

15:35 / 12.08.2011

Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васіль Жарко 10 жніўня правёў прыём грамадзян у Астравецкім раёне.


На прыём да кіраўніка сістэмы аховы здароўя рэспублікі прыйшлі не толькі жыхары Астравеччыны – са сваімі набалелымі пытаннямі прыехалі наведвальнікі з Мінска, Гродна, Віцебска. Сказаць да слова, пытанняў, якія б тычыліся арганізацыі лячэбнай работы, у людзей было няшмат.


Жыхарка райцэнтра прыйшла прасіць за мужа. Ён – ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС, пасля цяжкай хваробы  стаў непрацаздольным і сям’я апынулася ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Васілій Іванавіч па-чалавечы разумее жанчыну і спачувае ёй, але пайсці супраць закона і звязаць інваліднасць з аварыяй ў Чарнобылі ён не можа.


Маладыя спецыялісты Астравецкай бальніцы скарысталі сваю магчымасць звярнуцца да міністра з актуальным для іх пытаннем забеспячэння жыллём.  Маладыя ўрачы здымаюць прыватныя кватэры, дабіраюцца на работу ў райцэнтр з вёсак, дзе жывуць з бацькамі. Між тым у райцэнтры пустуюць кватэры, прызначаныя для будаўнікоў АЭС. Ці нельга на дзяржаўным узроўні вырашыць пытанне аб засяленні ў дамы-новабудоўлі не толькі тых, хто будуе АЭС, але і тых, хто іх лечыць – аб гэтым прасілі міністра маладыя спецыялісты.


Кадравае пытанне было асноўным у людзей, што прыйшлі ў той дзень на прыём. Як атрымаць пераразмеркаванне? – гэта цікавіць многіх маладых спецыялістаў, якіх накіравалі працаваць у правінцыю – а хочацца ў сталіцу ці ў абласны цэнтр… Канешне, ёсць розныя абставіны і сітуацыі, але ў цэлым пазіцыя міністра адназначная: медыцынскія ўстановы цяпер рыхтуюць дастаткова спецыялістаў, і галоўная задача – забяспечыць імі глыбінку. Лепшае выйсце ў гэтым сэнсе – мэтавыя набор на медыцынскія спецыяльнасці: сёлета кожны трэці абітурыент медыцынскіх ВНУ – мэтавік.  Да 2014 года, па словах Васілія Іванавіча Жарко, кадравая праблема ў медыцыне павінна быць вырашана.


У гэты ж дзень міністр наведаў цэнтральную раённую бальніцу і паліклініку. У інтэрв’ю ён зазначыў, што ўражанні ад лячэбных устаноў Астраўца ў яго засталіся самыя станоўчыя: і ад добраўпарадкавання тэрыторыі, і ад абсталявання памяшканняў, і ад работы ўрачоў. Спадабаўся і сам Астравец – чысты, утульны, добраўпарадкаваны, са сваім адметным тварам.


У гутарцы з кіраўніцтвам раёна міністра аховы здароўя закрануў будучыню медыцыны Астраўца, якому ў хуткім часе наканавана стаць горадам беларускіх энергетыкаў. Непадалёк ад існуючай бальніцы будзе пабудаваны новы стацыянар, існуючыя ж карпусы будуць пераабсталяваны пад паліклініку. А міністэрства дапаможа аснасціць новыя лячэбныя ўстановы сучасным абсталяваннем і забяспечыць кваліфікаванымі кадрамі.


Наталля Валынец.