Тыдзень postfactum: тэхналогія цынізму

10:40 / 09.02.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Цынічнасьць, шантаж, крывадушнасць – усе гэтыя эпітэты як нельга лепш характарызуюць апошнія рашэнні Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі.
На мінулым тыдні Захад здзейсніў тое, чым на працягу апошняга часу пагражаў Беларусі.
31 студзеня нарада кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін Еўрасаюза аднавіла візавыя санкцыі ў адносінах да шэрагу беларускіх чыноўнікаў, кіраўнікоў сілавых ведамстваў, суддзяў, старшынь выбарчых камісій і нават журналістаў, якія, на думку еўрапейскіх міністраў, нясуць адказнасць за фальсіфікацыю вынікаў выбараў прэзідэнта і разгон “мірнай” дэманстрацыі апазіцыі.
Хтосьці дадзенае рашэнне назваў надзвычай жорсткім, хтосьці са шкадаваннем заўважыў, што ў чарговы раз “гара нарадзіла мыш”.
Апошняе параўнанне даволі слушнае. Ідэя не “пушчаць” “няправільных” беларусаў у Еўропу зусім не новая. Упершыню яе агучылі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Тады ж з’явіўся і сумнавядомы спіс “неўязных”. Тое, што 5 гадоў таму візавыя санкцыі не прынеслі ніякіх вынікаў, еўрачыноўнікаў ніколькі не засмуціла.
Перш чым “выдаць на гара”, спіс злёгку перапрацавалі і дапоўнілі новымі імёнамі. Ясная справа, зрабілі гэта з дапамогай нашых “незалежных”, “дэмакратычных”,”свабодных”. Тыя асабліва не шчыравалі. У выніку міністры “падмахнулі” пералік, у якім невядома што – неіснуючыя пасады, імёны і нават “мёртвыя душы”.
Што і казаць – не вельмі старанныя ў заходніх настаўнікаў вучні. У трох соснах заблыталіся. І гэта тыя, хто прэтэндаваў – і прэтэндуе – на перамогу ў выбарах.
Звычайна неахайнаму студэнту разумны бацька змяншае “бюджэт”, каб больш пра навуку думаў. На Захадзе ж вырашылі, што грошай, наадварот, мала. Таму на перспектыву паабяцалі павялічыць фінансаванне беларускай апазіцыі ажно ў 4 разы!
25 мільёнаў еўра, якія з барскага пляча кінулі нашым “дэмакратам” – лічба сур’ёзная. Калі не праесці і не раскрасці, сёе-тое і самай “незалежнай” прэсе дастанецца. Той, што на кожным скрыжаванні казырае сваёй непадкупнасцю і аб’ектыўнасцю.
Зрэшты, лічыць грошы ў чужой кішэні – дрэнны тон. Ды і што нам за справа да замежных “крэдытаў” на развіццё нашай дэмакратыі? Няхай гэта праблема хвалюе еўрапейскіх падаткаплацельшчыкаў. Больш цікавым бачыцца іншае…
Прэзумпцыя невінаватасці – асноватворны прынцып дэмакратыі і правоў чалавека. Згодна з ім ніхто не абавязаны даказваць сваю невінаватасць. Віна чалавека павінна быць даказана ў судзе, а да гэтага часу ён лічыцца невітаватым.
Чаму ж тады, без аніякіх слушных доказаў, Еўрасаюз прызнаў вінаватымі ў фальсіфікацыі вынікаў выбараў ажно 157 чалавек? Дзе дакументы, якія пацвярджаюць фальсіфікацыю, факты, сведчанні відавочцаў, назіральнікаў? На самой жа справе, акрамя “маўчання” членаў выбарчых камісій падчас падліку галасоў, з якога некаторыя назіральнікі, пераважна ад АБСЕ, зрабілі вывад аб “непразрыстасці” выбараў, ніякіх заўваг, па сутнасці, так і не прагучала. Што ж ім, членам камісій – спяваць трэба было? Ды і калі яны сапраўды моўчкі лічылі бюлетэні, гэта ж зусім нічога не азначае і ні аб чым не сведчыць. І канешне,  не можа – ні па якіх законах – сведчыць аб фальсіфікацыі і ставіць пад сумненне канчатковыя вынікі. Якія, дарэчы, былі пацверджаны і апытаннем выбаршчыкаў пасля галасавання.
Пакуль чыноўнікі Еўрасаюза вагаліся і спрачаліся аб тым, як бы больш балюча  “ўкусіць” Беларусь, але пры тым пакінуць за сабой – не столькі за сабой, колькі за нашай апазіцыяй – рэшткі сімпатыі электарату, Злучаныя Штаты, для якіх традыцыйна значэнне маюць толькі грошы, з самага пачатку прымянілі санкцыі эканамічныя. У заакеанскую апалу трапілі пакуль што тры беларускія прадпрыемствы: “Белнафтахім”, Полацкае “Шкловалакно” і Лідская “Лакафарба”. Апошняя, праўда, са Штатамі ніякіх стасункаў не мае. У экспарце “Шкловалакна” амерыканскі рынак займае менш чым пяць  працэнтаў. Затое названыя прадпрыемствы добра папаўняюць беларускі бюджэт. У гэтым і трэба шукаць першапрычыну гэткай пільнай увагі да іх амерыканскіх палітыкаў. Па задумцы, санкцыі павінны падарваць эканамічную стабільнасць Беларусі і, тым самым, выклікаць масавую незадаволенасць людзей. У канчатковым выніку павінен паўтарыцца сцэнарый падзей, напрыклад,  у Егіпце.
Зразумела, адкрыта аб гэтым не гаворыцца. Затое цынічна заяўляецца, што эканамічныя санкцыі ледзь не для нашай жа з вамі карысці. Таму што названыя прадпрыемствы, цытую: “абагачаюць Лукашэнку і яго прыяцеляў за кошт беларускага народа”. Як вам гэты пасаж? Шэдэўр палітычнага глупства і крывадушнасці!
Некаторым дысанансам у агульнай трансеўрапейскай істэрыі з нагоды “беларускага пытання”, прагучалі словы Прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайце на 47-й канферэнцыі па бяспецы ў Мюнхене. У цэлым падтрымаўшы пазіцыю Еўрасаюза – а як жа інакш? – Прэзідэнт, аднак, заўважыла, што аб’яднаная Еўропа не можа “дыктаваць кожнаму народу канкрэтна, якую сістэму альбо якога кіраўніка  ён павінен выбраць. Гэта тычыцца і Егіпта, і Беларусі”. Прыкладна тую ж думку Польскаму радыё выказаў і Прэзідэнт Польшы Браніслаў Камароўскі: “нічога за беларусаў зрабіць нельга”.
І мы пра тое ж, шаноўныя нашы “добразычліўцы”…