Прыгожыя і дзелавыя за «круглым сталом»

17:47 / 11.03.2011

Сустрэча дзелавых жанчын з кіраўніцтвам раёна, якая адбылася напярэдадні свята 8-га Сакавіка, не абмежавалася віншаваннямі, цёплымі словамі прызнання з боку мужчын, кампліментамі і падарункамі, а перарасла ў адкрытую размову за сімвалічным “круглым сталом”.


Тэма яе была вызначана, зыходзячы з кантынгенту ўдзельнікаў – у год, які кіраўніком дзяржавы аб’яўлены годам прадпрымальнасці, на сустрэчу былі запрошаны жанчыны, якім не трэба тлумачыць значэнне гэтага слова: старшыня раённага спажывецкага таварыства Міраслава Раймундаўна Блашкевіч, начальнік раённага вузла  паштовай сувязі Ірына Эдуардаўна Тальчук, дырэктар вытворчага ўпраўлення “Астравецрайгаз” Марыя Нікадзімаўна Ігнатовіч, начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Тамара Аляксандраўна Кацяк, упраўляючая цэнтрам банкаўскіх паслуг “Беларусбанка” Альдона Станіславаўна Сухадольская, начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Яніна Вікенцьеўна Кірэева, начальнік упраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Часлава Эдуардаўна Кандратовіч, загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Тарэса Іванаўна Палтаран, дырэктар Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання Святлана Віктараўна Лукшэне, загадчыца Кямелішкаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Валянціна Францаўна Пятроўская, старшыня Гудагайскага сельскага Савета Марыя Іванаўна Безляповіч, начальнік фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Тамара Дзмітрыеўна Пахомчык, загадчыца аддзела ЗАГС Людміла Іванаўна Туманава, прыватныя прадпрымальнікі Марыя Іосіфаўна Русецкая і Тамара Мікалаеўна Янчэўская.
Усе яны, а таксама намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, прынялі ўдзел у размове пра сваю справу, жыццёвыя шляхі, якія прывялі да яе, дасягненні і мары, пра тое, наколькі важнае значэнне ў іх паўсядзённай дзейнасці мае прадпрымальнасць. Вядучай “круглага стала” па традыцыі была галоўны рэдактар газеты “Астравецкая праўда” Ніна Аляксееўна Рыбік.


Ніна РЫБІК:
— Сёння за гэтым сімвалічным “круглым сталом” сабраліся вельмі розныя жанчыны, якія прадстаўляюць практычна ўсе сферы дзейнасці, займаюць розныя пасады. І тым не менш да ўсіх нас можна прымяніць адно агульнае азначэнне – дзелавая жанчына. Не ў тым іранічным сэнсе, які часам укладваюць у гэтае слова: “Ух ты, якая дзелавая”, а ў сэнсе – чалавек справы. Хацелася б, каб кожная з вас найперш расказала пра сваю справу і тое месца, якое яна займае ў вашым жыцці…


Альдона СУХАДОЛЬСКАЯ:
— Першапачаткова стаць банкірам я не збіралася, у мяне была зусім іншая мара — я хацела стаць мастаком-мадэльерам. Але колішні ўпраўляючы банкам Анатоль Анатольевіч Майсюк “спакусіў” мяне гэтай прафесіяй – і вось ужо 37 гадоў я ў банкаўскай сістэме. І, па вялікаму рахунку, ніколькі аб гэтым не шкадую.
Мая справа – гэта ўсё маё жыццё. І ўсё маё жыццё – гэта мая справа. Вольнага часу практычна не застаецца. Але я не скарджуся – я люблю сваю работу. За тое, што магу дапамагаць людзям. Калі прыходзіць кліент з нейкай праблемай, і ты можаш дапамагчы яе вырашыць, а потым чалавек пакідае банк задаволены – на душы пануе ціхая радасць: дзеля такіх момантаў варта жыць!
Зроблена за гэты час нямала. Можна ўспомніць 1989 год, калі 27 супрацоўнікаў нашага аддзялення месціліся на 99 квадратных метрах – разам з усім абсталяваннем, тэхнікай і г.д. – нават цяжка ўявіць, па якіх законах фізікі гэта магчыма. Калі параўнаць з сённяшнім банкам, то гэта – неба і зямля. Сёння ў нас працуе 80 чалавек, і гэта калектыў аднадумцаў, стварыць такі – таксама немалая праца.
Але, я думаю, гэта не апошні пабудаваны мною банк. У нашым горадзе чакаюцца вялікія перспектывы, так што, думаю, пабудуем мы яшчэ і атамную электрастанцыю, і новы банк…
А ўжо потым, як стану зусім старэнькай, надзену акуляры – і буду маляваць, вязаць кручком і займацца іншымі хатнімі клопатамі. Словам, стану  жанчынай – пакуль што я найперш кіраўнік.
Ніна РЫБІК:
— На мой непрафесійны погляд, фінансы – гэта найбольш кансерватыўная сфера, дзе ўсё павінна быць дакладна і строга выверана: дэбет, крэдыт, баланс… Скажыце, Альдона Станіславаўна і Яніна Вікенцьеўна, прадпрымальнасць, ініцыятыва, творчасць маюць да вас нейкае дачыненне ці гэта больш прэрагатыва  іншых удзельніц гэтага “круглага стала”?
Альдона СУХАДОЛЬСКАЯ:
—Вядома, ва ўсім, што тычыцца грошай, мы павінны строга кіравацца інструкцыямі і вызначаным парадкам. Бо калі нават рубель патрапіць не таму, каму ён быў прызначаны, будуць вялікія праблемы.
А ва ўсім астатнім, у сферы абслугоўвання кліентаў – тут ініцыятывы можа быць колькі заўгодна. Я не выключаю, што ў недалёкай будучыні наведвальнікам у нашых банку будуць прапаноўваць каву – чаму б і не?
Яніна КІРЭЕВА:
—Мне здаецца, што ў любой сферы заўсёды ёсць месца прадпрымальнасці і ініцыятыве, у тым ліку і ў фінансах. Успомніце 2008 год, калі Астравец рыхтаваўся да юбілею. Зрабіць хацелася многа, а грошай не было. Рызыкнулі, узялі крэдыт на 25 мільярдаў рублёў. Тады здавалася: сума астранамічная, выплачваць яе давядзецца дзесяцігоддзямі. І вось мінула толькі два гады – а крэдыт поўнасцю выплачаны. І  галоўнае — горад-прыгажун стаіць!
Калі ж гаварыць пра сваю справу жыцця, то я ў фінансавай сістэме 28 гадоў. Хоць, як і Альдона Станіславаўна, марыла пра іншае: мне хацелася працаваць у сельскай гаспадарцы. Дзеля гэтага і паступала ў Горацкую акадэмію. Але пасля яе заканчэння высветлілася, што ў сельскай гаспадарцы вакансій для маладога спецыяліста няма, затое у фінансавых органах – колькі заўгодна. Так і атрымалася, што стала я фінансістам – спачатку на Магілёўшчыне, затым вярнулася на родную Астравеччыну. 20 гадоў займалася даходамі – і мне здавалася, што гэта самае цяжкае: сфарміраваць бюджэт, патраціць – гэта ўжо прасцей. Калі ж давялося займацца расходамі, зразумела, што гэта таксама не проста: размеркаваць бюджэт так, каб было і справядліва, і правільна. І таму я ўдзячна ўсім кіраўнікам за разуменне, бо далёка не заўсёды магчыма вырашыць усе праблемы адначасова.
Працаваць у фінансавых органах складана, але цікава: то дэфіцыт, то прафіцыт… Сумаваць няма калі. Але я мару, што некалі наш раён перастане быць датацыйным, як зараз, мы адыдзем ад рэспубліканскай датацыі, якая сёння складае каля 70 працэнтаў бюджэту, і выйдзем на самаакупнасць. А што – некалі і Салігорскі раён быў у такім становішчы, як мы, а сёння гэта – адзін з самых багатых рэгіёнаў краіны.
А ўвогуле я шчаслівая жанчына.Я займаюся сваёй любімай справай. У мяне – тры дачкі і тры ўнукі, усе – хлопчыкі: гэта мае вялікія сябры, і я для іх – сяброўка, не бабуля, а проста Яня. На падыходзе – яшчэ двое ўнукаў, так што я хутка стану мнагадзетнай бабуляй. І  гэта – вялізнае шчасце.
Ніна РЫБІК:
— Бадай што самая дзелавая з усіх прысутных жанчын – Міраслава Раймундаўна Блашкевіч: яна ўзначальвае самы вялікі калектыў, які да таго ж раскіданы па ўсім раёне. І прадпрымальнасць у сферы гандлю мае ці не асноўнае значэнне. Міраслава Раймундаўна, раскажыце вы пра сваю справу жыцця, здзяйсненні і мары.
Міраслава БЛАШКЕВІЧ:
— Я магу пачаць, як і папярэднія суразмоўцы: працаваць у сферы гандлю не марыла. Я заканчвала Міхалішкаўскую школу, у нас быў вельмі моцны клас. Дастаткова сказаць, што з 25 вучняў 8 працуюць на кіруючых пасадах. Вядомыя  ўрачы і кіраўнікі ў сферы медыцыны Роберт Аляксандравіч Часнойць, Віктар Аляксандравіч Багдановіч — мае аднакласнікі. І я таксама марыла пра медыцыну. Але цётка параіла паступаць у Маладзечанскі тэхнікум на бухгалтара… Закончыла, стала працаваць у гандлі. Тагачасны старшыня райспажыўтаварыства Юрый Міхайлавіч Кацнельсон звярнуў на мяне ўвагу, прызначыў спачатку загадчыкам гаспрамгандлю “Амега” – мне вельмі падабалася гэтая работа, затым начальнікам аптовай базы – там таксама было вельмі цікава. Апошнія гады ўзначальваю раённае спажывецкае таварыства.
Праца ў нас цікавая, хоць і цяжкая, асабліва ў апошні час, калі вельмі моцная канкурэнцыя. Але мы стараемся дастойна супрацьстаяць ёй, перш за ўсё таму, што ў нашай сферы працуе 700 чалавек, і за кожным стаіць сям’я… Прапануем плаваючыя скідкі, крэдыты, будуем новыя і рамантуем старыя магазіны – каб людзям было прыгожа і ўтульна, каб кожны мог зайсці і купіць, што трэба.
Увогуле будаваць мне падабаецца больш за ўсё – так радасна, калі колішні занядбаны будынак набывае новае аблічча, калі туды прыемна зайсці… У гэтым годзе адкрыем два новыя магазіны: адзін – у Астраўцы, другі – у Бялькішках, тамтэйшы ўжо не вытрымлівае ніякай крытыкі, а гэтая вёска хутка апынецца ў цэнтры мікрараёна. Вось у гэтым – прадбачыць, што і дзе захоча набыць пакупнік не толькі сёння і заўтра, але і паслязаўтра – і ёсць галоўная прадпрымальнасць у нашай сферы. Таму і даводзім да ладу кафэ “Ветразь” у Варнянах – хутка яно адкрыецца для наведвальнікаў. А затым зоймемся рэканструкцыяй гудагайскай “Лаванды”.
А мару я пра новы сучасны хлебазавод – ён вельмі патрэбен нашаму раёну. І каўбасны цэх – такі, які б адпавядаў усім патрабаванням тэхналогіі.
У асабістым жыцці таксама мару пра будоўлю: перавезла з вёскі бацькоўскі дом, у якім я нарадзілася і вырасла, і хачу яго адбудаваць. І яшчэ вельмі мару пра ўнукаў… Маці я была не самай лепшай, так ужо атрымлівалася, што ўвесь час забірала работа. Старэйшая дачка гадавала малодшую, а затым і сына, а я ўвесь час прападала на працы. Але ўнукам я ўжо аддам усю сябе…
Марыя БЕЗЛЯПОВІЧ:
— А ў мяне гэтая мара ўжо збылася: нядаўна я стала бабуляй.
Я слухаю нашых жанчын – цікава атрымліваецца:  хацела быць мастаком – стала банкірам, марыла пра медыцыну – справай жыцця стаў гандаль… А  мне настаўнікі ў школе прарочылі: быць табе, Марыя, настаўніцай. Але мне яшчэ вельмі падабалася мець справу з грашыма: пералічваць іх, складваць, планаваць, што купіць… І я ўсё не магла вызначыцца, куды ж пайсці вучыцца. Стаю на аўтобусным прыпынку і чакаю аўтобус. Вырашыла: калі першым прыйдзе ваўкавыскі – павязу дакументы ў педвучылішча, калі навагрудскі – у эканамічны  тэхнікум. Першым прыйшоў аўтобус на Ваўкавыск…
Працаваць пасля вучылішча мяне паслалі ў цудоўны азёрны край, у Спондаўскую школу. Дырэктарам яе тады быў цудоўны чалавек Тэафілій Баніфацыевіч Міхалькевіч – я тыдзень вучыла, як правільна выгаворваць яго імя  па бацьку. Але ўвогуле тыя гады ўспамінаю як самыя шчаслівыя. Я  была вельмі рада, што працую настаўніцай пачатковых класаў: маленькія дзеці – гэта ж як кавалачак гліны. Яны прыходзяць у школу, не ўмеючы ні пісаць, ні чытаць, а ты, настаўнік, лепіш з іх чалавека, асобу – і гэта так цудоўна, так захапляюча. І  галоўным сваім дасягненнем я лічу тое, што сёння многія з маіх былых вучняў сталі дастойнымі людзьмі, спецыялістамі, прафесіяналамі. І вучні нашай Лошскай базавай школы, дырэктарам якой я доўгі час з’яўлялася, заўсёды былі на належным узроўні і ў сярэдняй школе, і калі ішлі вучыцца далей.
А потым мяне абралі старшынёй Гудагайскага сельсавета. Гэта зусім іншая работа, але таксама вельмі цікавая, бо ты заўсёды з людзьмі. Часам тэлефануе бабулька, са слязамі просіць прыехаць. Прыязджаеш – аказваецца, праблема толькі ў тым, каб нехта яе выслухаў, пагутарыў, паспачуваў. І мяне парадавала, калі даведалася, што адзінокія старыя ў нашым сельсавеце называюць мяне “наша мамка” – пагадзіцеся, гэта дарагога варта.
А мара ў мяне, як кіраўніка мясцовай улады, адна: каб добраўпарадкаванне нарэшце  дайшло і да Гудагая, бо гэта ж, па сутнасці, вароты раёна – а выглядаюць яны сёння так непрывабна. Я бачу, якім павінен стаць наш Гудагай, я сню яго начамі! Хутчэй бы!
Ніна РЫБІК:
— Сёння за нашым “круглым сталом” прысутнічаюць дзве жанчыны, для якіх выраз “мая справа” мае літаральнае значэнне. Гэта прыватныя прадпрымальнікі Тамара Мікалаеўна Янчэўская і Марыя Іосіфаўна Русецкая…
Тамара ЯНЧЭЎСКАЯ:
— Я, у адрозненне ад іншых, з дзяцінства марыла працаваць у гандлі. І пасля школы без ваганняў пайшла ў кааператыўны інстытут. У 1987 годзе стала  працаваць у сістэме спажывецкай кааперацыі – і ні разу не пашкадавала пра свой выбар. Гэта маё: мне падабаецца працаваць з людзьмі, стаяць за прылаўкам, гутарыць з пакупнікамі.
А ў 2003 годзе я вырашыла стварыць  уласны бізнес. Чаму? Па характару я — у маму: не люблю, калі мной камандуюць. Асабліва калі каманды тыя — адчуваю, ведаю – няправільныя: ну чаму я, ведаючы, як будзе лепш, павінна рабіць  горш  толькі таму, што нехта так загадаў? Вось і вырашыла: хай усё будзе, як самой хочацца – рашэнні – мае, і адказнасць – таксама.
Канешне, часу не хапае ні на што. Я ўмею і люблю вязаць, калупацца ў агародзе, разводзіць кветкі – часам мару, што вось выйду некалі на пенсію – і ў мяне будзе цэлая плантацыя руж і лілій. Хоць увогуле разумею, што на пенсію я, напэўна, не выйду ніколі – не з маім характарам. Адзінае, што чакаем ад прэзідэнта, палёгку: каб дазволіў прыватным прадпрымальнікам мець наёмных работнікаў, хоць бы два чалавекі, для такіх дробных, як мы, гэтага б хапіла, тады б стала крыху вальней.
А мары… Канешне, я мару пра далейшае развіццё свайго бізнесу. Цяпер вось будуем новы магазін. А на будучыню… У Астраўцы вельмі не хапае аптовай фірмы, гэта так нязручна – ездзіць кожны раз у Мінск. Вось і мару калі-небудзь стварыць такую ў нас.
Марыя РУСЕЦКАЯ:
— А ў мяне гэта, можна сказаць, спадчыннае: у гандлі ўсё жыццё працавала мама. Праўда, я спачатку таксама марыла пра іншую прафесію, але не паступіла ў жаданы інстытут, не прайшла па конкурсу, і мусіла пайсці ў кааператыўны, дзе конкурс быў меншы. Што называецца, ад лёсу не ўцячэш. Пасля вучобы вярнулася ў раён, стала працаваць у спажыўкааперацыі. Потым выйшла замуж, нарадзіла дачку… Дома ў дэкрэтным сядзець было сумнавата, вось і аформіла прадпрымальніцтва. Гэта ў нас сямейны бізнес, працуем разам з мужам. Пачыналі з продажу бананаў і іншай драбязы ля старой “Кулінарыі”, многія ў Астраўцы яшчэ помняць тыя першыя драўляныя прылаўкі. Паступова ўцягнулася, цяпер ужо нічога іншага і не хачу — гэта сапраўды мая справа, ва ўсіх сэнсах гэтага слова.
Ніна РЫБІК:
— У гандлі, сферы бізнесу прадпрымальнасць сапраўды з’яўляецца адной з галоўных умоў не толькі поспеху, але і звычайнага існавання. А як гэта тычыцца такой цалкам бюджэтнай сферы як адукацыя? Тут жа колькі залажылі ў бюджэце на развіццё, столькі і атрымаеш – якая ўжо тут прадпрымальнасць?..
Тарэса ПАЛТАРАН:
— Ну не скажыце, Ніна Аляксееўна! Час сёння такі, што, каб ісці з ім у нагу, нельга стаяць на месцы ў чаканні, што і калі табе дадуць з бюджэту – адстанеш беззваротна. Ёсць жа яшчэ пазабюджэтная дзейнасць, платныя адукацыйныя паслугі. І бацькі сёння хочуць, каб іх малыш ужо ў дзетсадаўскім узросце вывучаў англійскую мову, вучыўся танцаваць і ўвогуле ўсебакова развіваўся. А нам трэба думаць, якога спецыяліста запрасіць, каб задаволіць гэтыя пажаданні, дзе знайсці спонсараў, каб зрабіць умовы для дзяцей і супрацоўнікаў больш зручнымі і ўтульнымі. І тут вельмі патрэбны ініцыятыва і прадпрымальнасць, і не толькі кіраўніка – адзін у полі не воін. Я вельмі рада, што пастаянна адчуваю дапамогу і падтрымку свайго калектыву.
Па адукацыі я настаўнік хіміі і біялогіі, і мне вельмі падабалася працаваць у школе. Потым мяне прызначылі дырэктарам СШ №1. Гэта быў 1999 год, стварэнне ўсёй нарматыўна-прававой базы – недасведчанаму гэта, магчыма, ні пра што не гаворыць, але работа была каласальная. Я вельмі ўдзячна таленавітаму калектыву СШ №1, які патрымаў мяне ў той няпросты час.
Пасля давялося, не маючы на тое ніякага жадання, стаць намеснікам начальніка раённага аддзела адукацыі. Хоць ніколі да кіраўніцтва не імкнулася — так атрымалася… Цяпер вось – дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці. Гэты калектыў у мяне не першы, але я вельмі рада, што працую з маленькімі дзеткамі – гэта такая крыніца чыстай, незамутнёнай энергіі, што побач з імі сам маладзееш.
А калі гаварыць пра мары, то мне вельмі хочацца, каб у Астраўцы як мага хутчэй пачалі будаваць новыя дашкольныя ўстановы. Бо сёння чэргі ў нас вельмі вялікія.  А потым, калі наш райцэнтр стане горадам энергетыкаў, у ім, я мару, з’явіцца сапраўдны зімовы сад з басейнам – і я, як настаўнік біялогіі, знайду ў гэтым райскім кутку прымяненне сваім ведам.
А ўвогуле хачу сказаць, што любая жанчына-кіраўнік – гэта і маці, і гаспадыня, і эканаміст у квадраце, бо ёй трэба займацца не толькі сваёй сям’ёй, але і калектывам. І пры гэтым заставацца прыгожай, абаяльнай. Канешне, работа забірае практычна ўвесь час, і дамоў прыходзіш толькі прыгатаваць што-небудзь спехам ды хоць крыху адпачыць…На асабістае жыццё, любімыя заняткі часу практычна не застаецца.
Ніна РЫБІК:
— Мілыя сяброўкі, я вось слухаю нас вушамі мужчын і лаўлю сябе на думцы: якімі ж монстрамі мы выглядаем у іх вачах: работа, работа, работа – і нічога, акрамя работы… Але сярод нас прысутнічае жанчына, якая не толькі кіраўнік – дырэктар школы, але і маці траіх дзяцей. Прычым трэці – зусім малыш, нарадзіўся, калі мама ўжо была дырэктарам. Святлана Віктараўна, як вам удаецца ўсё спалучаць: работу, сям’ю, мацярынства? І што для вас на першым месцы?
Святлана ЛУКШЭНЕ:
— Я рада, што прысутнічаю у суполцы дзелавых жанчын, слухаю іх расповеды – і набіраюся вопыту. Хоць увогуле я лічу, што жанчына павінна спалучаць усё: быць абаяльнай, прывабнай, дзелавой, ініцыятыўнай, прадпрымальнай. Бачыць наперадзе мужа, затым – дзяцей. Прыходзіць на работу – і там імкнуцца да новых гарызонтаў. А калі яны заканчваюцца – зноў аддаваць сябе блізкім.
Мне пашанцавала ў жыцці – у мяне былі добрыя настаўнікі. У прыватнасці, дырэктар Гірскай школы, якую я заканчвала, Мікалай Іванавіч Багачоў, – гэта педагог ад Бога і для мяне — ідэал кіраўніка. У многім дзякуючы яго ўплыву я і абрала прафесію настаўніка. І я лічу, што мне вельмі пашанцавала, бо я працую з дзецьмі. Прыходжу дамоў – і там таксама дзеці. Але гэта не стамляе, не раздражняе – наадварот, дапаўняе і радуе. Таму я лічу сябе шчаслівым чалавекам.
А мара ў мяне вельмі простая і вельмі жаночая: каб дзяцей было як мага  больш!
Ніна РЫБІК:
— Для многіх прысутных жаноцкасць – гэта неад”емная частка іміджу, працуюць яны ў так званай жаночай сферы, і гэта абавязвае. А вось у Марыі Нікадзімаўны Ігнатовіч і Тамары Аляксандраўны Кацяк цалкам мужчынскія прафесіі: адна – газаўшчык, другая – будаўнік. І пры гэтым ім, слабым жанчынам, трэба кіраваць гэтымі складанымі тэхнічнымі галінамі і весці за сабой калектывы. Хацелася б, каб і яны расказалі пра сваю справу жыцця і мары. Ці цяжка кіраваць мужчынскім калектывам?
Марыя ІГНАТОВІЧ:
— Паверце: не цяжэй, чым любым іншым.
Канешне, работа займае важнае месца ў жыцці. І кіраўніком упраўлення я стала не адразу – спачатку працавала майстрам, затым – начальнікам цэха. Калі ў 2002 годзе стварылі вытворчае ўпраўленне “Астравецрайгаз”, мяне прызначылі яго начальнікам. Да таго часу быў ужо назапашаны немалы вопыт, які набываўся пераважна на ўласных памылках – невялікіх, бо значных наша сфера дзейнасці, дзе на першым месцы стаіць бяспека, не дапускае.
У рабоце я абапіраюся найперш на сваіх спецыялістаў – яны падабраліся граматныя, талковыя, адказныя – хоць безадказных, як я ўжо казала, у нас быць не можа ў прынцыпе. З такім тылам можна адчуваць сябе дастаткова ўпэўнена. Таму ў мяне хапае часу і на хатнія справы, і на жаночыя заняткі – да прыкладу, люблю пад настрой – бо без настрою ніколі і нічога не атрымаецца, ні на рабоце, ні дома – пячы пірагі, які любяць мае хатнія.
Мары ў мяне вельмі прыземленыя: хачу, каб у дамах нашых людзей заўсёды было цёпла і светла, і няважна, ад якой крыніцы энергіі будзе паступаць гэтае святло і цяпло. Хачу, каб усё добра склалася ў маіх дзяцей, каб яны падарылі мне ўнукаў. І каб некалі наступіў час, калі можна будзе заняцца тым, чым хочаш, і тады, калі хочаш, а не калі выкраіш на гэта час.
Тамара КАЦЯК:
— Напэўна, цяжка ўявіць, каб маладая дзяўчына хацела стаць будаўніком. Вось і я ў юнацтве марыла зусім пра іншую справу жыцця – мне хацелася быць педагогам. Але так атрымалася, што стала будаўніком. І толькі калі папрацавала ў гэтай сферы, зразумела, якая цудоўная і прыгожая гэта прафесія. Сапраўды, не кожнаму так шчодра можна жыць – сябрам на памяць гарады дарыць. Сёння прыемна запрасіць у горад сяброў, знаёмых, аднакурснікаў і паказаць, што тут пабудавана хай не непасрэдна маімі рукамі – але ж і пры маім непасрэдным удзеле. Гэта вельмі радасна і прыемна, асабліва пасля юбілею горада, калі Астравец літаральна пераўтварыўся, і кожны сёння адчувае гонар за свой горад – у тым ліку і я.
А мары… Святлана Віктараўна марыць, каб было больш дзяцей – а я мару, каб мы будавалі больш кватэр, каб гэтым дзеткам было дзе нараджацца і расці, каб больш узводзілі дзіцячых садкоў і школ і ўвогуле — многа будынкаў, прыгожых і розных, для агульнай карысці. І хутка, пасля пачатку работ па будаўніцтву АЭС, наш горад ператворыцца ў вялікую будаўнічую пляцоўку – і гэта не можа не радаваць.
Ніна РЫБІК:
— А вось у Валянціны Францаўны Пятроўскай, Чаславы Эдуардаўны Кандратовіч, Тамары Дзмітрыеўны Пахомчык, Людмілы Іванаўны Туманавай прафесіі вельмі жаночыя – у гэтых сферах, за выключэннем хіба што медыцыны, мужчын сустрэнеш не часта. Быць дзелавой жанчынай у мужчынскім калектыве – гэта адно, а ў жаночым – зусім іншае…
Валянціна ПЯТРОЎСКАЯ:
— Я ўжо дваццаць гадоў жыву і працую ў Кямелішках, і дзесяць апошніх узначальваю спачатку ўчастковую бальніцу, а цяпер – амбулаторыю ўрача агульнай практыкі. Так, калектыў у нас жаночы: з дваццаці працуючых толькі адзін мужчына – вадзіцель. І хоць існуе расхожая думка, што з жанчынамі працаваць цяжэй, чым з мужчынамі, я гэтых цяжкасцей не адчуваю. Мы ўжо шмат гадоў разам, разумеем адна адну, і ў нас няма адносін “начальнік-падначалены” — мы ўсе калегі, разам робім агульную справу. Мае сястрычкі добра ва ўсім разбіраюцца, вельмі адказныя, і я магу ім даверыцца, як сабе.
А ўвогуле мне падабаецца мая справа. Я свядома ішла ў медыцыну, хоць ніхто з радні ў гэтай сферы не працаваў. Па адукацыі я педыятр, і з гэтай прафесіі пачынала сваю працоўную дзейнасць, але цяпер давялося перакваліфікавацца ва ўрача агульнай практыкі, як гавораць на захадзе — сямейнага ўрача – гэта нашмат больш адказна, але і вельмі цікава. У нас рабочы дзень ненарміраваны: могуць паклікаць да хворага і ноччу, і ў выхадны, і невядома, якая там праблема ўзнікла.  Мяне гэта не раздражняе: такая работа, я яе выбірала свядома, і яна мне падабаецца. Сёння дзеці, якіх я некалі наглядала ці лячыла, становяцца бацькамі, прыносяць да мяне сваіх дзетак – і гэта так радасна.
І тое, што я, гараджанка, жыву ў вёсцы, таксама радуе: тут зусім іншы рытм жыцця. Мару закончыць курсы ландшафтнага дызайну, каб больш займацца абуладкаваннем сядзібы. А ў прафесійным плане – каб нашы людзі больш клапаціліся пра сваё здароўе, ішлі да ўрача не тады, калі моцна “прыцісне”, бо даўно вядома, што любую хваробу можна вылечыць лягчэй і з меншымі матэрыяльнымі затратамі, калі пачаць гэта рабіць на ранняй стадыі.
Часлава КАНДРАТОВІЧ:
— Я ўвогуле не лічу сябе дзелавой жанчынай. Вось ужо амаль 30 гадоў з лёгкай рукі тагачаснага першага сакратара райкама партыі Лідзіі Аркадзьеўны Белабокай я працую ў сацыяльнай абароне — і заўсёды ставілася да свайго калектыву як да калег, а не як да падначаленых. Я імкнуся ісці да людзей з адкрытай душой – з тым, каб і яны адкрылі мне сваю душу, каб ведаць, які ў чалавека настрой, што яго турбуе ці непакоіць. Бо мы працуем з людзьмі, і наш настрой не павінен уплываць на ўзаемаадносіны з кліентамі.
У жыцці жанчыны вельмі многае залежыць ад мужчын, якія знаходзяцца побач. Калі дома яна не бачыць разумення і падтрымкі, то і на рабоце ёй вельмі цяжка. Мне ў гэтым сэнсе пашанцавала: мой муж заўсёды мяне падтрымлівае, можа параіць ці дапамагчы, суцешыць, супакоіць, калі здарыцца нешта непрыемнае – і за гэта я яму вельмі ўдзячна. Гэтак жа, як і мужчынам, пад кіраўніцтвам якіх даводзіцца працаваць: каб не іх мудрая палітыка, нямногага б нам удалося дабіцца. Да прыкладу, рамонт нашага будынка, пра які ўсе марылі, бо хацелася, каб былі нармальныя ўмовы для працы, — гэта ж не толькі і не столькі наша заслуга…
А мары ў мяне напэўна, такія, як і ва ўсіх: каб нашы гаспадаркі, прадпрыемствы ўмацавалі сваё фінансавае становішча – тады ў пенсійны фонд стане паступаць больш грошай і нашы пенсіянеры будуць жыць лепш. А яшчэ нашаму раёну вельмі  патрэбен інтэрнат для адзінокіх старых. Канешне, было б лепш, калі б у ім не было патрэбы, каб пажылыя людзі дажывалі свой век сярод родных, блізкіх, сяброў, але рэаліі жыцця пакуль такія, што неабходнасць у гэтай сацыяльнай установе існуе, і вельмі вялікая.
Тамара ПАХОМЧЫК:
— Дваццаць гадоў назад ствараўся пенсійны фонд, тады яшчэ СССР – і тагачасны старшыня райвыканкама Мечыслаў Браніслававіч Кудырка прапанаваў мне яго ўзначаліць. За гэты час неаднойчы мянялася назва нашай арганізацыі, штат павялічыўся з аднаго ўпаўнаважанага да чатырох чалавек, але сутнасць справы не змянілася. Работа ў нас непрыкметная, аднак вельмі важная і патрэбная: ад яе залежыць фінансаванне пенсійных выплат, усіх дапамог. Мне гэтая работа падабаецца.
А ўвогуле праз усё жыццё я пранесла ўрокі свайго бацькі Дзмітрыя Харытонавіча Смаляка, які быў для мяне галоўным настаўнікам. Ён заўсёды вучыў нас, дачок, як трэба адносіцца да людзей, да сваёй справы, гаварыў: “Рабіце дабро людзям – і яно да вас абавязкова вернецца”, – па гэтаму прынцыпу стараюся і жыць.
Магу сказаць, што я – шчаслівы чалавек: люблю сваю работу, сваю сям’ю – у нас ужо складваецца дынастыя медыкаў: па слядах бацькі пайшлі абедзве дачкі, і мужоў сабе выбралі такіх жа. Люблю свой горад – тут я нарадзілася, вырасла і пражыла ўсё жыццё, і цяпер радуюся, як ён з кожным днём прыгажэе. Хочацца, каб усе людзі – мае землякі — былі радасныя і шчаслівыя.
Людміла ТУМАНАВА:
— Вы пыталі, якое месца ў жыцці займае справа. Для мяне яна – усё маё жыццё. 27 гадоў я працую ў ЗАГСе і нічога іншага, па вялікаму рахунку, рабіць не ўмею. Закончыла інстытут культуры і юрыдычны факультэт – і адна, і другая адукацыя вельмі дапамагаюць. Неяк  падлічыла: за час сваёй работы я зарэгістравала больш чым 2,5 тысячы пар. Сёння часам сустракаеш маладых людзей на вуліцы – ты іх, можа, і не помніш, а яны – вітаюцца, малышоў сваіх паказваюць – прыемна.
ЗАГС  увогуле тое месца, праз якое праходзіць за сваё жыццё  кожны чалавек, і неаднойчы. Пагэтаму і выгляд яно павінна мець адпаведны. Я колькі працую тут, столькі мару, каб у нас быў дастойны будынак, а яшчэ лепш – палац. Але гэта пакуль больш далёкая мара, а бліжэйшую перспектыву хацелася б хоць бы адрамантаваць тое, што ёсць, бо выгляд у нашых памяшканняў, мякка кажучы, вельмі непрыглядны. А маладыя ж людзі прыходзяць сюды ў самыя радасныя і ўрачыстыя моманты жыцця, і хацелася б, каб і настрой у іх быў адпаведны.
Ніна РЫБІК:
— У Ірыны Эдуардаўны Тальчук, напэўна, не варта пытацца, якое месца займае справа ў яе жыцці: Астравецкі вузел паштовай сувязі даўно і трывала займае лідзіруючыя пазіцыі не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. І гэта сведчыць аб тым, што кіраўнік не проста ведае і любіць сваю работу, але і ўвесь час шукае новыя формы яе арганізацыі…
Ірына ТАЛЬЧУК:

— Усё гэта – вымушаная мера. Ва ўсім свеце пошта датуецца з бюджэту, мы ж былі вымушаны  пераходзіць на самаакупнасць і працаваць без страт. А асаблівасць Астравецкага раёна вядомая: хутарная сістэма, раскіданасць населеных пунктаў. У кожны, нават самы малы, хоць раз у месяц павінен быў прыйсці паштальён, – а мы – заплаціць яму за гэта грошы. Таму і вымушаны былі прыдумаць матарызаваную дастаўку – дзеля змяншэння затрат. Ну і іншыя нетрадыцыйныя віды дзейнасці развіваць – па-першае, каб ісці ў нагу з часам, які так імкліва імчыцца. А па-другое, каб зарабляць грошы.
Увогуле ў любой справе і ў жыцці кожнага чалавека ёсць месца ініцыятыве і прадпрымальнасці – трэба толькі творча падыходзіць да той справы, якая стала галоўнай у тваім жыцці. Мне здаецца, што кожны чалавек перш за ўсё не павінен быць утрыманцам у грамадства, думаць, які след ён пакіне пасля сябе. Некалі мне вельмі хацелася зрабіць рэканструкцыю нашага будынка – пачалі займацца гэтым яшчэ да юбілею горада. Здавалася: вось адрамантуем пошту, створым дастойныя ўмовы для працы нашым работнікам і для абслугоўвання кліентаў – і застанецца ў людзей добрая памяць. А цяпер такія перспектывы ў горада з’явіліся, што, думаю, мы яшчэ не адзін будынак узвядзем і не адно паштовае аддзяленне адкрыем – усё яшчэ наперадзе.
А калі пастарэем, то – ёсць у мяне такая мара — мы з маімі сяброўкамі і калегамі, з якімі ўвесь гэты час працавалі побач – Чаславай Эдуардаўнай, Тамарай Дзмітрыеўнай – адкрыем турыстычнае агенцтва для пенсіянераў, каб і нашы пажылыя людзі маглі падарожнічаць па свеце, як іх заходнія аднагодкі. А калі не па свеце, то хоць бы па сваёй краіне… Ініцыятывы і прадпрымальнасці ў нас, я думаю, яшчэ надоўга хопіць.
Віктар СВІЛА:
— Я слухаў кожную з жанчын, калі яны расказвалі пра сваю справу, пра мары і задумы,  і лавіў сябе на думцы, што на справах кожнай з вас можна прывесці прыклады ініцыятывы і прадпрымальнасці. Яніна Вікенцьеўна ўзгадвала, як у 2008 годзе мы ішлі на рызыку, калі бралі крэдыт, каб падрыхтаваць горад да юбілею, – а сёння пазыка ўжо выплачана, і горад пераўтварыўся. У Рымдзюнскай школе з літоўскай мовай навучання з’явілася першая ў раёне інтэрактыўная дошка – і гэта таксама вынік ініцыятывы і прадпрымальнасці яе дырэктара. Ірына Эдуардаўна першая ў рэспубліцы ўкараніла матарызаваную дастаўку пенсій і паштовай карэспандэнцыі. Ад прадпрымальнасці Тамары Аляксандраўны  залежыць многае, таму што часта мы хочам  зрабіць нешта  добрае і карыснае, а ў адказ чуем “нельга” – і задача тут не развесці бездапаможна рукамі, а шукаць магчымасць, каб “не” стала “так”.
Я ўважліва занатоўваў, пра што мараць нашы жанчыны, і хачу сказаць, што мары гэтыя не такія ўжо і завоблачныя, яны цалкам   ажыццявімыя – зноў-такі,  пры ўмове, што кожны на сваім месцы будзе праяўляць усё тую ж ініцыятыву і прадпрымальнасць і ажыццяўляць на справе дэвіз, які быў заяўлены кіраўніком дзяржавы падчас перадвыбарнай кампаніі, –  “Ад захавання – да прымнажэння”. І з’явяцца ў нас з цягам часу і яшчэ адзін банк, і зімовы сад, і новы ЗАГС, і пасёлак Гудагай стане адпавядаць свайму статусу варот раёна. Ва ўсіх нас ёсць цудоўны прыклад – тое, як працуе старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька. Ён мог бы таксама сядзець і чакаць, калі ў раён прыйдзе будоўля стагоддзя і прынясе з сабой абяцаныя прэферэнцыі – але кіраўнік раёна знаходзіцца ў бясконцым пошуку: інвестыцый, спонсараў, цікавых праектаў. І так павінны працаваць усе. У тым ліку і нашы мілыя прыгожыя жанчыны, якія пры ўсім гэтым – яшчэ і кіраўнікі, а значыць, па сутнасці сваёй – працавітыя, прадпрымальныя і дзелавыя.