Астравецкая дэлегацыя ў Швянчонісе

07:45 / 11.07.2011






Астравецкая афіцыйная дэлегацыя і нашы артысты прынялі шырокі ўдзел у святкаванні 525-годдзя літоўскага горада Швянчоніса, з якім Астравец звязвае пагадненне аб узаемным супрацоўніцтве.








Напэўна, у людзей старэйшага пакалення, якія некалі жылі з літоўцамі ў адной краіне – Савецкім Саюзе, такая навіна здольная выклікаць усмешку: яны могуць шмат расказаць пра тое, як актыўна супрацоўнічалі з калегамі са Швянчонскага раёна – абменьваліся насеннем, выручалі адзін аднаго тэхнікай і запчасткамі, ладзілі сустрэчы па абмене вопытам і проста сустракаліся, каб пагаварыць “за жыццё”. (Дарэчы сказаць, падобныя настальгічныя расповеды пра колішняе сумеснае жыццё, працу і святы мы пачулі і ў Швянчонісе ад буйнейшага ў раёне фермера, дэпутата раённага Савета Антонія Юнды, землі якога мяжуюць з кямелішкаўскімі). Сёння ж мы жывем не проста ў розных незалежных краінах, але і ў розных палітычных і эканамічных супольнасцях: Беларусь уваходзіць у склад Саюза Незалежных Дзяржаў, Літва – член  Еўрасаюза. І тым не менш нашы дзве краіны звязваюць не толькі лёсам вызначанае суседства, але і самае галоўнае – “народная дыпламатыя”. Бо і сёння праз граніцу, праз пагранічны і мытны кардоны цягнуцца нітачкі кроўных і сяброўскіх сувязей.
Першая спроба аднавіць некалі разарванае была зроблена ў 2008 годзе, калі падчас святкавання 540-годдзя нашага горада было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Астраўцом і Швянчонісам. Пасля гэтага адбылося некалькі абменаў дэлегацыямі – хоць, трэба прызнацца, яны былі не настолькі актыўнымі, як хацелася б. І таму сёлета Астравецкі райвыканкам з мэтай далейшага развіцця добрасуседскіх адносін з радасцю прыняў запрашэнне мясцовых улад Швянчоніса паўдзельнічаць у святкаванні  525-годдзя іх горада, у рамках якога праходзіла і традыцыйнае культурнае свята азёрнага краю.





У мінулую суботу ў Швянчоніс адправіўся цэлы аўтобус з астравецкімі артыстамі: удзел у фестывалі прынялі два нашы лепшыя калектывы: народны ансамбль народных інструментаў дзіцячай школы мастацтваў “Скарбніца” і народны калектыў “Кемяліна”. Трэба сказаць, што ў вельмі насычанай праграме фестывалю – у ім прымалі ўдзел калектывы і выканаўцы з Турцыі, Грэцыі, Расіі, Польшчы, Латвіі, і, вядома ж, самой Літвы – нашы артысты не згубіліся і прадэманстравалі лепшае, на што яны здольныя. Забягаючы наперад, скажу, што і назаўтра ўзгадвалі астравецкую “Кемяліну” і вельмі высока ацэньвалі яе праграму – і гаспадары свята, і госці: дэлегацыя Польшчы, да прыкладу, выказала намер запрасіць нашых артыстаў выступіць у сябе на радзіме.
У святкаванні юбілею Швянчоніса прынялі ўдзел некалькі афіцыйных дэлегацый з гарадоў, з якімі гэты літоўскі горад звязваюць пагадненні аб супрацоўніцтве: тры з іх прыехалі з Польшчы, былі госці з падмаскоўнага Сонечнагорска, Беларусь прадстаўлялі Паставы і Астравец. У склад дэлегацыі ад Астравецкага раёна ўваходзілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Вацлававіч Барташэвіч, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла і галоўны рэдактар газеты “Астравецкая праўда” – аўтар гэтых радкоў.
Наша суботняе знаходжанне ў Швянчонісе пачалося са знаёмства з горадам, у якім віравала народнае гулянне – для гэтай мэты былі  адведзены  цэнтральны сквер і плошча горада. Тут запрашалі гасцей шматлікія дзіцячыя пляцоўкі, яркімі фарбамі і спакуслівымі пахамі вабілі гандлёвыя рады – прычым лазовыя кошыкі і вэнджаная паляндвіца, фэншуйскія талісманы і фірменныя караваі, дзіцячыя цацкі і свежая чарэшня прадаваліся побач. Зацікавіла акцыя “Упрыгожым горад разам”, падчас якой гараджанам прапаноўвалася падарыць гораду кветкі са свайго саду – цікавая, на мой погляд, ідэя. Хоць, па праўдзе кажучы, кветак на вуліцах Швянчоніса мы практычна не бачылі – у гэтым сэнсе літоўскім суседзям у Астраўца ёсць чаму павучыцца.
А вось наведванне мясцовага краязнаўчага музея выклікала ціхую зайздрасць. Можна толькі парадавацца за суседзяў, якія не пашкадавалі для яго прасторнага трохпавярховага будынка і напоўнілі залы самымі рознымі экспанатамі і дакументамі, якія наглядна і красамоўна сведчаць пра гісторыю і сучаснасць роднага краю, яго культуру і традыцыі, прыродныя асаблівасці, побыт. Адметна, што не знішчылі ў экспазіцыі і савецкую эпоху – прадстаўлены тут экспанаты і гэтага перыяду жыцця Швянчоніса. Сярод якіх – і выразаны з цукровай галавы бюст Леніна, падораны, як сведчыць надпіс, суседзям астравецкімі майстрамі.





Пасля святой імшы ў мясцовым касцёле свята прадоўжылася на цэнтральнай сцэне. Гасцей прывітаў мэр Швянчоніса Вітас Вігяліс і шматлікія госці. Вельмі цёпла гледачы, што сабраліся ў летнім амфітэатры – адчувалася, што сярод іх нямала карэнных беларусаў — сустрэлі выступленне намесніка старшыні Астравецкага райвыканкама В. З. Свілы. І хоць гучала яно на беларускай мове, здаецца, усе прысутныя зразумелі, што гаварыў Віктар Збіневіч аб сувязях, якія звязваюць нашы два раёны, аб адноўленым супрацоўніцтве, галоўная ўмова і галоўны вынік якога – стасункі людзей.
Гэтыя самыя стасункі працягваліся ўжо ў нефармальнай абстаноўцы і падчас прыёму ў гонар юбілею. І завязаліся новыя: удзельнікі астравецкай дэлегацыі не толькі цесна кантактавалі і абменьваліся думкамі  і настроем з гаспадарамі, але і пазнаёміліся з гасцямі з Польшчы.
Падчас прыёму адбыўся абмен памятнымі сувенірамі, інфармацыйнымі матэрыяламі  і надзеямі на працяг распачатага супрацоўніцтва і пашырэння ўзаемных кантактаў.


Ніна РЫБІК, фота аўтара.