Cіроты атрымалі сацыяльнае жыллё

14:31 / 28.01.2011

У мінулую сераду старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў чатыром сіротам ключы ад новых двухпакаёвых кватэр, пабудаваных у складзе жыллёва-будаўнічага кааператыва ў якасці сацыяльнага жылля. Кватэры пабудаваны за кошт абласнога бюджэту, кошт кожнай – 114,5 мільёна рублёў.


Гэтым чатыром дзяўчатам (цяпер ужо – маладым жанчынам) гора-бяду давялося сёрбаць поўнай лыжкай, з дзяцінства. Рана яны зведалі сэнс слова “сірата”, усвядомілі, што мамы і таты, якія б усё зразумелі і ва ўсім дапамаглі, у іх няма і не будзе…
Сёстрам Насці Яблонскай і Марыне Зянкевіч (гэта іх сённяшнія прозвішчы, цяпер у кожнай з іх ужо ёсць свая сям’я) пашанцавала больш: пасля смерці бацькі, а затым і маці іх забрала сям’я брата, у якой яны раслі і выхоўваліся. А асірацеўшай у 13 гадоў Таццяне Талуць і Насці Мятліцкай, бацькоў якой пазбавілі права называцца гэтым словам, бо гарэлка ім была даражэй за ўласных дзяцей, давялося па поўніцы зведаць, што такое казённы дом, дзе ўсё агульнае – і пакой, і сталоўка, і цацкі, і клопат выхавальніцы: выхоўваліся яны ў інтэрнатах.
Бацькі, родны дом патрэбны чалавеку заўсёды, колькі б гадоў яму ні было. Вельмі цяжка жыць без падтрымкі – маральнай і матэрыяльнай: станавіцца на ногі, дасягаць дабрабыту, цяжка не нарабіць памылак… Гэтым маладым жанчынам давялося асвойваць навуку жыцця самастойна. І толькі дзяржава была іх падтрымкай і апорай. Яна ж зрабіла ім неацэнны падарунак, з якім звычайна маладым сем’ям дапамагаюць бацькі: уласнае жыллё.


На мінулым тыдні адбылася бадай што самая радасная падзея ў жыцці гэтых чатырох маладых жанчын: яны займелі сваё жыллё, уласныя кватэры, якія можна абуладкоўваць па ўласным жаданні, па свайму густу, дзе ўсё будзе толькі тваё, а не агульнае. Гэта тым больш радасна, што ва ўсіх іх ёсць ужо свае сем’і: прадавец Насця Яблонская выхоўвае з мужам дваіх дзяцей. Дачушка рабочай фабрыкі “Альхоўка” Таццяны Талуць — трохгадовая Вікторыя — прысутнічала разам з мамай на ўрачыстай падзеі і, пакуль іх віншавалі, па ўяўным мабільніку, у які на той момант ператварыўся рэдакцыйны дыктафон, расказвала на той ёй зразумелай мове радасную навіну сяброўкам. Чакае дзіця і Насця Мятліцкая, якая працуе тынкоўшчыкам у МПМК-158 і прымала ўдзел у будаўніцтве ў тым ліку і сваёй будучай кватэры. Ёсць сям’я і ў сацыяльнага педагога гімназіі №1 Марыны Зянкевіч – цяпер, калі яны атрымалі жыллё, можна падумаць і пра дзяцей.
Старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька, уручаючы ключы ад новых кватэр, павіншаваў маладых жанчын і сказаў, што гэта першыя чатыры кватэры для дзяцей-сірот, пабудаваныя ў Астраўцы. Увогуле ж права на сацыяльнае жыллё маюць 29 сямей у нашым раёне. У наступным кааператыве для іх патрэб плануецца пабудаваць яшчэ дзесяць кватэр — і ў бліжэйшыя два гады ўсе, хто мае права на сацыяльнае жыллё, будуць  ім забяспечаны.
Старшыня  раённай грамадскай арганізацыі “Белая Русь” Валянціна Іванаўна Дземеш да слоў віншавання дадала пажаданне, каб гэтая радасная падзея ў жыцці маладых жанчын, якім з дзяцінства давялося зведаць шмат гора, стала адлікам многіх іншых, не менш прыемных.
Што ж, хай так і будзе: ліміт няшчасцяў за сваё кароткае жыццё яны вычарпалі – хай цяпер пачынаюцца радасці! І гэтыя ключы ад новых кватэр стануць сімвалічнымі ключамі ад шчасця.


Ніна РЫБІК.