Аддзел ідэалогіі атрымаў адказы на пытанні ад жыхароў раёна

17:09 / 29.12.2010

“Беларусь – сацыяльная дзяржава: асноўныя вынікі развіцця ў 2006 – 2010 гг.”, – тэма дня інфармавання, які быў праведзены ідэалагічным актывам раёна на мінулым тыдні.


Паслядоўнае павышэнне ўзроўню і якасці жыцця грамадзян Беларусі з’яўляецца найбольш важным накірункам дзейнасці дзяржавы. У краіне забяспечваецца высокі ўзровень занятасці і дынамічны рост даходаў насельніцтва, агульнадаступных сацыяльных паслуг. Атрымалі сваё далейшае развіцце адукацыя, ахова здароўя, спорт, вялося будаўніцтва аграгарадкоў, жылля. Усе больш звыклымі  з’явамі для беларускіх сямей сталі наяўнасць уласнага добраўпарадкаванага жылля, аўтамабіляў, сучаснай камп’ютарнай і электрабытавой тэхнікі. Па  індэксу развіцця чалавечага патэнцыялу наша краіна заняла 68-е месца сярод 182 дзяржаў свету.
На адзіным дні  інфармавання выступілі перад насельніцтвам раёна Т.Г. Голубева, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;  В.К. Песціс, рэктар УА «Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт», намеснік старшыні Пастаяннай камісіі  па міжнародных справах і  нацыянальнай бяспецы  Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь; М.Э. Сарасек, старшыня  камітэта эканомікі Гродзенскага  аблвыканкама. Актыўна сустракаліся з працоўнымі калектывамі, насельніцтвам па месцы жыхарства старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька, старшыня раённага Савета дэпутатаў В.В. Барташэвіч, намеснікі старшыні райвыканкама В.З. Свіла, В.М. Аксютчык, В.С. Ластоўскі. У сваіх працоўных калектывах па тэме дня інфармавання выступілі намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце.
***
Аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама атрымаў адказы на пытанні, якія паступілі ад жыхароў раёна падчас правядзення дзён інфармавання.
Як паведаміў дырэктар  Астравецкага РУП ЖКГ А.Б. Стурліс, знос і рамонт дома №29 па вуліцы Ленінскай г.п. Астравец у наступныя тры гады не плануецца. У 2008 годзе адрамантаваны фасады, дахі, пад’езды ў  жылых  дамах  №№8 і 10  па вуліцы Ленінскай. Каля дома №69 па вуліцы Валадарскага ўстаноўка дзіцячай пляцоўкі не плануецца, бо такія зроблены непадалёку каля дамоў №67 і 68. Жыхары дома №5 па вуліцы Зялёнай плацяць толькі за аказаныя камунальныя паслугі (ацяпленне, каналізацыю і водазабеспячэнне), дом на балансе і абслугоўванні РУП ЖКГ не знаходзіцца. У другім пад’ездзе дома  №44 па вуліцы Валадарскага ацяпленне будзе зроблена пасля заканчэння ацяпляльнага сезона, бо там адсутнічае радыятар ацяплення. Падсыпку дваровай тэрыторыі дома №17 па вуліцы Ленінскай плануецца выканаць у другім квартале 2011 года.
Як паведаміў начальнік МПМК-158 А.М. Лях, для рамонта інтэрната па вуліцы Школьнай г.п. Астравец заказаны і аплачаны ўцепленыя металічныя дзверы з дамафонам, таксама дадаткова будуць устаноўлены тамбурныя дзверы. У маі 2011 года плануецца правесці рамонт лесвічных пляцовак.
Старшыня Астравецкага сельскага Савета В.І. Ярмак даў адказ жыхарам вёскі Філіпаны, якіх цікавіла пытанне аб рамонце дарогі ў вёсцы і асвятленні: рамонт дарогі ў бліжэйшым часе не плануецца, а асвятленне вуліцы забяспечана ў поўным аб’ёме.


Наступны дзень інфармавання плануецца на 20 студзеня 2011 года і будзе прысвечаны тэме “Першы год новай пяцігодкі: асноўныя арыенціры сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2011 годзе”. Свае пытанні і прапановы можна даслаць у аддзел ідэалагічнай работы, альбо перадаць па тэлефонах: 2-15-79, 2-07-59.


Аляксандр КЛІМЧЭНЯ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама.