Сустрэча адоранай моладзі з кіраўніцтвам раёна

08:15 / 15.06.2011

Напярэдадні выпускных вечароў з маладой інтэлектуальнай элітай раёна – пераможцамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, выпускнікамі, што закончылі школу з залатымі і сярэбранымі медалямі – сустрэўся старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька.


Такія сустрэчы адоранай моладзі з кіраўніцтвам раёна – у нядаўняй, акрамя старшыні райвыканкама, прымалі ўдзел яго намеснік Віктар Збігневіч Свіла і начальнік аддзела адукацыі Віктар Віктаравіч Млечка – сталі ўжо традыцыйнымі. Адам Дзмітрыевіч шчыра прызнаўся, што яны прыносяць яму вялікае задавальненне – радасна бачыць, колькі ў нас адоранай моладзі, ведаць, што астравецкія школьнікі займаюць прызавыя месцы на алімпіядах рознага ўзроўню. Старшыня райвыканкама шчыра павіншаваў маладых людзей з заслужанымі перамогамі і пажадаў, каб яны сталі толькі першымі перамогамі  ў іх доўгім і шчаслівым жыцці, за якімі паследуюць шматлікія іншыя.
—Хочацца пажадаць, каб вы заўсёды, дзе б ні былі, ганарыліся тым, што ваша радзіма – Астравеччына, – сказаў Адам Дзмітрыевіч. – Сёння перад нашым раёнам адкрываюцца грандыёзныя перспектывы: са звычайнага, нічым не адметнага  сельскагаспадарчага раёна ён ператвараецца ў самы перадавы і сучасны горад рэспублікі, і гэтыя пераўтварэнні адбываюцца на нашых вачах. У раёне не толькі будзе будавацца атамная электрастанцыя – імклівымі тэмпамі стануць развівацца ўсе галіны народна-гаспадарчага комплексу: прамысловасць, адукацыя, культура, спорт, ахова здароўя. І якую прафесію, якую сферу дзейнасці  вы сабе ні абераце ў будучым, на радзіме заўсёды знойдзецца месца і магчымасці для прымянення вашым талентам і вашаму прафесіяналізму. Таму жадаю вам паступіць у абраныя ВНУ, набываць жаданыя прафесіі — і вяртацца на радзіму: вас тут заўсёды сустрэнуць з радасцю.
Ад імя маладых людзей, што сабраліся ў той дзень у актавай зале райвыканкама, вучань гімназіі Аркадзь Каржановіч падзякаваў раённай уладзе за тое, што для вучобы і развіцця школьнікаў створаны ўсе ўмовы, што паляпшаецца матэрыяльная база ўстаноў адукацыі, што перамогі маладых у розных спаборніцтвах і конкурсах заўсёды дастойна  ацэнены.
Усялякая перамога павінна быць адзначана не толькі маральна, але і матэрыяльна – гэта ўжо таксама стала традыцыяй ў нашым раёне. Пераможцам абласных і рэспубліканскіх алімпіяд былі ўручаны спецыяльныя прэміі райвыканкама. Гімназіст Уладзіслаў Міхно, які атрымаў дыпломы першай ступені на абласной і рэспубліканскай алімпіядах па хіміі, атрымаў прэмію ў памеры 18 базавых велічынь. Дзесяцікласніца Аксана Аўгуль была другой на алімпіядах па рускай мове ў вобласці і ў рэспубліцы – яна атрымала 14 базавых велічынь. Вучань гімназіі Аркадзь Каржановіч атрымаў дыпломы трэцяй ступені на абласным і рэспубліканскім этапах алімпіяды па геаграфіі – прэмія памерам чатыры базавыя велічыні стала матэрыяльнай адзнакай яго перамог. А дзевяцікласніца Гервяцкай СШ Юля Сцефановіч, якая выступала на алімпіядзе па гісторыі за дзесяты клас, стала другой у вобласці і атрымала пахвальную грамату на рэспубліканскім этапе, была адзначана прэміяй памерам дзесяць базавых велічынь. Прэміі ў памеры шасці базавых велічынь атрымалі дзесяцікласнік гімназіі Канстанцін Лябецкі і выпускнік Міхалішкаўскай СШ Аляксей Мацкела,  якія прывезлі з абласной алімпіяды па хіміі дыпломы другой ступені, чатыры базавыя – дзесяцікласніца гімназіі Алёна Андралойць, якая стала трэцяй на абласной алімпіядзе па беларускай мове, дзве – васьмікласнік Кямелішкаўскай школы Стасіс Чучурка, які атрымаў на абласной алімпіядзе па інфарматыцы пахвальную грамату.
Спецыяльныя стыпендыі райвыканкама ў памеры сямі базавых велічынь разам cа сваёй галоўнай вучнёўскай узнагародай, што вянчае адзінаццаць гадоў нястомнай паўсядзённай працы атрымалі і выпускнікі, якія закончылі школу з залатым медалём, – Марыя Еўтушэнка з Варнянскай школы, Аня Вайнілка і Марыя Мешкель з Міхалішкаўскай, Аляксей Масевіч з Гервяцкай, Анжаліка Вакулік з Дайлідскай, Святлана Памецька са Спондаўскай, Ігар Раткевіч з гімназіі; пяць базавых велічынь разам з сярэбраным медалём былі ўручаны Анастасіі Палтаржыцкай з СШ №1 Астраўца.
Думаецца, па-бацькоўску шчыры і мудры наказ, што атрымалі ў той дзень выпускнікі ад старшыні райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі, і грашовыя прэміі, якімі былі адзначаны іх поспехі ў нялёгкай вучнёўскай працы, стануць добрым падспор’ем выпускнікам на першых кроках самастойнага жыццёвага шляху.


Ніна РЫБІК.