Астравеччыну паглядзелі і справы абмеркавалі

15:03 / 26.04.2011
8164

Нядаўна ў Астраўцы адбылося пашыранае пасяджэнне прэзідыума Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, узначаліў якое старшыня камітэта Валянцін Мікалаевіч Пракопік. Удзел у рабоце прэзідыума прыняў старшыня рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Фаміч Навумчык. Каманду гаспадароў, якая сустракала гасцей, узначаліў старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька.


Асноўным пытаннем, вынесеным на парадак дня, стала справаздача Астравецкага райкама прафсаюза работнікаў АПК па рабоце ў галіне ажыццяўлення грамадскага кантролю за аховай працы і тэхнікай бяспекі, кантролю за захаваннем заканадаўства аб працы і маніторынгу кантрактнай формы найму, вядзення справаводства і ўліку членаў прафсаюза і справаздачнасці, выканання ўмоў калектыўных дагавароў, выканання Дырэктывы № 3.
Але ўдзельнікі рабочай сустрэчы (у рабоце пасяджэння прымалі ўдзел старшыні райкамаў прафсаюза работнікаў АПК Гродзеншчыны, старшыні пярвічных прафкамітэтаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Астравецкага раёна, адказныя спецыялісты абласнога і рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК) па ініцыятыве А.Д. Кавалькі вырашылі адмовіцца ад стацыянарных умоў актавай залы райвыканкама і адправіцца ў падарожжа па Астравеччыне. Маўляў, лепш адзін раз убачыць… Гідам, нягледзячы на каласальную занятасць, стаў сам старшыня райвыканкама. І нельга не адзначыць – здзівіў прысутных не толькі сваім энтузіязмам і ведамі, але і незвычайнай памяццю – Адам Дзмітрыевіч валодае інфармацыяй (прычым у лічбавым выражэнні) практычна ва ўсіх разгалінаваннях дзейнасці складанага вытворчага арганізма раённай эканомікі.
Атамная электрастанцыя, будаўніцтва якой неўзабаве распачнецца на тэрыторыі раёна, усё больш шчыльна ўваходзіць у жыццё Астравеччыны. Таму, напэўна, экскурсія пачалася з наведання інфармацыйнага цэнтра дырэкцыі будаўніцтва атамнай станцыі, дзе прысутныя змаглі азнаёміцца з асаблівасцямі і ступенямі бяспекі абранай мадэлі станцыі. Потым яны наведалі піянерную базу – дапаможнае прадпрыемства, якое будзе пастаўляць на будаўніцтва АЭС неабходныя вырабы з жалезабетону. Працягам “атамнай” тэмы стала і знаёмства з самім гарпасёлкам – тэрыторыя былога аэрадрома, на якой кіпяць работы па пракладцы неабходных камунікацый; першыя “высоткі” ў мікрараёне Валадарскага; новыя дамы і дарогі, што літаральна на вачах узнікаюць непадалёк ад Бялькішак.
Зрэшты, вялікае не засціла вочы – за “будоўляй стагоддзя” ўдзельнікі семінара не забываліся і пра маленькія, але важныя праблемы – да прыкладу, ім вельмі спадабалася, як у Астраўцы вырашана пытанне раздзельнага збору смецця, апладзіравалі яны і гарадскому ландшафтнаму дызайну аўтарства Алены Русецкай.
Наступны прыпынак – адміністрацыйны будынак праўлення СВК “Варняны” – сучасны, з нестандартным вырашэннем афармлення кабінетаў, актавай залы, калідораў і нават лесвічнай пляцоўкі. Тут гасцей сустрэлі старшыня калгаса Аляксандр Вярбовіч і старшыня прафкама Станіслава Блашкевіч. Яны адказалі на шматлікія пытанні, расказалі аб асноўных накірунках дзейнасці гаспадаркі.
У Варнянскім вучэбна-педагагічным комплексе актывісты прафсаюзнага жыцця наведалі “крыло” дзіцячага садка-ясляў, ацанілі якасць праведзенага нядаўна ва ўсёй школе рамонту.
Усё гэта цікавіла гасцей, але кожнаму з іх карцела пабываць у эпіцэнтры заўтрашніх падзей – на месцы, дзе будзе будавацца АЭС. Старшыня райвыканкама размяшчэнне будучых аб’ектаў “атамкі” ведае дакладна, так што прафсаюзныя лідары не толькі правялі “рэкагнасціроўку” на месцы, але і сфатаграфаваліся на фоне будучай пляцоўкі.
Наступным аб’ектам наведвання стаў аграгарадок Гервяты. Старшыня аднайменнага СВК Андрэй Янчэўскі даў кароткую характарыстыку дзейнасці сваёй гаспадаркі, прывёў асноўныя эканамічныя паказчыкі. Потым госці наведалі мясцовы фізкультурна-аздараўленчы комплекс, палюбаваліся прыгожа аформленымі вуліцамі і дварамі мястэчка. Нечакана шмат пытанняў з боку гасцей узнікла да дырэктара Гервяцкай сярэдняй школы Наталлі Іванаўны Мацко. Найбольш прысутных цікавіла: як удаецца захоўваць настолькі ідэальны парадак – пасля капітальнага рамонту будынка школы прайшло ўжо 5 гадоў, а выгляд ў яе такі, быццам будаўнікі забралі свае інструменты літаральна на тым тыдні. “Новае аблічча школы дапамагло нам – вучням і педагагічнаму калектыву – перайсці на новы, больш высокі духоўна-эмацыйны ўзровень, – сказала Наталля Іванаўна. – Мы дараслі да ўсведамлення поўнай адказнасці за сваю alma mater. І вось вынік…”
І ўсё ж галоўны козыр арганізатары семінара прыпаслі напаследак – наведанне касцёла Святой Тройцы, велічная архітэктура якога ў спалучэнні з цуда-садам, разбітым вакол храма, прымушае застыць у захапленні нават цыніка…
Тэарытычная частка семінара прайшла ў вялікай зале пасяджэнняў райвыканкама. Яе правёў старшыня абласнога камітэта Валянцін Мікалаевіч Пракопік. Трэба сказаць, што ён вынес на абмеркаванне шэраг новых прапаноў, адной з якіх стала правядзенне штоквартальных аглядаў на лепшую прафсаюзную арганізацыю вобласці. На галасаванне была вынесена ацэначная методыка, у адпаведнасці з якой будуць налічвацца неабходныя балы. У якасці прыза прафсаюзная арганізацыя-пераможца будзе ўзнагароджана прэміяй у 10 мільёнаў рублёў, за 2-е месца – 8 і за 3-е – 6 мільёнаў рублёў. 20 працэнтаў ад гэтай сумы можна будзе выкарыстоўваць у якасці прэміяльных для работнікаў арганізацыі.
Шмат гаварылася пра неабходнасць узмацнення работы з моладдзю – у выніку быў прыняты праект па арганізацыі саветаў па рабоце з моладдзю, якая працуе і вучыцца.
Сустрэча актывістаў прафесійных саюзаў завяршылася выступленнем старшыні рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Уладзіміра Фаміча Навумчыка. Ён выказаў самыя цёплыя словы падзякі ў адрас раёна і асабіста Адаму Дзмітрыевічу Кавалька за цудоўную арганізацыю семінара. А яшчэ адзначыў, што роля аграрна-прамысловага комплексу ў нашай краіне самая высокая – асноўную валюту зарабляе для краіны менавіта сельская гаспадарка і перапрацоўка. І з гадамі роля АПК будзе толькі ўзрастаць.
–Хацелася б, каб ўзрастаў і аўтарытэт нашага прафсаюза – у прыватнасці, сказаў ён. – Сёння ў прафсаюзных структур ёсць ўсё неабходнае, каб вырашаць пастаўленыя перад імі задачы. А задача ў нас адна – яе перад намі паставіў прэзідэнт краіны.
Яшчэ адным пунктам парадку дня семінара было абранне лепшага работніка прафсаюзнай сферы для змяшчэння яго фатаграфіі на абласную Дошку гонару. Агульным галасаваннем гэты гонар быў аказаны старшыні прафкама СВК “Варняны” Станіславе Станіславаўне Блашкевіч.
Семінар завяршыўся, і госці раз’ехаліся па сваіх раёнах, прыхапіўшы з сабой уражанні ад убачанага. А тое, што яны былі вельмі моцнымі і яркімі, сведчыць той факт, што на наступны дзень у Астравецкім райкаме прафсаюза работнікаў АПК не змаўкаў тэлефон: удзельнікі семінара дзякавалі за цікавую сустрэчу.


Ганна ЧАКУР.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений