Зробяць больш, чым прасілі

16:38 / 19.07.2011

На “Прамую лінію” са старшынёй раённага выканаўчага камітэта А.Д. Кавалькам звяртаўся жыхар Астраўца І.І. Савіцкі з просьбай перанесці аўтобусны прыпынак на станцыі Гудагай, каб пасажырам, якія выходзяць з цягніка, было бліжэй ісці да аўтобуса.


Старшыня райвыканкама са сваім намеснікам па будаўніцтву В.М. Аксютчыкам, старшынёй Гудагайскага сельскага Савета М.І. Безляповіч, аддзяленнем ДАІ аддзела ўнутраных спраў, кіраўніцтвам станцыі “Гудагай” і Беларускай чыгункі, супрацоўнікамі аддзела архітэктуры і будаўніцтва і ўпраўлення капітальнага будаўніцтва райвыканкама вывучалі гэтую праблему з выездам на месца.


Было вырашана, што перанос аўтобуснага прыпынку на дзесятак метраў – не самая галоўная задача для чыгуначнай станцыі Гудагай. Хоць бы таму, што абуладкаванага належным чынам аўтобуснага прыпынку тут да гэтага часу няма. Ды і стан дарогі, што вядзе да вакзала, мякка кажучы, пакідае жадаць лепшага.


Таму аўтарытэтнай камісіяй было прынята рашэнне аб капітальным рамонце асфальтавага пакрыцця пад’езда да чыгуначнага вакзала ад аўтадарогі Р48 “Варона – Ашмяны – Юрацішкі – Іўе” з устаноўкай павільёна для пасадкі і высадкі пасажыраў і абуладкаваннем разваротнай пляцоўкі.