Губернатар правёў прэс-канферэнцыю, а таксама ўручыў узнагароды

15:55 / 01.06.2011

На мінулым тыдні прайшла чарговая прэс-канферэнцыя журналістаў вобласці  са старшынёй аблвыканкама Сямёнам Барысавічам Шапірам – такія сустрэчы сталі ўжо традыцыйнымі.


Праходзіла яна ў пасёлку Мір Карэліцкага раёна і распачалася, зноў жа па традыцыі, са знаёмства з цікавымі мясцінамі старажытнага Міра: касцёлам, царквой, прыватным музеем “Мірскі пасад”, які стварыў за ўласныя сродкі энтузіяст Віктар Янавіч Сакель – і яго экспазіцыі, старажытнасці і аўтэнтычнасці экспанатаў мог бы пазайздросціць любы дзяржаўны.
Завяршылася экскурсійная праграма наведваннем Мірскага замка, нядаўна адкрытага пасля рэстаўрацыі – сёння гэта зусім іншы гісторыка-музейны комплекс, чым той, які памятаюць большасць экскурсантаў, што пабывалі ў былыя часы ў Міры. Падазраю, што тады ўражанні ў іх, як і некалі ў мяне, былі не самыя лепшыя. Таму, не пераказваючы ўсяго ўбачанага на гэты раз – нездарма кажуць, што лепш адзін раз пабачыць, чым сто – пачуць, магу параіць адно: наведайце Мір яшчэ раз, не пашкадуеце. Пасля рэстаўрацыі ўнутранае ўбранства замка змянілася непазнавальна, і сёння там ёсць што паглядзець, ёсць каго паслухаць і пра што даведацца.
Тут жа, у замку, адбылася і прэс-канферэнцыя з губернатарам – і гэта надавала размове асаблівую ўрачыстасць і значнасць. Натуральна, што пачалася яна ў працяг тэмы з пытанняў пра захаванне гісторыка-культурнай спадчыны і развіцця турызму – прадметам размовы сталі рэстаўрацыя Каложскай царквы, развіццё Аўгустоўскага канала, стварэнне ў кожным раёне аб’ектаў прыдарожнага сервісу – Сямён Барысавіч у чарговы раз нагадаў, што ў гэтым пытанні разлічвае на асаблівую актыўнасць прадпрымальных людзей. Для падтрымання іх дзелавой ініцыятывы аблвыканкамам створаны спецыяльны фонд, у якім на льготных умовах можна ўзяць салідны крэдыт – на жаль, пакуль што чарга за таннымі грашамі не стаіць.
Безумоўна, ішла размова падчас прэс-канферэнцыі і пра вынікі работы вобласці – журналісты не маглі абмінуць сваёй увагай той факт, што літаральна напярэдадні прэс-канферэнцыі мінуў першы год, як С. Б. Шапіра быў прызначаны губернатарам Гродзеншчыны. Сямён Барысавіч расказаў пра вынікі работы ў асноўных галінах, пра планы і перспектывы, найбольш буйныя і цікавыя інвестыцыйныя праекты. Гаворачы паміж іншым пра кадры і сваю каманду, губернатар зазначыў, што на прыкладзе работы траіх кіраўнікоў райвыканкамаў ён вучыць астатніх, як трэба працаваць, і першым сярод гэтай тройцы быў названы Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Да слова сказаць, на кожнай прэс-канферэнцыі губернатар узгадвае Астравецкі раён, ставячы яго ў прыклад астатнім.
А закончылася прэс-канферэнцыя на вельмі прыемнай – прынамсі, для журналістаў – ноце: у тым жа Мірскім замку, у зале ўрачыстых прыёмаў, сярод сярэднявечнай прыгажосці і велічы былі падведзены вынікі абласнога спаборніцтва сродкаў масавай інфармацыі і журналістаў і названы яго пераможцы. І ўпершыню за ўсю гісторыю існавання гэтага конкурсу ўзнагароды лепшым уручаў асабіста старшыня аблвыканкама Сямён Барысавіч Шапіра.
Можна сказаць, што ў пэўнай ступені гэта быў дзень “Астравецкай праўды”. Наша газета заняла другое месца ў спаборніцтве раённых газет вобласці, а лепшым журналістам кампетэнтнае абласное журы назвала галоўнага рэдактара “Астравецкай праўды” Ніну Рыбік. Шмат цёплых слоў у адрас нашай “раёнкі” прагучала і з вуснаў галоўнага рэдактара “Народнай газеты” Уладзіміра Андрыевіча, які спецыяльна прыехаў на гэтае свята, каб уручыць дыпломы за цеснае супрацоўніцтва з “Народнай газетай” – іх атрымалі губернатар С.Б. Шапіра, начальнік ідэалагічнага ўпраўлення аблвыканкама П.К. Скрабко і Ніна Рыбік.
Канцэрт класічнай музыкі і сучаснай харэаграфіі стаў цудоўным заключным акордам гэтага насычанага радаснымі адкрыццямі і прыемнымі сюрпрызамі дня.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.