Сесія раённага Савета дэпутатаў: вынікі і задачы

09:43 / 18.04.2011
30 сакавіка адбылася чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў. На парадак дня была вынесена справаздача Астравецкага раённага выканаўчага камітэта аб рабоце па сацыяльна-эканамічным развіцці Астравецкага раёна ў 2010 годзе і аб становішчы спраў у раёне. З дакладамі, у якіх аналізаваліся вынікі работы ў мінулым годзе і ставіліся задачы, выступілі намеснікі старшыні райвыканкама В.А. Славінскі, У.С. Ластоўскі, В.З. Свіла.
Рост вытворчасці і павышэння якасці

(З даклада першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.А. СЛАВІНСКАГА)


Асноўная задача, якая ставілася перад сельскай гаспадаркай раёна ў 2010 годзе, – павелічэнне валавай вытворчасці збожжа, цукровых буракоў, бульбы, льновалакана і стварэнне трывалай кармавой базы для жывёлагадоўлі.
Валавая вытворчасць збожжа разам з кукурузай у бункернай вазе склала 56239 тон, з кожнага гектара атрымана 33,9 цэнтнера. Але ў сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я ў мінулым годзе сельскагаспадарчыя арганізацыі недаатрымалі 18, 4 тысячы тон збожжа, мінус з кожнага гектара склаў 7,4 цэнтнера.
Валавы збор льновалакна ў мінулым годзе склаў 216 тон, цукровых буракоў – 31 тысячу тон. Бульба вырошчвалася на плошчы 159 гектараў, што менш мінулагодняга на 27 гектараў. Валавы збор яе склаў 2754 тоны, што на 28 працэнтаў ніжэй узроўню папярэдняга года.
У мінулым годзе выраслі паказчыкі ў жывёлагадоўлі. Валавая вытворчасць малака склала 103,7 працэнта да ўзроўню папярэдняга года, ад адной фуражнай каровы надоена па 5044 кілаграмаў малака. Гаспадаркі раёна адправілі на перапрацоўку 32 тысячы тон малака – 106 працэнтаў да ўзроўню 2009 года. Сортам “экстра” прададзена 23,4 працэнта, вышэйшым – 68,9 працэнта малака. Вытворчасць свініны склала 2089 тон, сярэднясутачныя прывагі ў свінагадоўлі – 577 грамаў. Вытворчасць ялавічыны склала 5081 тону, сярэднясутачныя прывагі на адкорме і дарошчванні – 693 грамы.
Развіццё тэхнічнай базы сельгаспрадпрыемстваў характарызуецца ўкараненнем ва ўсе галіны вытворчасці комплексу машын з высокімі тэхніка-эканамічнымі паказчыкамі. У мінулым годзе набыта 6 збожжаўборачных камбайнаў, 9 трактараў, у тым ліку 6 – “Беларус 3022”, 4 аўтамабілі МАЗ і іншая тэхніка. Усё гэта дазволіла значна павысіць якасць выконваемых работ у аптымальныя тэрміны.
Сярэднямесячная заработная плата ў сельскай гаспадарцы павялічылася ў параўнанні з 2009 годам на 123,4 працэнта і скалала 736, 6 тыс. рублёў.
Па выніках работы за 2 месяцы бягучага года сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна атрыманы прырост прадукцыі жывёлагадоўлі на 5,4 працэнта, прадуктыўнасць буйной рагатай жывёлы на дарошчванні і адкорме ўзрасла на 1,2 працэнта і склала 700 грамаў, свіней – на 7,3 працэнта (604 грамы). Вытворчасць малака склала 6128 тон – на 635 тон больш, чым у адпаведным перыядзе мінулага года, надой малака ад каровы – 728 кілаграмаў, плюс 11 кілаграмаў да папярэдняга года.
Вытворчасць валавай прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна склала 8685,6 мільёна рублёў, тэмп росту да 2010 года – 109,2 працэнта.
У аграпрамысловым комплексе раёна ў 2011 годзе прадугледжваецца далейшае нарошчванне аб’ёмаў ва ўсіх галінах. Рост валавай прадукцыі павінен скласці 112 працэнтаў да ўзроўню мінулага года, прадукцыйнасць працы ўзрасце на 10 працэнтаў.
У гэтым годзе стаіць задача атрымаць валавы збор збожжавых не менш, чым 75,7 тысячы тон у вазе пасля дапрацоўкі пры ўраджайнасці 41 цэнтнер. Пад будучы ўраджай плануецца ўнесці 442 тысячы тон арганічных і 12,7 тысячы тон мінеральных угнаенняў (у дзеючым рэчыве). Цукровыя буракі будуць пасеяны на плошчы 680 гектараў, валавы збор іх плануецца давесці да 33,1 тысячы тон. Валавы збор бульбы павінен скласці 4,8 тысячы тон пры ўраджайнасці 241 цэнтнер з гектара.
Важнейшай задачай у раслінаводстве застаецца павелічэнне вытворчасці высокаякасных кармоў, якія ў поўным асартыменце задавальнялі б патрэбы жывёлагадоўлі. Плануецца атрымаць у гэтым годзе ўсіх відаў кармоў, уключаючы летнія зялёныя, не менш чым 36-40 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву. На зімова-стойлавы перыяд трэба нарыхтаваць па 23-25 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву, у тым ліку травяністых – 18-19 цэнтнераў.
У жывёлагадоўлі ў гэтым годзе валавая вытворчасць малака павінна скласці 44 тысячы тон пры сярэднім надоі ад адной фуражнай каровы 5380 кілаграмаў. Ялавічыны плануецца атрымаць 5401 тону, свініны – 2356 тон пры сярэднясутачных прывагах, адпаведна, 700 і 600 грамаў.
У гэтым годзе плануецца папоўніць машынна-трактарны парк раёна 21 трактарам, 16 аўтамабілямі і іншай неабходнай тэхнікай.
Ад рэалізацыі прадукцыі сельскай гаспадаркі ў 2011 годзе плануецца атрымаць 111,3 мільярда рублёў выручкі, 7,9 мільярда прыбытку пры ўзроўні рэнтабельнасці продажу 7,1 працэнта.



Тэхнічнае пераўзбраенне і прыцягненне інвестыцый

(З даклада намесніка старшыні райвыканкама У.С. ЛАСТОЎСКАГА)


За мінулую пяцігодку тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі склаў 119,9 працэнта, спажывецкіх тавараў – 122,1 працэнта. Штогод выпуск спажывецкіх тавараў на прадпрыемствах раёна павялічваўся ў сярэднім на 4,5 працэнта ў год.
У прамысловасці ў 2010 годзе захавана станоўчая тэндэнцыя росту. Аб’ём прамысловай вытворчасці на трох асноўных прамысловых прадпрыемствах склаў 102,3 працэнта ў супастаўных цэнах да ўзроўню 2009 года пры прагнозе 110,1 працэнта. Выканала прагноз вытворчасці прамысловай прадукцыі ААТ “Астравецкі завод “Радыёдэталь” – тэмп росту 117,1 працэнта. Перавысіла ўзровень 2009 года, але не выканала прагнозны паказчык ААТ “Кардонная фабрыка “Альхоўка” (100,3 працэнта пры прагнозе 110,0). Не дасягнула ўзроўню 2010 года па аб’ёмах прамысловай вытворчасці прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва – 85,6 працэнта пры прагнозе 111.
Тавараў народнага спажывання ў 2010 годзе выпушчана на суму 746 мільёнаў рублёў, ці 88,4 працэнта да ўзроўню 2010 года пры прагнозе 112 працэнтаў.
Прадукцыйнасць працы ў прамысловасці павялічылася на 5,4 працэнта да ўзроўню 2009 года і склала 27,3 мільёна рублёў у разліку на адзінку персаналу.
У 2010 годзе ўдзельная вага новай прадукцыі ў агульным аб’ёме вытворчасці склала 11,9 працэнта. Найбольш паспяхова ў гэтым накірунку працуюць ААТ “Астравецкі завод “Радыёдэталь” і ААТ “Кардонная фабрыка “Альхоўка”.
Аб’ём знешняга гандлю ў мінулым годзе склаў 4046,5 тысячы долараў ЗША і павялічыўся ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 18,3 працэнта, у тым ліку экспарт – на 59,6 працэнта, а імпарт склаў 80,4 працэнта да аналагічнага перыду мінулага года. Сальда знешняга гандлю станоўчае. Прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2010 год прадугледжаны тэмпы росту экспарту тавараў 127 працэнтаў, імпарт павінен застацца на ранейшым узроўні.
У выніку сістэмнай работы з інвестарамі назіраецца істотнае павелічэнне інвестыцый у эканоміку раёна. За мінулую пяцігодку ў раён прыцягнута 608,9 мільярда рублёў інвестыцый, у тым ліку ў 2010 годзе – 236 мільярдаў.
Арганізацыі раёна працуюць над аднаўленнем і мадарнізацыяй абсталявання. У 2010 годзе на гэтыя мэты было накіравана 1344 мільёны рублёў. Найбольш актыўна ў гэтым напрамку працуюць ААТ “Кардонная фабрыка “Альхоўка (956 мільёнаў) і ААТ “Астравецкі завод “Радыёдэталь” (388 мільёнаў). У цяперашні час на ААТ “Кардонная фабрыка “Альхоўка” праводзіцца шэраг мерапрыемстваў па развіццю ўчастка лесанарыхтокі, лесапілавання, дрэваапрацоўкі. Гэты накірунак абраны з улікам перспектыўнасці. За кошт сродкаў інавацыйнага фонду канцэрна “Беллеспаперапрам” набыты і манціруюцца дзве сучасныя аўтаматызаваныя сушыльныя камеры. Набыты ў лізінг сартыментавоз МАЗ з гідраманіпулятарам, праводзіцца рэканструкцыя цэха па вытворчасці струганых паганажных вырабаў. Усе гэтыя мерапрыемствы дазволяць забяспечыць перапрацоўку драўніны ў аб’ёме 10 тысяч кубаметраў круглага лесу ў год і арганізаваць вытворчасць прадукцыі з высокім дабавачным коштам: дошка для падлогі, вагонка, брус, струганы паганаж. Разам з тым на фабрыцы будзе працягнута работа па мадэрнізацыі тэхналагічнага абсталявання па вытворчасці кардону.
Працягваецца работа па мадэрнізацыі вытворчасці на ААТ “Астравецкі завод “Радыёдэталь”. Сёлета тут неабходна асвоіць выраб профнасцілу і металачарапіцы. Рэалізацыя гэтых праектаў дасць магчымасць пашырыць асартымент выпускаемай прадукцыі і павялічыць аб’ёмы вытворчасці.
Па выніках работы ў 2010 годзе чысты прыбытак, атрыманы ўсімі арганізацыямі раёна, склаў 15856 мільёнаў, прыбытак ад рэалізацыі –10196 мільёнаў, узровень рэнтабельнасці ў цэлым па раёне – 6,6 працэнта, што 0,3 працэнта вышэй, чым у 2010 годзе.
За 2010 год насельніцтву раёна рэалізавана тавараў на суму 170 мільярдаў рублёў – 139,8 працэнта да папярэдняга года. Рознічны тавараабарот на душу насельніцтва склаў 7023, 6 тысячы рублёў. Прагнозны паказчык росту аб’ёму рознічнага таварабароту – 146,9 працэнта. Рознічны таварабарот у сістэме Астравецкага райспажыўтаварыства склаў 46,5 мільярда рублёў, ці 108,9 працэнта да ўзроўню папярэдняга года пры прагнозе 107. Удзельная вага спажыўкааперацыі ў агульным тавараабароце раёна – 30,1 працэнта (у 2009 годзе – 40,8 працэнта).
Вырашэнне задач у гандлі будзе ажыццяўляцца за кошт напаўняльнасці спажывецкага рынку, пашырэння асартыменту і павышэння якасці тавараў, развіцця і аптымальнага размяшчэння гандлёвай сеткі, аптымізацыі суадносін айчынных і імпартных тавараў, пашырэнне форм арганізацыі гандлёвага працэсу.
Аб’ём рэалізацыі платных паслуг насельніцтву праз усе каналы рэалізацыі ў мінулым годзе склаў 17,8 мільёна рублёў, тэмп росту – 120,2 працэнта пры прагнозе – 113. З мэтай развіцця і паляпшэння якасці паслуг, што аказваюцца насельніцтву, Астравецкі камбінат бытавога абслугоўвання плануе пашырыць работу трыкатажнага цэха, зрабіць тэхнічнае пераўзбраенне пральні. Асаблівая ўвага будзе нададзена развіццю паслуг у сельскай мясцовасці. Для гэтага прадугледжваецца актывізаваць нарыхтоўчую і закупачную дзейнасць, пашырыць сферу бытавога абслугоўвання.
Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў раёне па стану на 1 студзеня 2011 года склаў 0,6 працэнта (зменшыўся на 0,4 працэнта), колькасць беспрацоўных, зарэгістраваных у службе занятасці, зменшылася на 45 чалавек. Сярэднямесячная заработная плата павялічылася за мінулы год на 125,5 працэнта і склала 915,2 тысячы рублёў.



Развіццё сацыяльнай сферы

(З даклада намесніка старшыні райвыканкама В.З. СВІЛЫ)



У мінулым годзе былі дасягнуты пэўныя вынікі ў сацыяльнай сферы.
У галіне адукацыі асноўная ўвага надавалася рэалізацыі мерапрыемстваў Праграмы развіцця агульнай сярэдняй адукацыі на 2007 – 2016 гады. За мінулы год істотна ўмацавалася матэрыяльна-тэхічная база школ. У шэрагу ўстаноў адукацыі ўстаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, праведзены рамонт дахаў у абедзвюх Рымдзюнскіх, Альхоўскай, Спондаўскай, Падольскай сярэдніх школах, настаўніцкім доме вёскі Падольцы адрамантаваны цеплатрасы, выканана сантэхнічных работ на суму 136,6 мільёна рублёў, электрамантажных – на суму 39,7 мільёна.
Аднак сістэма адукацыі раёна, зрэшты, як і ўся сацыяльная сістэма, у справаздачным годзе не толькі спажывала бюджэтныя сродкі, але і зарабляла іх. План пазабюджэтнай дзейнасці выкананы на 120,6 працэнта (зароблена 268,6 мільёна рублёў). Мэтавы паказчык па скарачэнню спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў склаў мінус 8 працэнтаў.
У бягучым годзе аддзелу адукацыі трэба прадоўжыць работу па стварэнню бяспечных умоў жыццядзейнасці дзяцей у дашкольных установах, правесці рэарганізацыю і аптымізацыю сеткі ўстаноў адукацыі, унесці прапанову па пытаннях арганізацыі падвозу навучэнцаў.
Ключавым накірункам дзейнасці ўстаноў аховы здароўя было выкананне Дзяржаўнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі. За 2010 год у раёне памерла 468 чалавек, што на 31 ці 6,6 працэнта менш у параўнанні з 2009 годам, нарадзілася 259 дзяцей (у 2009 годзе – 289). За два месяцы бягучага года памерла 82 чалавекі, нарадзілася 40 немаўлят.
На ўтрыманне ўстаноў аховы здароўя ў 2010 годзе было выдзелена 12,1 мільярда рублёў. З іх 862,6 мільёна пайшлі на аплату расходаў на набыццё медыкаментаў, 419,9 мільёна – на набыццё прадуктаў харчавання, 888,3 мільёна – на аплату камунальных паслуг, 1205,5 мільёна – на правядзенне рамонтных работ, 624 мільёны на прадастаўленне льгот насельніцтву па бясплатных медыкаментах.
План пазабюджэтнай дзейнасці выкананы на 149,9 працэнта, агульная сума склала 1055,6 мільёна рублёў. На бягучыя капітальныя рамонты зрасходавана 794 мільёнаў рублёў. Завершаны рамонты Кямелішкаўскай і Варнянскай амбулаторый урача агульнай практыкі, Варонскага ФАПа, новае добраўпарадкаванае памяшканне атрымаў Рымдзюнскі ФАП. Праведзены некаторыя рамонтныя работы ў Міхалішкаўскай сельскай участковай бальніцы.
У бягучым годзе Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы неабходна прадоўжыць работу матэрыяльна-тэхнічнай базы лячэбных устаноў раёна, завяршыць рамонтныя работы ў Міхалішкаўскай участковай бальніцы, пераабсталяваць Астравецкую малочную кухню пад аддзяленне пералівання крыві, правесці рамонты Лошскага, Слабодкаўскага, Альхоўскага, Ізабелінскага ФАПаў, адкрыць у пасёлку Гудагай амбулаторыю ўрача агульнай практыкі, прадоўжыць работу па выкананню нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі.
На ўтрыманне ўстаноў культуры выдзелена 4,4 мільярда рублёў. За 2010 год праведзены бягучы рамонт Страчанскага, Рымдзюнскага, завершаны рамонты Міхалішкаўскага, Рытаньскага, Варнянскага сельскіх Дамоў культуры, адрамантаваны Варнянскія дзіцячая школа мастацтваў і бібліятэка. Поўнасцю выкананы нарматыў па фінансаванню камплектавання бібліятэк за кошт сродкаў раённага бюджэту на 15 працэнтаў. План пазабюджэтнай дзейнасці ўстановамі культуры выкананы на 107 працэнтаў, зароблена 210,6 мільёна рублёў.
У бягучым годзе аддзелу культуры неабходна прадоўжыць работу па ажыццяўленню дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры, садзейнічаць развіццю культур нацыянальных меншасцей на тэрыторыі раёна, правесці рамонт Альхоўскага СДК і старога будынка Астравецкага РДК, набыць гукаўзмацняльную апаратуру ў Варнянскі, Падольскі, Міхалішкаўскі, Альхоўскі, Гервяцкі, Мальскі, Рытаньскі СДК, прадоўжыць развіццё гісторыка-этнаграфічнага музея г.п. Астравец. Патрэбна правесці на высокім арганізацыйным узроўні рэгіянальны фестываль-конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля” і фестываль народнай песні “Песні памежжа”. І самая галоўная задача – вярнуць моладзь у клубныя ўстановы, надаўшы ім сучаснае напаўненне.
У 2011 годзе ўпраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва неабходна прадоўжыць работу па пашырэнню прадастаўлення адраснай сацыяльнай дапамогі тым катэгорыям насельніцтва, якія маюць на яе права, прыцягваць сродкі, у тым ліку грамадскіх арганізацый, спонсарскай падтрымкі юрыдычных і фізічных асоб для вырашэння патрэб пенсіянераў, інвалідаў і іншых сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва, удасканальваць сістэму надомнага абслугоўвання грамадзян на камерцыйнай аснове.
У раёне вялізнае значэнне надаецца фізічнай культуры і спорту. На гэтыя мэты ў мінулым годзе было накіравана 880 мільёнаў рублёў. Завершана рэканструкцыя спартыўнай залы ў Астраўцы, пабудавана міні-футбольнае поле са штучным пакрыццём, завершаны рамонтныя работы ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. У бягучым годзе аддзелу па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама неабходна больш актыўна аказваць турыстычныя паслугі насельніцтву, нарошчваць іх аб’ём і пашыраць спектр. У гэтым годзе неабходна завяршыць рэканструкцыю фізкультурна-аздараўленчага цэнтра ў Астраўцы і газіфікаваць фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Старт”.
Ідэалагічнай вертыкалі раёна ў бягучым годзе неабходна забяспечыць эфектыўнае ідэалагічнае і інфармацыйнае суправаджэнне рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011 – 2015 гады, мерапрыемстваў, прысвечаных 70-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, году прадпрымальнасці, дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, будаўніцтва атамнай электрастанцыі і іншых важных грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных мерапрыемстваў.