Тыдзень postfactum: такая розная Еўропа

14:01 / 05.07.2011
Мінулы тыдзень вачамі  журналіста Эдуарда Свірыда

Момант ісціны для Грэцыі

“У Грэцыі ёсць усё!” – гэта цытата з вядомай савецкай камедыі вельмі доўга фарміравала наша ўяўленне аб далёкай балканскай краіне – сонечнай і бестурботнай.
Як аказалася, у краіне, па колькасці насельніцтва сувымяральнай Беларусі, акрамя вялікіх праблем ёсць не так і многа.
Не так многа для продажу. Дрэнна. Таму што адной з умоў выдзялення фінансавай дапамогі для стабілізацыі становішча ў краіне Еўрасаюз і Міжнародны валютны фонд назвалі  продаж дзяржаўнай уласнасці. А прадаваць асабліва і няма чаго: пара “ляжачых” банкаў, некалькі кампаній ды саляны завод.
Увогуле, прыватызацыя – адзін з пунктаў “джэнтльменскага набору” рэкамендацый ЕС па выхадзе з крызісу. Там жа: скарачэнне бюджэтных выдаткаў, зарплат, сацыяльных праграм.
Толькі тэарэтычна гэта бачыцца рацыянальным і правільным. А на практыцы за кожным такім макраэканамічным пунктам хаваецца жыццё простага чалавека з такім натуральным клопатам аб хлебе надзённым.
Грэкі з плануемымі мерапрыемствамі не згодны і сваю нязгоду вось ужо некалькі тыдняў рашуча дэманструюць на вуліцах Афін. Тым не менш, парламент рэспублікі на мінулым тыдні вымушаны быў прыняць зараней непапулярныя рашэнні і прызнаць умовы, вылучаныя краіне.
Спрагназаваць, як будуць разгортвацца падзеі далей, сёння не здолее ніхто. Для таго, каб выправіць становішча, Грэцыі неабходна, ні многа, ні мала, 110 мільярдаў еўра! Гэта пры тым, што ўжо сёння без уліку мяркуемага крэдыту, дзяржаўны доўг краіны складае больш за 170% валавага ўнутранага прадукту!
Грэкі непакояцца нездарма. Дзяржава апускаецца ў даўгавую яму і пры тым свядома, па ўласнай волі ідзе на беспрэцэдэнтнае пагаршэнне матэрыяльнага становішча сваіх грамадзян.
Кажуць, што гэта неабходна і для таго, каб утрымаць еўра. Банкруцтва Грэцыі, маўляў, абавязкова пацягне за сабой усю еўразону і спародзіць новую, яшчэ больш моцную хвалю сусветнага крызісу.
Дарэчы, буйнейшы фінансавы авантурыст Джордж Форас у гэтым не сумняваецца.



Каралеўскае вяселле

Пакуль у высокіх еўрапейскіх кабінетах вырашаўся лёс Грэцыі, у Манака ажанілі князя. Яго светласць 53-гадовы князь Альбер ІІ упершыню ў сваім жыцці абручыўся законным шлюбам. Выбранніцай каранаванай асобы стала настаўніца з Паўднёвай Афрыкі Шарлен Уіттстак. Увесь тыдзень манегаскі – так называюць жыхароў княства – радаваліся.
Фуршэт для сямі з паловай тысяч падданых князя, вясельны баль на 500 персон, эксклюзіўныя ўбранні ад сусветна вядомых куцюр’е, спецыяльна выраблены фірмай “Лексус” аўтамабіль, на якім ехалі маладыя, і іншыя прыкметы каралеўскай урачыстасці каштавалі падаткаплацельшчыкам сціплых 80-ці мільёнаў долараў.
Для вяселля старога халасцяка, які пагражаў пакінуць княства без першай ледзі, – не шкода?



Дамінік вяртаецца прэзідэнтам?

Па ўсім відаць, у справе былога дырэктара-распарадчыка Міжнароднага валютнага фонду і адначасова галоўнага прэтэндэнта на пост прэзідэнта Францыі Дамініка Строс-Кана, якога абвінавачвалі ў спробе згвалтавання пакаёўкі нью-ёркскага гатэля, наступіла развязка. На мінулым тыдні былога еўрачыноўніка вызвалілі з пад дамашняга арышту. І хоць справа пакуль канчаткова не закрыта, усё ідзе да таго, што абвінавачванні будуць знятыя поўнасцю.
Ахвяра ўяўнага злачынства аказалася асобай далёкай ад сумленнасці. У ЗША трапіла падманным шляхам, напярэдадні скандалу невядомым чынам атрымала на асабісты рахунак 100 тысяч долараў, у тэлефоннай размове абмяркоўвала жаданыя выгоды ад інцыдэнту з крымінальным аўтарытэтам, ды і ўвогуле пастаянна блыталася ў паказаннях, што і дазволіла амерыканскаму правасуддзю ўсумніцца ў праўдзівасці яе слоў.
Між тым сам Дамінік Строс-Кан задоўга да апісаных падзей, неяк у інтэрв’ю сказаў, што яго палітычнай кар’еры можа прыйсці канец з-за якой небудзь недарэчнасці “кшталту згвалтавання на аўтамабільнай стаянцы”.
“Накаркаў” ці прадбачыў?
Здзіўляе, з якой лёгкасцю такая педантычная ў пытаннях правоў чалавека Еўропа, без прысуду, нават без слушных доказаў, пагрэбаваўшы прынцыпам прэзумпцыі невінаватасці, вызваліла апальнага дырэктара МВФ ад займаемай пасады.
Пакрыўджаных любяць і ў Заходняй Еўропе. І што з гэтага вынікае? Елісейскі палац у Парыжы павінен чакаць новага прэзідэнта?