Тыдзень postfactum: «Адысея» патрабуе нафты

13:21 / 15.06.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

На мінулым тыдні заходні cвет са спадзяваннем чакаў добрых навін з Вены. У сталіцы Аўстрыі знаходзіцца штаб-кватэра міжнароднай урадавай арганізацыі краін-экспарцёраў нафты -- OPEС.


Два разы на год міністры энергетыкі 12 дзяржаў, якія штодзень здабываюць прыкладна дзве трэці сусветных аб’ёмаў вуглевадароднай сыравіны, збіраюцца на пасяджэнне, аналізуюць стан спраў на рынку і прымаюць рашэнне аб павелічэнні альбо змяншэнні здабычы. Зразумела, калі нафты на рынку будзе зашмат – цана на яе зменшыцца. Што для ўдзельнікаў картэля, мякка кажучы, не зусім выгадна. З другога боку, пастаянна падтрымліваць дэфіцыт і стымуляваць рост кошту – таксама не зусім разумна. Ступар заходняй эканомікі не ў інтарэсах нафтаздабытчыкаў. Таму неабходна шукаць “залатую сярэдзіну” – кропку раўнавагі уласных інтарэсаў і эканамічнай мэтазгоднасці.
З пачатку года цана барэля нафты на сусветным рынку ўзнялася на 20 % і складае сёння крыху больш за 100 долараў ЗША. Што з 2008 года з’яўляецца максімальным коштам. На думку дзяржаў Захаду, якія з’яўляюцца галоўнымі спажыўцамі сыравіны, гэта і ёсць тая “залатая сярэдзіна”, гледзячы на якую краіны OPEС павінны ўспомніць аб уласным сумленні і прыняць стратэгічнае рашэнне аб павелічэнні здабычы. Хаця б на 1 мільён барэляў у суткі. А лепш – на паўтара.
Варта заўважыць, што 1 мільён барэляў – гэта якраз тая “дробязь”, якую свет атрымліваў ад Лівіі. Натуральна, што з-за падзей ў Паўночнай Афрыцы “няма таго, што раньш было”. А патрэбна. Вельмі патрэбна.
Аднак што для немца – ці для француза – добра, тое для бюджэту Венесуэлы ці Ірана – смерць. Таму названыя краіны, ды яшчэ Алжыр, заблакіравалі прыняцце рашэння OPEС аб павелічэнні квот на здабычу нафты.
Каб зразумець усю прыроду падобнага, надзвычай самастойнага рашэння, трэба ведаць, што, акрамя згаданых вышэй дзяржаў, у арганізацыю краін-экспарцёраў нафты ўваходзяць: Ірак, Кувейт, Саудаўская Аравія, Катар, Лівія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Нігерыя, Эквадор і Ангола. З дадзенага спісу да безумоўных саюзнікаў ЗША і краін НАТА можна аднесці хіба Кувейт і Саудаўскую Аравію. Яны ж падтрымлівалі ідэю павелічэння здабычы да паўтары мільёнаў барэляў. Праўда, сярод астатніх удзельнікаў картэля праблемы Захаду не знайшлі разумення.
Усё гэта азначае, што ў бліжэйшай перспектыве разлічваць на павелічэнне колькасці нафты на сусветным рынку і, адпаведна, на змяншэнне яе цаны разлічваць не прыходзіцца.
Самы сумны прагноз гаворыць аб тым, што да канца бягучага года кошт сыравіны можа дасягнуць абсалютнага максімуму за ўсю гісторыю ў 200 долараў за барэль “чорнага золата”. Калі становішча ў Паўночнай Афрыцы ў бліжэйшы час не стабілізуецца – у яго ёсць усе перспектывы спраўдзіцца. На жаль, і ў гэтым сэнсе падстаў для аптымізму пакуль няма.
На мінулым тыдні НАТО атрымала ад ААН “дабро” яшчэ на тры месяцы на працяг аперацыі “Адысея”, накіраванай на звяржэнне рэжыма Кадафі.
Нагадаем, што першапачаткова “Адысея” задумвалася, як забарона палётаў лівійскай авіацыі. “Зачысціць” неба павінна была авіацыя саюзнікаў. Аднак з першых дзён ваенная аперацыя вылілася зусім у іншае рэчышча – бамбёжка гарадоў, ваенных і грамадзянскіх аб’ектаў, падтрымка сіл апазіцыі, прадастаўленне апошняй ваеннай і фінансавай дапамогі. Недаўменне з гэтай нагоды Лігі арабскіх дзяржаў, якая першапачаткова асцярожна падтрымала рэзалюцыю ААН, накіраваную на абарону мірнага насельніцтва, засталося па-за ўвагай.
У выніку – тысячы ахвяр, насілле з абодвух бакоў, якія супрацьстаяць у канфлікце, зруйнаваныя гарады і паселішчы, дэфіцыт нафты, сотні тысяч бежанцаў і поўная нявызначанасць у далейшым развіцці падзей і тэрмінаў, на які яны яшчэ расцягнуцца.
Пасля таго, што адбылося, няма патрэбы і сэнсу прыкрывацца ідэямі кшталту “чыстага неба”. Усім даўно зразумелыя сапраўдныя мэты “Адысеі”. Праўда за апошні час становішча адыёзнага лідара “джамахерыі” амаль не пахіснулася.
Неяк з цяжкасцю верыцца, што нешта істотнае адбудзецца на працягу яшчэ трох месяцаў, выдаткаваных саюзнікам сусветнай супольнасцю. Калі толькі НАТО не прыме рашэнне аб пачатку наземнай аперацыі ў Лівіі.
Аднак гэта ўжо будзе зусім іншая вайна…