Тыдзень postfactum: гульня без правіл

16:58 / 10.01.2011
Мінулы тыдзень вачамі журналіста Эдуарда Свірыда

Мінула тры тыдні з дня выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а падзея гэта, дакладней, яе наступствы, працягваюць адкрываць стужку навін электронных і друкаваных сродкаў масавай інфармацыі.
Еўрасаюз прадказальна “разрадзіўся” гнеўнымі выпадамі і пагрозамі санкцый у адносінах да Беларусі. Якіх менавіта – не ўдакладняецца. Пакуль гаворка ідзе толькі аб нейкім спісе службовых асоб, якім будзе забаронены ўезд у краіны Еўрасаюза.
Па вялікім рахунку – нічога новага. Што называецца – праходзілі, памятаем. Памятаем і тое, што ні аднаго разу, ні ў адной кропцы свету падобныя меры жаданага выніку не прынеслі. Аднак, гаворка не аб гэтым. Што ж так раззлавала Еўропу? Цытата: “неадэкватнае выкарыстанне сілы пры разгоне мірнай дэманстрацыі”. Наколькі яна была мірнай – бачылі на свае вочы. Падобнага ў суверэннай гісторыі Беларусі яшчэ не было. Рознае было. У тым ліку і акцыі пратэсту, і стотысячныя мітынгі на плошчы Незалежнасці пасля павышэння цэн у пачатку дзевяностых, і “Чарнобыльскія шляхі”. Але да штурму ўрадавых будынкаў, біцця акон, ламання дзвярэй не даходзіла.
Проціпраўныя дзеянні, беспарадкі заўсёды спыняюцца праваахоўнымі органамі. Прычым, што ў Беларусі, што ў краінах Еўрасаюза. Так было,  ёсць і будзе. Аднак, не заўсёды за імі ідуць такія катэгарычныя ацэнкі і абвінавачванні, якія мелі месца ў дачыненні да Беларусі пасля 19 снежня. Чаму? У чым праявілася тая неадэкватнасць альбо непрапарцыянальнасць прымянення сілы з боку ўлады?
Былі ахвяры? Прымяняліся спецыяльныя сродкі кшталту слёзатачывага газу? Гумавыя кулі? Конная міліцыя? Бронетэхніка? Вадамёты?
Скажаце, што я знарок утрырую, згушчаю фарбы, “перадзёргіваю”? Ніколькі! Вось толькі некалькі прыкладаў з найноўшай сусветнай гісторыі.
2005 год. Егіпет. 10 тысяч чалавек аспрэчваюць вынікі прэзідэнтскіх выбараў. У выніку разгону дэманстрацыі 14 чалавек загінулі. ЗША прызналі выбары ў той жа дзень.
2006 год. Венгрыя. Апазіцыя патрабуе адстаўкі прэм’ер-міністра і захоплівае тэлецэнтр. Жорсткі разгон паліцыяй. 150 параненых. Рэакцыя ЕС: гэта ўнутраная справа Венгрыі.
2008 год. Арменія. Для разгону дэманстрацыі апазіцыі, якая была не згодна з вынікамі выбараў прэзідэнта, выкарыстоўваюцца слёзатачывы газ, гумавыя кулі, дубінкі. 9 загінуўшых, 150 параненых. АБСЕ, ПАСЕ, Еўрапарламент выбары прызналі адразу.
2010 год. Ірак. У дзень выбараў загінулі 40 чалавек. ЗША называюць выбары сапраўдным поспехам.
2010 год. Гаіці. Выбары завяршаюцца масавымі беспарадкамі. Мноства загінуўшых і параненых. ЗША і ААН выбары прызналі ў той жа дзень.
Гэты спіс можна было працягнуць. А ў якасці прыкладу прывесці і нашых нядаўніх суседзяў па СССР: Азербайджан, Малдову, Узбекістан…
Чым жа так шакіравала Еўропу Беларусь? Па сутнасці, адпаведныя паводзіны міліцыі, гэта найменшае, што маглі ахоўнікі парадку проціпаставіць раз’юшанаму натоўпу.
А можа ўся справа ў тым, што, як казалі старажытныя рымляне, “што дазволена Юпітэру, не дазволена быку?”. Таму, “цывілізаваная” Еўропа мае права прымяняць сілу супраць парушальнікаў парадку – студэнтаў, цыган, а Беларусь – не.
У інтэрнэце, ды і не толькі ў ім, не сціхаюць  спрэчкі аб правакатарах, якія, нібыта і з’яўляюцца сапраўднымі віноўнікамі беспарадкаў.
У любой заблытанай справе шукайце тых, каму гэта выгадна, – вучылі ўсё тыя ж старажытныя рымляне.  Каму быў выгадны той пагром, што адбыўся адразу пасля галасавання? Думаю, не варта тлумачыць, што дзеючай уладзе гэта было не патрэбна ні пры якім раскладзе!
Кажуць, што ініцыятарамі беспарадкаў сталі выпадковыя людзі. Разявяк, якім абы толькі пакрычаць, цалкам выключаць нельга. Гэтыя заўсёды злятаюцца на любое зборышча як мухі…
Аднак і за іх  арганізатары павінны несці адказнасць. А яшчэ – разумець, што натоўп не салдаты, а палітычныя лідары на трыбуне – не камандзіры. Кіраваць натоўпам, як арміяй —  немагчыма.
Зрэшты, маючы на ўвазе перадгісторыю падзей вечара 19 снежня, а менавіта заклікі кандыдатаў у прэзідэнты прыйсці на плошчу — прычым на адну з чатырох, дзе любыя масавыя мерапрыемствы – што ў падтрымку дзеючай улады, што супраць яе, забаронены — асобы правакатараў вялікай таямніцы не ўяўляюць. Сам факт падобных заклікаў з’яўляецца правакацыяй.
Гэтыя ж людзі, не задаволіўшыся банальным стаяннем на Кастрычніцкай плошчы, павялі людзей да Дому ўрада.
Яны ж, падкінулі ідэю прарывацца ў цэнтрвыбаркам для перамоў.
Што было далей – вядома.
Так што не трэба шукаць чорную кошку ў цёмным пакоі. Асабліва, калі яна там ёсць.
І ўсё ж шкада.
Шкада, што намаганні многіх людзей, скіраваныя на нармалізацыю адносін з еўрапейскімі дзяржавамі і структурамі, сталі ахвярай асабістых амбіцый некалькіх чалавек.
Шкада, што аб жыцці ў Беларусі мяркуюць па тэлевізійнай карцінцы, а не па рэальным становішчы.
Шкада, што дэмакратыя пачынае набываць нейкія пачварныя формы, калі не сказаць болей.
Трэба ўмець прайграваць і, пераступіўшы цераз уласнае “Я”, віншаваць і ціснуць пераможцу руку. А далей – рыхтавацца да новых выбараў.
На постсавецкай прасторы замест гэтага арганізуюцца плошчы і майданы. Гучаць заклікі да непрызнання вынікаў, непадпарадкавання ўладзе, штурмуюцца ўрадавыя будынкі…
З адной толькі мэтай – дабіцца выгаднага для сябе выніку галасавання.
Але ж гэта гульня без правіл, тупік, замкненае кола…