Правадное радыё памірае...

16:35 / 30.06.2011

На “Прамую лінію” да намесніка старшыні райвыканкама Віктара Збігневіча Свілы, якая праводзілася ў маі, звярнулася жыхарка вуліцы Набярэжная Астраўца Соф’я Іванаўна Кацінель, якая скардзілася, што ў дамах па іх вуліцы сувязісты знялі радыёкропкі – і цяпер радыёслухачы засталіся без такога зручнага і прывычнага сродку масавай інфармацыі як радыё. Соф’я Іванаўна прасіла дапамагчы вярнуць у дом радыё.


Разабрацца ў сітуацыі Віктар Збігневіч даручыў начальніку РВЭС М.У. Хіневічу. Днямі рэдакцыя атрымала адказ з раённага вузла электрычнай сувязі за подпісам яго начальніка.
У ім Міхаіл Уладзіслававіч паведамляе, што з мэтай змяншэння затрат па эксплуатацыі сеткі праваднога вяшчання ў 2011-2015 гадах кампаніяй РУП “Белтэлекам” плануецца паэтапнае спыненне аказання паслуг праваднога вяшчання. На справе гэта азначае, што максімум праз чатыры гады правадное радыё як такое ўвогуле перастане існаваць.
У дачыненні да канкрэтнай сітуацыі, з нагоды якой звярнулася на “Прамую лінію” Соф’я Іванаўна Кацінель, начальнік РВЭС паведаміў, што ў сакавіку па вуліцы Набярэжнай Астравецкі РЭС праводзіў работы па рэканструкцыі ЛЭП 0,4 кВ, пры гэтым была дэманціравана лінія радыёфікацыі. Прыкладныя затраты на яе аднаўленне складаюць больш за 10 мільёнаў рублёў. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне не аднаўляць правадное радыёвяшчанне па вуліцы Набярэжнай.
Карыстальнікам радыё па вуліцы Набярэжнай прапанавана набыць радыёпрыёмнікі “Беларусь” з аўтапошукам і электроннай рэгуліроўкай гучнасці, якія валодаюць магчымасцю прыёму радыёвяшчальных станцый у  дыяпазоне УКВ1 (УКВ) і УКВ2 (FM), гэта значыць – слухаць розныя радыёперадачы па жаданню карыстальніка.
Радыёпрыёмнікі можна набыць у сервісным цэнтры Астравецкага РВЭС па вуліцы Ленінскай, 5. На сённяшні дзень кошт радыёпрыёмніка “Беларусь” складае 85800.