Пра аўтобусы, дзіравы дах і кааператыўныя кватэры ішла гаворка на "прамой лініі"

16:08 / 30.06.2011

“Прамая лінія” з намеснікам старшыні райвыканкама Віктарам Мікалаевічам Аксютчыкам, які курыруе пытанні будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, транспарту і сувязі, была не вельмі актыўнай – на яе паступіла ўсяго тры пытанні, якія непасрэдна тычыліся сферы абавязкаў Віктара Мікалаевіча. Але гэта дало магчымасць больш падрабязна пагутарыць з намеснікам старшыні райвыканкама пра стан спраў у падначаленых яму арганізацыях.


Першае пытанне ад жыхаркі кватэры 29 дома №40 па вуліцы Карла Маркса Ніны Іванаўны Сумской паступіла ў рэдакцыю яшчэ да пачатку “Прамой лініі”. Жанчына скардзілася на тое, што ў іх доме даўно, ужо некалькі гадоў, працякае дах. Жыхары неаднаразова звярталіся да былога кіраўніцтва РУП ЖКГ, але сітуацыя з месца не зрушылася. А між тым, у кватэрах ад павышанай вільготнасці чарнеюць сцены, быў нават выпадак, калі загарэўся электрашчыт – ці далёка да бяды?
Разабрацца ў сітуацыі і даць адказ Ніне Іванаўне і рэдакцыі газеты Віктар Мікалаевіч тут жа даручыў начальніку РУП ЖКГ А.Б Стурлісу. Аляксандр Браніслававіч даў рэдакцыі наступны адказ:
—Дом №40 па вуліцы Карла Маркса ўключаны ў тытульны спіс па капітальнаму рамонту жыллёвага фонду на 2011 год. У цяперашні час зроблена праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт даху. Прадпрыемствам БУ-95 г. Смаргонь у пачатку верасня бягучага года плануецца пачаць яго рамонт. Калі да яго пачатку ў доме ўзнікнуць працяканні даху, РУП ЖКГ па заяўках жыхароў будзе іх ліквідоўваць.
Каментарый з нагоды
В.М. Аксютчык:
—А ўвогуле прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў апошнія гады працуе вельмі паспяхова. Камунальнікі не толькі закрываюць усе пытанні па аказанню камунальных паслуг насельніцтву, што з’яўляецца іх асноўнай задачай, але шмат робяць па будаўніцтву новых аб’ектаў і рамонту памяшканняў. Дастаткова сказаць, што ў мінулым годзе на падрадных работах гэтая арганізацыя асвоіла больш як чатыры мільярды рублёў, сёлета плануецца давесці гэтую лічбу да пяці мільярдаў ці нават больш.
Гэтыя вынікі, як і якасць камунальных паслуг, малі б быць намнога лепшымі, калі б не хранічныя неплацяжы, якія літаральна душаць РУП ЖКГ. Вы толькі ўдумайцеся: 2 мільярды 600 мільёнаў рублёў прадпрыемствы і арганізацыі раёна завінаваціліся РУП ЖКГ за аказаныя камунальныя паслугі – і аддаваць не спяшаюцца. Буйнейшыя даўжнікі – сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, бюджэтныя арганізацыі, райспажыўтаварыства, камбінат бытавых паслуг. Па сутнасці, камунальнікі беспрацэнтна крэдытуюць іншыя арганізацыі  — і пры гэтым з-за адсутнасці сродкаў стрымліваюць уласнае развіццё. Гэта ў корані няправільна.


Дырэктар Гервяцкай музычнай школы Алена Рыгораўна Сцефановіч патэлефанавала на “Прамую лінію” з просьбай: ці нельга расклад руху аўтобусаў з Гервят перагледзець, каб хоць адзін з іх адпраўляўся з вёскі вечарам? У школе працуе малады выкладчык, які кожны вечар вяртаецца дахаты ў Астравец, і яму няма на чым дабірацца.
—Я даручыў дырэктару аўтапарка Аляксандру Васільевічу Жуку вывучыць сітуацыю і, калі ёсць такая неабходнасць, вырашыць гэтае пытанне. Але вы павінны разумець: для аднаго чалавека аўтобус пускаць ніхто не будзе – аўтапарк і раённы бюджэт не настолькі багатыя. Хачу нагадаць, што ў нас аўтобусныя пасажыраперавозкі прыносяць аўтапарку шматмільённыя страты. Затраты, якія нясе прадпрыемства на перавозцы пасажыраў прыгарадным транспартам,  акупляюцца  працэнтаў на 27-47, у залежнасці ад маршруту. А ў сувязі з апошнім падаражаннем паліва гэтыя страты будуць яшчэ большымі. І бюджэт не ў стане кампенсаваць іх поўнасцю. Вось і атрымліваецца, што аўтапарк заробленыя на грузаперавозках сродкі накіроўвае не на развіццё прадпрыемства, як мог бы і як патрабуе сітуацыя, а на пакрыццё страт ад перавозкі пасажыраў – па сутнасці, за кошт уласных сродкаў вырашае сацыяльныя задачы грамадства.
Сацыяльныя стандарты ў галіне пасажыраперавозак мы выконваем. А што тычыцца таго, што хацелася б лепш, то, як сказаў прэзідэнт, жыць трэба па сродках. І гэта тычыцца ўсіх нас.
З адказу начальніка аўтастанцыі аўтапарка №4 Галіны Мікалаеўны Алёкса:
— З Гервят штодзённа адпраўляецца аўтобус “Гіры-Астравец”. У пятніцу, суботу, нядзелю можна ад’ехаць у 17.09 аўтобусам “Астравец-Маладзечна”, у пятніцу і нядзелю – у 18.12 аўтобусам “Астравец-Чэхі”.
Аўтобусны маршрут “Астравец-Гіры”, як і большасць іншых прыгарадных маршрутаў, стратны, і аўтапарк не можа дазволіць сабе адкрываць дадатковыя рэйсы па гэтаму маршруту.


Жыхарку вуліцы Петруся Броўкі, што ў Астраўцы, настолькі турбуе пытанне: чаму будуе кааператыўную кватэру яе былы зяць, які на гэта, па яе меркаванні, не мае законнага права, што яна патэлефанавала на “Прамую лінію”, каб выкрыць “падманшчыка і нягодніка”.
Віктар Мікалаевіч паабяцаў, што разбярэцца ў сітуацыі і, калі жанчынай кіруе не элементарная прага помсты былому зяцю і яе абвінавачванні грунтуюцца на рэальна існуючых, а не прыдуманых парушэннях, то гэты ўдзельнік жыллёва-будаўнічага кааператыва будзе з яго выключаны.
Валерый Эдвардавіч Сянюць, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, якому было даручана разабрацца ў сітуацыі, паведаміў рэдакцыі:
—Служба “Адно акно” зрабіла запыт і атрымала ўсе неабходныя дакументы на былога зяця заклапочанай яго дабрабытам цешчы. Яны сведчаць, што на ўлік асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні  жыллёвых умоў, малады чалавек пастаўлены як грамадзянін, які не мае ўласнага жылля і жыве ў інтэрнаце.
Дакументы  для адкрыцця крэдытнай лініі для будаўніцтва кватэры ў складзе жыллёва-будаўнічага кааператыва таксама ў парадку. Так што будуе кватэру малады чалавек абсалютна законна, хай цешча спіць спакойна.
Каментарый з нагоды
В.М. Аксютчык:

—А ўвогуле, у святле апошніх заяў кіраўніка дзяржавы, трэба чакаць, што сітуацыя з будаўніцтвам жылля і, галоўнае, – з выдзяленнем для гэтых мэт льготных крэдытаў зменіцца. Права на льготнае крэдытаванне будуць мець толькі малазабяспечаныя слаі насельніцтва, якія не ў стане самі пабудаваць уласнае жыллё – мнагадзетныя сем’і, да прыкладу. Сёння ж у нас такая магчымасць прадастаўлялася практычна ўсім. Цяпер большасці давядзецца будаваць жыллё за ўласныя сродкі ці крэдыты, узятыя на агульных падставах.


На “Прамой лініі” дзяжурыла Ніна РЫБІК.