Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь!

15:41 / 18.03.2011

15 сакавіка па ўсёй  краіне прайшлі ўрачыстыя сходы і святочныя канцэрты,  прысвечаныя  Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У аўторак у кінаканцэртнай зале “Астравец” сабраліся прадстаўнікі раённай улады і працоўных калектываў.


Адкрыў урачысты сход намеснік старшыні райвыканкама Уладзіслаў Станіслававіч Ластоўскі. У сваім дакладзе ён спыніўся на  асноўных раздзелах Асноўнага закона нашай краіны, расказаў пра правы і абавязкі, якімі надзелены кожны грамадзянін нашай краіны і сітуацыю, якая складваецца ў нашым раёне.
15 сакавіка ва ўсёй краіне праходзіць  агульнарэспубліканская акцыя “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь!”, падчас якой 16-гадовым грамадзянам краіны ўручаецца галоўны дакумент –  пашпарт. З прывітальным словам да маладых грамадзян выступіла першы сакратар раённага камітэта ГА БРСМ Марына Мар’янаўна Кутовіч.
У гэты дзень шэсць маладых людзей – Дзмітрый Бернатовіч і Ілья Міхалевіч з сярэдняй школы №1, Арцём Гаральскі і Юрый Дукевіч з гімназіі №1, Руслан Рудзінскі з Гудагайскай СШ і Віталій Рудзінскі, навучэнец Ашмянскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа атрымалі пашпарты з рук старшага інспектара групы па грамадзянству і міграцыі Наталлі Віктараўны Анімуцкай. Рабят павіншаваў У.С. Ластоўскі і ўручыў ім канстытуцыю РБ, а Марына Кутовіч кожнаму перадала падарунак Прэзідэнта краіны – кнігу “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
У фае была арганізавана выстава “Галоўны закон жыцця краіны ў дзеянні”, падрыхтаваная супрацоўнікамі цэнтральнай раённай бібліятэкі. А ў зале ўсім сабраўшымся дарылі свае песні  і добры настрой узорны дзіцячы хор школы мастацтваў “Ветразь”, вучні класа духавых інструментаў Аляксандр Клімашэўскі і Андрэй Шэміс, пачынаючая зорачка Караліна Шукяловіч і добра вядомыя ў раёне і за яго межамі таленавітыя артысты Вікторыя Гарбачэўская, Аксана Сяўко, Данута Блашкевіч, Таццяна Канчанін, самадзейныя кампазітары Аляксандр Якіменка і Аляксандр Альховік і вакальная група “Авацыя”.


Алена ЯРАШЭВІЧ.